Жыхару Бабруйска замянілі «хімію» на калонію за абразу Лукашэнкі

25 жніўня суд Бабруйска і Бабруйскага раёна прызнаў 31-гадовага Рамана Стацэвіча вінаватым у «публічнай абразе прэзідэнта». Суддзя Антон Дудаль прысудзіў яму два гады «хіміі», нягледзячы на тое, што пракурорка Ірына Хадневіч прасіла пазбавіць яго волі на год, распавядае «Вясна».

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Згодна з абвінавачаннем, мужчына ў размове ў відэачаце «наўмысна абразіў Лукашэнку з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі».

Размову ў відэачаце запісаў і выклаў былы міліцыянт Канюшык — ён лічыць, што «дапамагае АУС выкрываць асоб, якія пышыраюць ідэі падарваць аўтарытэт прадстаўнікоў ўлады і ідэю ўтварэння хаасу і хваляванняў у нашай Рэспубліцы Беларусь».

Як стала вядома, пракурорка Хадневіч была не згодная з рашэннем суддзі і настойвала на сваім пакаранні. У канцы верасня Раман атрымаў пракурорскі пратэст.

Сёння, 9 лістапада, у судзе Магілёўскай вобласці судовай калегіяй у складзе суддзяў Мазурава, Гладкага і Кічыгіна Стацэвічу ўзмацнілі жорсткасць пакарання — замест двух гадоў «хіміі» мужчыне давядзецца правесці год у калоніі.