Мінчанцы далі 10 сутак арышту за налепку з «Пагоняй». Паскардзіўся «неабыякавы грамадзянін»

За налепку на машыне з выявай «Пагоні», герб з якой прызнаны гістарычнай каштоўнасцю, жанчыне далі суткі арышту, паведамляюць праваабаронцы.

Аксана Зыбіна. Фота: ПЦ «Вясна»

Аксана Зыбіна. Фота: ПЦ «Вясна»


У судзе Савецкага раёна 10 лістапада разгледзелі справу мінчанкі Аксаны Зыбінай. 53-гадовую жанчыну затрымалі 9 лістапада за налепку з «Пагоняй» на багажніку яе аўтамабіля, які яна звычайна паркуе каля Савецкага РУУСа.
На судзе Аксана пагадзілася, што на машыне была налепка з гербам, але яна не бачыць у гэтым правапарушэння. Паводле яе слоў, «Пагоню» яна наляпіла яшчэ ў 2018 годзе да стагоддзя БНР. Жанчына растлумачыла, што вельмі любіць Беларусь і цікавіцца яе гісторыяй:
«Ніякія грамадска-палітычныя погляды налепкай я не выказвала, толькі любоў да Радзімы».
У выніку суддзя Сяргей Шаціла даў жанчыне 10 сутак па артыкуле 24.23 КаАП.