Затрыманая чэмпіёнка свету па фрыстайле Аляксандра Раманоўская атрымала 2,6 тысячы рублёў штрафу

Затрыманая 10 лістапада беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская атрымала 90 базавых велічынь штрафу. Пра гэта паведамляе «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці».

Аляксандра Раманоўская. Фота: БФСС

Аляксандра Раманоўская. Фота: БФСС


Сёння адбыўся суд над найлепшай спартсменкай Беларусі-2019 Аляксандрай Раманоўскай, якая была затрыманая 10 лістапада пасля трэніроўкі.
Яе прызналі вінаватай па артыкуле 24.23 КоАП («Парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства»). Суд прызначыў ёй 90 базавых велічынь (2610 рублёў) штрафу.
Пасля пачатку пратэстаў Раманоўская актыўна выказвала сваю грамадзянскую пазіцыю і падпісала ліст з патрабаваннем аб спыненні гвалту і правядзенні сумленных выбараў. Пазней яна была звольненая з РЦАП па фрыстайле нібыта з-за прагулаў. Таксама спартсменка выставіла на аўкцыён залаты медаль Універсіяды-2019. У выніку яна была прададзеная за 15 тысяч долараў. Грошы пайшлі ў БФСС для падтрымкі атлетаў, якія пацярпелі ад дзеянняў улад.