«Вы эксперт па экстрэмізме?» Як прайшоў першы дзень суда над Міколам Дзядком

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе распачаўся працэс над аўтарам «Новага Часу», блогерам, актывістам анархісцкага руху Міколам Дзядком. Суддзя Анастасія Папко, адвакат Яўген Маслаў, пракурор Антон Цюменцаў.

1_447_logo.jpg

16.42. На гэтым сёння ўсё. Працэс працягнецца 1 ліпеня а 10.30.

Чытайце таксама: рэпартаж з другога дня суда


16.41. Напрыканцы сённяшняга пасяджэння зачытваюць характарыстыкі Міколы Дзядка з месцаў працы і вучобы (каледж БДУ, ЕГУ), таварыства ўласнікаў. Паўсюль падсудны характарызуецца станоўча — у тым ліку, дарэчы, і ў «Новым Часе» (Мікалай — пазаштатны карэспандэнт «НЧ»).

16.19. А зараз наконт лінгвістычнай экспертызы: ці ёсць у сацсетках і месенджарах Міколы заклікі да масавых беспарадкаў і інш.? Заключэнне: немагчыма даць заключэнне, паколькі гэтыя пытанні выходзяць па-за межы ведаў экспертаў.

16.07. У дадатак да папярэдняга паведамлення: паводле судова-генетычнай экспертызы ўстанаўленне паходжання клетак эпітэлію на трох бутэльках не ўяўляецца магчымым.

16.05. Пракурор зачытаў вынікі судова-медычнай экспертызы Мікалая Дзядка за 17 і 24 лістапада 2020 года: «Крывападцёкі верхняга і ніжняга павек, паясніцы, плечавога сустава, сцёгнаў... 13 траўматычных уздзеянняў цвёрдым тупым прадметам, што не характэрна для падзення».

10 снежня 2020 года была праведзена экспертыза вадкасці з бутэлек. Заключэнне эксперта: сумесь аўтамабільнага бензіну і мінеральнай алею, што з'яўляецца лёгказапальнай вадкасцю. Але ёсць цікавая акалічнасць: паводле праведзенай 25 лістапада 2020 года судова-дактыласкапічнай экспертызы, на бутэльках, знойдзеных у Міколы, слядоў рук не маецца.

15.55 Пракурор доўга і нудотна зачытвае перапіскі Міколы.
14.40 Скончылі даследаваць матэрыялы першага тома. Усяго іх чатыры. Пракурор зачытваў адзін з допісаў з тэлеграм-каналу Дзядка, дзе ён пісаў пра неабходнасць пратэсту, салідарнасці і забастоўкі 1 верасня. Прычым, пералічвае ўсе спосабы забастоўкі пакрокава: «Давайце нагадаем уладам, хто тут улада!» Даволі цікава чуць гэта з вуснаў пракурора — гучыць, як заклік да дзеяння. На момант публікацыі гэтага допісу на канале было 11885 падпісчыкаў.

14.11. Пасля перапынку пракурор працягвае зачытваць пералік вынятых у Міколы рэчаў. Высветлілася, што ў перапынак Дзядку не далі паесці. «Дома паем», — пажартаваў ён у адказ на пытанне бацькоў.

14.01. Пасля перапынку у залу пасяджэнняў пачалі запускаць прысутных на судзе. Дзяўчына Міколы кажа, што радая, што ў Міколы ёсць вада і рукі не ў кайданках. Але чакае, што яму дадуць максімальны тэрмін.

Бацька Міколы — былы суддзя — зазначае, што абвінавачанне слабое і прыцягнутае за вушы. Аляксандр Дзядок не думае, што сыну дадуць максімальнае пакаранне, разлічвае гады на тры. Яго жонка настроена крыху менш аптымістычна. «Што да бутэлек з сумессю — у мяне няма сумневаў, што Міколу іх падкінулі, мой сын не дурань, каб захоўваць дома такія рэчы», — зазначае спадар Аляксандр. Паказанні сведак таксама блытаныя. Таксама бацька Міколы перакананы, што пракурор наўмысна апускае прозвішчы міліцыянтаў, якія фігуруюць у справе.  13.07. Суд сыходзіць на перапынак да 14.00.
12.46. Напрыканцы допыту Вольга Радзівонава адмовілася адказваць на пытанне суддзі пра карыстанне тэлеграмам, а таксама паведаміла, што пасля ператрусу знайшла ў кватэры «нешта ад відэакамеры ў зламаным стане».
Суд пераходзіць да даследавання пісьмовых матэрыялаў справы.

12.42. Адвакат пытаецца, чаму Радзівонава спазнілася ў суд. Яна адказала, што дала сёння падпіску аб неразгалошванні адносна следчых дзеянняў, якія праводзіліся. У працяг сведка распавяла, штоў момант яе прыезду пасля ператрусу кватэра не была апячатана, а некалькі дзён прастаяла адчыненай — з узламанымі ўваходнымі дзвярыма і разбітымі балконнымі.

12.36. Пасля перапынку прыйшоў трэці сведка. Дакладней — прыйшла. Гэта жанчына па прозвішчы Радзівонава, яна гаспадарка кватэры ў Сасновым, дзе пражываў Мікола Дзядок на момант затрымання.

Сведка распавяла, што знаёмая з Міколам больш за год.

На падставе 27 арт. Канстытуцыі адмовілася адказваць на пытанне пра тое, у сувязі з чым у яе ўзнікла сяброўства з Дзядком. Кажа, што прыязджала да Міколы незадоўга да яго затрымання, акурат зазірала ў шафу, дзе знайшлі бутэлькі. Тады там іх не было. Пра тое, што ў яе кватэры быў ператрус, сведка даведалася з навінаў.

12.08. Допыт сведкі Палякова скончаны. Чакаўся яшчэ адзін сведка, але яго пакуль няма. Суд збіраецца даследаваць пісьмовыя матэрыялы справы. МІкола Дзядок хадайнічае аб перапынку на 15 хвілін. Суд задавальняе просьбу.

12.05. Паводле пратакола, усе ўдзельнікі ператрусу хадзілі з пакоя ў пакой групай, ніхто нікуды не адыходзіў. Абаронца пытаецца, адкуль Палякову быў вядомы год нараджэння Дзядка, які ён указаў у пратаколе допыту. Сведка кажа, што не ведае. Таксама ён не можа сказаць, адкуль яму вядома, што бутэлькі былі загорнутыя ў матэрыю, як ён указаў падчас допыту.

Палякоў сцвярджае, што на кухні падчас ператрусу былі ён і двое супрацоўнікаў. Дзядка і другога панятога не было. Хоць у пратаколе сказана, што ніхто нікуды не адыходзіў падчас ператрусу. Цяпер сведка кажа, што адыходзілі, бо ён хадзіў са сваёй «групай» супрацоўнікаў, іншы паняты — са сваёй.

Мікола Дзядок пытаецца: ці настойвае сведка, што Міколы не было на кухні, калі даставалі бутэлькі. Сведка кажа, што не бачыў яго.

11.50. Мікола Дзядок звяртаецца да сведкі Палякова: «Вы сказалі, што ў мяне знайшлі экстрэмісукую літаратуру. Вы эксперт па экстрэмізме?» — «Не».— «Тады на якой падставе вы сцвярджаеце, што яна экстрэмісцкая?» Суразмоўца мнецца, потым кажа, што гэта яго меркаванне

Мікола пытаецца, у што былі загорнутыя бутэлькі, пытаецца, ці была камера занесена ў пратакол. Сведка не памятае. Ён сцвярджаў, што камера была ў руках у следчага, але чаму сведка вырашыў, што гэта следчы, не зразумела. Таксама сведка сказаў, што супрацоўнік хадзіў і трымаў смартфон у руках. Аднак ці здымаў ён нешта, сказаць не можа

Тым часам адвакат кажа, што знайшоў істотныя супярэчанні ў паказаннях сведкі і хадайнічае агаласіць паказанні Палякова, дадзеныя да суда. Суд пагаджаецца.

11.46. Адвакат пачынае задаваць пытанні Палякову. Сведка кажа, што супрацоўнікі яму не патлумачылі, чаму ператрус неабходна праводзіць ноччу. Падчас ператрусу двое сілавікоў суправаджалі Палякова, яшчэ двое — Астаповіча. Яны хадзілі па розных пакоях, чаму іх падзялілі -- не патлумачылі.

11.43. Дарэчы, пракурор Антон Цюменцаў выступаў абвінаваўцам на некалькіх рэзанансных працэсах. Напрыклад, «наезд» Аляксандра Троцкага на супрацоўні (10 гадоў узмоцненага рэжыма), справа Ціхана Восіпава — 11 год (прасіў 12), суд над блогерам Паўлам Спірыным (4,5 гадоў зняволення).

11.36. Другі сведка кажа, ператрус быў напачатку снежня, дакладна не памятае. Пералічвае знойдзеныя прадметы: валюта, нож... Распавядае пра бутэлькі з вадкасцю, якіх было тры. Наконт змесціва кажа: аддавала газай (керасінам). Супрацоўнікаў, па яго словах, было чалавек 6-7, яны знаходзіліся ў розных пакоях. Кажа, агрэсіі да Дзядка яны не праяўлялі.

11.20. Пачынаецца допыт другога сведкі, ён таксама быў панятым. Палякоў Уладзімір Данілавіч, 1952 года нараджэння, жыхар пасёлка Сасновы.

208105543_2878718219059195_4465045073034192597_n_logo.jpg

11.17. Мікола Дзядок задае пытанне сведку, дзе ён, Мікола, быў. Сведка кажа, што бачыў Міколу на пляцоўцы перад ператрусам. Дадае: «А вось чаму ў цябе пасля акно аказалася разбітае — я не ведаю».

Сярод прадметаў, знойдзеных падчас ператрусу і якія выкладалі на стол, камеры, здаецца, не было, але сведка не ўпэўнены.

11.12. Сведка, адказваючы на пытанні адваката, распавёў, што адзін супрацоўнік быў у форме, двое былі ў цывільным. Нехта адзін паказаў яму пасведчанне.

Недакладнасць — чаму ён казаў, што сілавікі звярнуліся да яго апоўначы, а паводле пратаколу ператрус пачаўся ў 23.20 — сведка тлумачыць тым, што яго пабудзілі, ён мог памыліцца.

Адвакат запытаў, у якім стане былі вочы Міколы Дзядка — Аляксандр Астаповіч адказвае, што не заўважыў. Таксама ён не бачыў у супрацоўнікаў ніякіх фота і відэакамер, здымка падчас ператрусу не вялася. А камера, якую знайшлі ў Міколы, не трапіла ў пратакол ператрусу, бо, як патлумачылі супрацоўнікі, была пустая

У дадатак сведка адзначае, што з трох знойдзеных бутэлек ускрылі толькі адну.

Пасля ператрусу да Астаповіча праз нейкі час прыязджала міліцыя з Асіповіцкага РАУС, каб удакладніць нейкія звесткі.

11.02. Пракурор хадайнічае аб даследаванні пратакола ператрусу ў Дзядка за 11 лістапада 2020 года. Абаронца Міколы пярэчыць, але марна. Цікава, што прозвішча старшага ўпаўнаважанага, які праводзіў ператрус, суддзя не назвала.

Адвакат пачынае задаваць пытанні сведцы.

10.59. Працягваецца допыт сведкі Аляксандра Астаповіча.

Далей ён кажа, што падчас ператрусу ў залі знайшлі камеру, нож, мноства канвертаў з грашыма. «Еўра, злотыя, долары». Спачатку Мікола нібыта казаў, што не ведае, адкуль яны, потым сказаў, што гэта яго зберажэнні. Таксама знайшлі нейкія плакаты. На кухні ў нішы — тры бутэлькі з нейкай вадкасцю. Сведка не ведае, што там было, «пах падобны на бензін, дызпаліва». Дзядок нібыта сказаў, што не ведае, адкуль гэтыя бутэлькі.

10.55. Сведка Аляксандр Астаповіч быў панятым падчас ператрусу ў Мікала Дзядка. Распавядае, што каля 12 гадзін ночы яму ў дзверы пазванілі супрацоўнікі, разам з якімі быў абвінавачаны. Запрасілі быць паднятым яго і яшчэ аднаго суседа, Палякова.

Далей сведка распавядае, як праходзіў ператрус. Пракурор запытаў, ці бачыў ён цялесныя пашкоджанні на Дзядку. «Не, ён быў чысценькі», — адказаў Астаповіч. У залі ў гэты момант пачуліся стрыманыя смяшкі. Сведка тым часам кажа, што сілавікі паводзілі сябе з Міколам ветліва, і ён сябе таксама.

Што да ператрусу, то, паводле словаў сведкі, супрацоўнікі перакулілі ў пакоі «кожную кніжачку», «кожную анучку» і нічога не знайшлі. Ніякіх пытанняў не задавалі.

Ён кажа, што ўсяго было чатыры супрацоўнікі: двое ладзілі ператрус, двое стаялі за панятымі. Ён не можа сказаць, ці адыходзілі кудысьці яны.

10.44. У судзе выступае сведка Аляксандр Астаповіч. Гэта мужчына сталага веку, 1944 года нараджэння, пенсіянер. Пражывае ў пасёлку Сасновы Магілёўскай вобласці, дзе Мікола Дзядок жыў і быў затрыманы.
Сведка кепска чуе, не адразу разумее пытанні. Пракурор запытаўся, у сувязі з чым сведка бачыў абвінавачанага. Аляксандр Астаповіч адказаў, што бачыў яго ў гэтым годзе (верагодна, мае на ўвазе 2020-ты — прым.). З яго словаў вынікае, што з Дзядком ён не стасаваўся, проста вітаўся

10.38. Мікола Дзядок віну не прызнаў ні па адным артыкуле. Пачынаецца дрпыт сведак.
 10.36. Яшчэ крыху фармулёвак з тэксту абвінавачання. «Пры нявысветленых абставінах вырабіў дзве бутэлькі з сумессю аўтамабільнага бензіну і алею, якую захоўвпў па месцы жыхарства ў Магілёўскай вобласці». «Давесці да канца сваю злачынную задуму з гарачай сумессю не паспеў, бо быў затрыманы».

10.28. Некалькі фармулёвак з тэксту абвінавачання. «Шляхам уздзеяння на свядомасць людзей праз інтэрнэт Мікола Дзядок з 4 жніўня па 1 лістапада 2020 года распаўсюдзіў матэрыялы, накіраваныя на падрыў бяспекі Рэспублікі Беларусь». «Рабіў штучнае нагнятанне напружанасці паміж грамадствам і дзяржавай». «Заклікі да здзяйснення дзеянняў, накіраваныя на падрыў бяспекі Рэспублікі Беларусь». «Дзеянні Міколы Дзядка пагражалі жыццю і здароўю людзей, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь».

Пракурор пахвілінна зачытвае ўсе пасты, якія ва ўказаны вышэй перыяд Мікола размяшчаў у сваім тэлеграме.

«23 жніўня не пазней за 14 гадзін прыбыў на перасячэнне праспекта і вуліцы Купалы, прыняў удзел у супрацьпраўных дзеяннях з групай грамадзян, што пацягнула блакаванне транспартнага руху. Гэта выразілася ў выкрыкванні лозунгаў, парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства, ён адмовіўся падпарадкавацца супрацоўнікам у форменным абмундзіраванні, якія неслі працу па ахове парадку».

10.16. Мікола Дзядок заяўляе хадайніцтва аб допуску да працэсу ў якасці абаронцы яго бацькі — Дзядка Аляксандра Мікалаевіча. Таксама абвінавачаны просіць выдаліць з залы суда журналістку дзяржСМІ Людмілу Гладкую. Абодва хадайніцтвы суд адхіліў. Пракурор пачаў зачытваць абвінавачанне.

10.10. Працэс пачаўся. Зараз суддзя адбываюцца дзяжурныя фармальнасці: суд устанаўлівае асобу падсуднага, тлумачыць яму правы і абавязкі.
9.55. Пачатак працэсу а 10.00. Мікола Дзядок ужо ў залі, ён выглядае бадзёра, усміхаецца.

На суд прыйшлі каля 30 чалавек, у тым ліку бацька з жонкай і нявеста Міколы. Таксама запусцілі некалькі журналістаў і проста неабыякавых людзей.

7_155_logo.jpg

Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманні ён быў моцна збіты, у вочы яму распылілі пярцовы газ. Гвалтам прымусілі зняцца на камеру для роліку МУС.
Пасля затрымання адвезлі ў Мінск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу. Яго катавалі — збівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваннем. У Дзядка патрабавалі назваць паролі і адміністратараў тэлеграм-каналаў. Затым яго адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна, пазней перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Некалькі разоў Міколу пераводзілі ў Жодзіна і назад на «Валадарку». За час зняволення Міколу неаднаразова кідалі ў карцар.

2_411_logo.jpg

Міколу Дзядку прад’яўлены абвінавачанні па:
арт. 342 Крымінальнага кодэксу – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;арт. 361 Крымінальнага кодэксу – Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;арт. 295 Крымінальнага кодэксу – Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

5_329_logo.jpg

6_225_logo.jpg
3_371_logo.jpg
4_356_logo.jpg