На хворую на рак пенсіянерку, асуджаную да «хіміі», распачалі новую крымінальную справу — за каментар «свиная рожа»
65-гадовая жыхарка Рэчыцы Людміла Хлусевіч у верасні атрымала год і шэсць месяцаў «хатняй хіміі» за каментар «тварь» пад здымкам міліцыянта ў «Адналасніках», паведамляе «Радыё Свабода».
Цяпер яна абскарджвае прысуд у абласным судзе. Пенсіянерка сёння даведалася, што на яе распачалі новую крымінальную справу.
«Зноў — за абразу міліцыянта ў ссуполцы ў „Аднакласніках“. Знайшлі, што ў студзені мінулага года напісала там „свиная рожа“. Таксама пад здымкам міліцыянта, але іншага. Я не ведаю, як я ўсё гэта вытрымаю, бо ў мяне няма ані сіл, ані здароўя», — кажа Людміла.
Яна — вэтэран працы з 40-гадовым стажам, ні разу не прыцягвалася ні да крымінальнай, ні да адміністрацыйнай адказнасці. Пенсію атрымлівае невысокую: каля 360 рублёў. Мае праблемы са здароўем, у тым ліку анкалагічнае захворванне.