«Google» прайграў знакавую справу ЕС і павінен выплаціць 2,4 мільярда еўра
Амерыканская кампанія «Google» прайграла ў Еўрапейскім судзе агульнай юрысдыкцыі знакавую справу супраць Еўрасаюза, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на «Бі-бі-сі».
Суд адхіліў довады «Google» і пакінуў у сіле штраф на 2,4 мільярда еўра. Гэты штраф антыманапольнае ведамства Еўракамісіі выпісала кампаніі ў 2017 годзе за прыгнечанне канкурэнцыі. ЕС выступіў супраць таго, каб «Google» прасоўваў уласны шопінгавы агрэгатар «Google Shopping» у пошукавых выніках.
Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі з'яўляецца другім у іерархіі судоў ЕС. «Google» аспрэчыць яго рашэнне ў вышэйшым Еўрапейскім судзе. Нягледзячы на будучую апеляцыю, «Google» павінен ужо зараз выправіць алгарытмы, за якія яго аштрафавалі. Кампаніі таксама пагражаюць новыя праверкі, у тым ліку адносна іншых прэферэнцый уласным агрэгатарам у шкоду канкурэнтам — ад сэрвісу браніравання гасцініц і авіябілетаў да аб'яў аб найманні на працу.
У 2022 годзе ЕС збіраецца прыняць пакет законаў аб рэгуляванні інтэрнет-бізнесу. Іх мэта — паставіць бар'еры на шляху амерыканскіх хай-тэк-гігантаў да асабістых даных еўрапейцаў і дамінавання на рынку за кошт выцяснення канкурэнтаў са сваіх платформ — з пошуку, аперацыйных сістэм, карт, месенджараў, ап-стораў.