Мікола Дзядок у апошнім слове: Ніякі тэрор не спыніць развіццё і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе пасля перапынку аднавіўся працэс над актывістам анархісцкага руху і аўтарам «Новага Часу» Мікалаем Дзядком. Амаль чатыры месяцы заняла прызначаная суддзёй псіхолага-лігвістычная экспертыза пастоў Міколы ў Тэлеграме.

Архіўнае фота

Архіўнае фота

12:45 Мікола Дзядок выступае з апошнім словам. Ён дзякуе родным, сябрам, журналістам і праваабаронцам за іх працу і падтрымку. "А ўсім, хто мае дачыненне да палітычных працэсаў у маёй краіне, я хачу сказаць: "Не майце ілюзій. Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не спыніць развіццё і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!"
Прысуд будзе абвешчаны 10 лістапада ў 10:00.
12:40 Пасля перапынку паседжанне працягнулся. Адвакатка просіць апраўдаць Міколу па ўсіх артыкулах.

12:00 У судзе абвешчаны перапынак да 12:05
11:40 Пракурор просіць для Міколы Дзядка 2 гады пазбаўлення волі за ўдзел у масавых беспарадках, за захоўванне гаручых рэчываў 2 гады і за распаўсюджванне матэрыялаў у інтэрнэце 4 гады 6 месяцаў. Агулам просіць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама спагнаць шкоду за перакрыццё дарог і судовыя выдаткі.
11:15 Пачынаюцца спрэчкі бакоў.
11:06
Дзяржабаінаваўца Цюменцаў хадайнічае спагнаць з Дзядка ў інтарэсах Мінсктранса 5772 рублі 7 капеек маёмаснай шкоды. Гутарка ідзе пра перакрыццё дарог 23 жніўня 2020 года, у гэты дзень Дзядок адзіны раз удзельнічаў у нядзельным маршы.  Адпаведны пазоў пададзены Мінсктрансам. На папярэдніх судовых пасяджэннях патрабаванняў кампенсацыі за блакаванне транспарту Міколу не выстаўлялася.
Мікола з пазовам не згодны, бо там не ўказана, якімі дзеяннямі ён перашкаджаў руху, да таго ж час у пазове ўказаны да 20.00, а Дзядок знаходзіўся на маршы да 16.00.10:53 Абаронца хадайнічае аб агалошванні часткі лінгвістычнай экспертызы. Суддзя дазваляе.
Адвакатка зачытвае, што выказванні можна падзяліць на два сэнсавых блокі: выказванні, якія заклікаюць да дзеяння, і выказванні, якія заклікаюць да змены поглядаў. 
10:40 Суддзя агалошвае вынікі экспертызы: у тэкстах, якія размясціў Дзядок у тэлеграм-канале MIKOLA, маюцца выказванні заклікальнага характару — адмовіцца ад набыцця прадукцыі пэўных сетак і вытворцаў, адмовіцца ад выканання сваіх працоўных абавязкаў і замяніць іх на іншыя формы дзейнасці, інфармаваць, кантраляваць уласны эмацыйны стан (пачуццё страху), аказваць уздзеянне, навучанне на іншых асоб. Таксама ў тэкстах, паводле экспертызы, змяшчаюцца выказванні, якія заклікаюць да гвалту адной групы асоб у дачыненні да іншай паводле прафесійнай прыкметы (у дачыненні да супрацоўнікаў АМАП, міліцыі, дзяржаўных служачых).
Яшчэ адно заключэнне эксперта, паводле якога сацыяльна-псіхалагічная накіраванасць часткі тэкстаў не звязаная з выражэннем і фарміраваннем негатыву ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. А ў частцы тэкстаў не ўяўляецца магчымым устанавіць сацыяльна-псіхалагічную накіраванасць. Паводле экспертызы, некаторыя тэксты змяшчаюць заклікі і фарміраванне негатыўнага вобразу, а некаторыя — не. 
 10:28 Людзям дазваляюць садзіцца толькі на адной палове судовай залі — падалей ад Міколы. Мікола ўжо тут. Наш карэспандэнт адзначае, што ў цэлым ён выглядае неблага, хоць і вельмі бледны.
10:09 Пачалі запускаць людзей у будынак суда.
10:07
Як піша ў сваім тэлеграм-канале прапагандыстка СБ. Беларусь сегодня, раптам паведамілі, што будынак суда замінаваны. І спецыялісты, маўляў, зараз спраўджваюць гэтае паведамленне.  

09:58 З будынка суда выйшаў супрацоўнік і сказаў, што пасяджэнне затрымліваецца, трэба чакаць. Міколу прыйшлі падтрымаць больш за 10 чалавек. Сярод іх — праваабаронца Наста Лойка.
9.45. Як перадае карэспандэнт НЧ з-пад будынку суда, у суд пакуль не пускаюць. Побач стаяць машына МНС, сапёрная, ДАІ, бусы з ціхарамі. Нават прывялі сабаку. Бачна, што сілавікі вырашылі праверыць будынак на наяўнасць у ім выбуховых рэчаў. Цікава, што ўнутры будынка суда супрацоўнікі знаходзяцца. А людзей звонку не пускаюць, дзверы зачыненыя. 

У Міколы адвакат Святлана Гарбаток.

252457964_618731362496397_7285214490017800449_n_logo.jpg


Нагадаем, Мікалая абвінавачваюць паводле некалькіх артыкулаў:

— арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх — арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь — арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Паводле версіі следства, 23 жніўня ў Мінску Дзядок удзельнічаў у акцыі пратэсту, дзе «аказаў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням» міліцыянтаў, выходзіў на дарогу, блакаваў рух транспарту, гучна пляскаў і выкрыкваў лозунгі.

Таксама абвінавачванне лічыць, што анархіст некалькі гадоў адміністраваў «радыкальны тэлеграм-канал», дзе з мэтай заклікаць да дзеянняў супраць нацбяспекі Беларусі «шляхам уздзеяння на свядомасць людзей праз інтэрнэт» распаўсюджваў матэрыялы, «накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, штучнае нагнятанне напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, распаўсюджванне ідэалогіі экстрэмізму».

Падчас ператрусу ў Дзядка на здымнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці сілавікі выявілі і канфіскавалі не менш за тры «шкляныя бутэлькі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі». Паводле абвінавачвання, анархіст не паспеў скончыць выраб выбуховых прадметаў, паколькі «не паспеў забяспечыць іх прыстасаваннем, які забяспечвае ўзгаранне».

Суд над Мікалаем Дзядком пачаўся яшчэ 29 чэрвеня.

Адбылося ўсяго чатыры судовыя пасяджэнні, падчас якіх Мікалай не прызнаў сваёй віны і распавёў пра катаванні пры затрыманні супрацоўнікамі ГУБАЗіКа.

На апошнім пасяджэнні, 6 ліпеня, суддзя Анастасія Папко пастанавіла правесці комплексную псіхолага-лінгвістычную экспертызу ў адносінах да пастоў Дзядка ў Тэлеграме. Экспертыза мусіць адказаць на пытанні: ці ёсць у паведамленнях Міколы ў Тэлеграме выказванні пабуджальнага характару, што заклікаюць да дзеянняў. Калі так, то якіх. Ці ёсць выказванні, якія негатыўна характарызуюць асоб, аб'яднаных па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці. І ці ёсць выказванні, якія пабуджаюць да дзеянняў у дачыненні да асоб па прыкмеце прафесійнай прыналежнасці.
Адметна, што абодвух адвакатаў Міколы Дзядка — Яўгена Маслава і Наталлю Мацкевіч — пазбавілі адвакацкіх ліцэнзій.