Валер Карбалевіч: Мігранты становяцца галоўнай праблемай для ўлад Беларусі

«Беларускае Радыё Рацыя» абмяркоўвае з палітычным аналітыкам Валерыем Карбалевічам асноўную тэму гэтага тыдня — міграцыйны крызіс на мяжы.

karbalevicz1_700x400_1.jpg


— Пачнём з пытання, якое людзі зараз задаюць адно аднаму: ці будзе вайна?
— Будзем спадзявацца, што вайны не будзе. І што хопіць здаровага сэнсу ўсім бакам гэтага канфлікту абмежавацца тымі метадамі, якія выкарыстоўваюцца дасюль. Не думаю, што цяпер вайна ў інтарэсах хоць каго-небудзь — і суседзяў, і ўвогуле вялікіх дзяржаў.
— Тады для чаго ўсё гэта робіцца? У вашым тэлеграм-канале ёсць такая гіпотэза, што гэта адказ афіцыйнага Мінска на запрашэнне на канферэнцыю ў Вену, якая пройдзе 22-га лістапада.
— Калі казаць пра непасрэднае абвастрэнне апошніх трох дзён, то думаю, што так. Афіцыйны Мінск убачыў, што ЕС гатовы на кампраміс. А з логікі Лукашэнкі, кампраміс — гэта пазіцыя слабых. А калі так, то трэба ўзмацніць ціск, і ЕС пачне саступкі і будзе гатовы на перамовы на тых умовах, якія прапаноўвае афіцыйны Мінск. То-бок размен: Беларусь адмаўляецца ад шантажу мігрантамі, а Еўрасаюз адмаўляецца ад санкцый.
— Абвастрэнне, якое пачалося з панядзелка на польска-беларускай мяжы, адбылося адразу пасля таго, як стала вядома што вось-вось будзе разглядацца пяты пакет санкцый. Так ці інакш гэтая сітуацыя прыспешыла гэты разгляд.
— Мігранцкі крызіс цягнецца ўжо амаль паўгода. А толькі цяпер Еўрасаюз саспеў да пятага пакета санкцый. То-бок гэта адказ на мігранцкі крызіс. Бо папярэднія пакеты былі адказам на іншыя дзеянні афіцыйнага Мінска. Гэта не сведчыць пра вялікую рашучасць Еўрапейскага Саюза даць моцны адказ на дзеянні ўлад Беларусі. І калі глядзець па той інфармацыі, якая з’явілася ў медыя наконт пятага пакету, там не такія ўжо моцныя новыя захады прынятыя Еўрасаюзам. Хаця паглядзім.
— Ці не карыстаецца Масква гэтай сітуацыяй, каб яшчэ больш пашырыць сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі?
— Пакуль можна канстатаваць, што Масква карыстаецца гэтай сітуацыяй дзеля ўзмацнення ўплыву на Беларусь. Бо чым горш адносіны Беларусі з краінамі Захаду, тым большая залежнасць Беларусі ад Расіі. Таму гэтая сітуацыя выгадная Маскве.
— Сёння Уладзімір Макей фактычна прызнаў, што Крым у рэальнасці ёсць расійскім. А яшчэ год–два таму афіцыйны Мінск заяўляў, што выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Гэта таксама вынік ціску Масквы на ўлады Беларусі?
— Пазіцыя Мінска па Крыме была супярэчлівай заўсёды. Калі папыталі, чый Крым, то Лукашэнка казаў, што рэальна ён належыць Расіі. Тое самае паўтарыў сёння Макей, нічога новага ён не дадаў. У гэтым пытанні ўлады Беларусі ўсяляк ухіляюцца ад дакладнай заявы.
— Вяртаючыся да міграцыйнага крызісу, калі Лукашэнка ўсё ж такі вырашыць спыніць гэтую эскалацыю, ці так проста будзе пазбавіцца ад гэтага патоку мігрантаў?
— Мне падаецца, што гэта галоўная праблема цяпер для ўлад Беларусі. І гэта ўжо становіцца яе галаўным болем. Бо калі Польшча і Літва жорстка будуць выціскаць гэтых мігрантаў са сваёй тэрыторыі на беларускую, а іх ужо тут, паводле некаторых ацэнак, каля 15 тысяч, то сапраўды ўзнікае пытанне: што з імі рабіць? І гэта ўжо праблема Беларусі. І гэта ўжо праблема нейкай камунікацыі для беларускага насельніцтва. І мне падаецца, што гэтая праблема можа стаць галоўным чыннікам, які можа паўплываць на пазіцыю афіцыйнага Мінска ў міграцыйным крызісе.