«Пры затрыманні душылі падушкай». Працягваецца суд над Міколам Дзядком

Сёння працягваецца суд над Мікалаем Дзядком. Аднак судовы працэс спачатку адклалі амаль на гадзіну: ва ўсім будынку Мінскага гарадскога суда знікла электрычнасць. Хаця Мікалая ў суд ужо даставілі.

_209349062_327273692322809_4564475720676697852_n_logo.jpg

Мікола Дзядок у судзе

15.41. На сёння судовае пасяджэнне скончанае. Працяг працэсу прызначаны на 5 ліпеня. Пачатак у 14.00.

15.38. Адвакат працягвае заяўляць хадайніцтвы. Патрабуе запытаць дакументы аб медыцынскім стане Дзядка з СІЗА — адмова, бо медэкспертызу ўжо даследавалі. Адвакат просіць правесці незалежную комплексную псіхолага-лінгвістычную экспертызу, каб высветліць ці ёсць у допісах Дзядка заклікі да гвалту, заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі і ці носяць яны пабуджальны характар.

Пракурор просіць даць час на прадстаўленне свайго меркавання па хадайніцтве.


15.29. Мікола хадайнічаў далучыць да справы пісьмовы расповед пра абставіны затрымання — яго далучылі.

Адвакат прасіў выклікаць эксперта Язэпчука, які аналізаваў знойдзеныя ў кватэры Міколы бутэлькі. Маўляў, там меркаваны характар высноў і не ўсталяваны аб'ём. Пракурор супраць, бо ў заключэнні патлумачана, чаму зробленыя высновы. Зачытваецца экспертыза, пасля ў выкліку эксперта было адмоўлена.

У экспертызе сказана што адназначна ўстанавіць, ці ёсць бутэлькі «паражаючым прадметам», немагчыма, але магчымасць такога іх прымянення не выключаецца. Адвакат спрабуе заявіць што, у такім выпадку, няма падстаў выстаўляць артыкул пра кактэйлі Молатава. Суддзя кажа, што ,паводле абвінавачання, «дзеянне не скончана», таму можна.

Адвакат патрабуе запытаць матэрыялы праверкі затрымання, каб высветліць прозвішчы, хто затрымліваў, — суддзя адмаўляе і кажа, што прозвішчы ёсць у пастанове аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адносна супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Адвакат патрабуе выклікаць сведкамі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, якія рабілі ператрус, каб праверыць сцвярджэнні аб падкінутых бутэльках і высветліць супярэчанні ў паказаннях сведак-панятых. Пракурор кажа: паводле УПК так нельга. Суддзя ў хадайніцтве адмаўляе, і гаворыць, што суд дасць ацэнку законнасці вымання бутэлек. «Бутылки изьяты, изьятие оформлено, а как оно происходило — законно, незаконно, это...» — сказала суддзя.

15.17. У пратаколах нарэшце дабраліся да нейкіх пытанняў, на якія Дзядок адказаў, што пра гэта дасць паказанні ў судзе. Яны тычыліся публікацый, што заклікаюць да блакіроўкі дарог, плацяжоў у бюджэт. Мікола адказвае, што на судовым пасяджэнні пра гэта ўжо гаварыў — калі абмяркоўвалі яго допісы.

Пратакол ад 29.04. Усё тое ж самае. Але Дзядок адказваў, што віну не прызнае, а на іншыя пытанні адказваць не будзе, бо ўжо адказаў на папярэдніх допытах. Больш допытаў не было.

15.10. Пратаколы допыту ў пэўных пытаннях дублююцца, але ўсё роўна зачытваюцца. «Выступаю за звяржэнне дзяржаўнай улады і дэмантаж карных органаў, але не лічу што гэта трэба абавязкова рабіць гвалтоўнымі метадамі, сам з'яўляюся прыхільнікам негвалтоўнага супраціву і рэкамендую гэта людзям» — запісана ў пратаколе ад 17.03.

14.50. Паказанні Дзядка пра збіццё і катаванні зафіксаваныя ў пратаколе. Там запісана, што білі яго пры затрыманні, да запрашэння панятых і пасля. Узгадваліся таксама пагрозы згвалтавання. «Пагражалі размясціць у камеру з асобамі нізкага сацыяльнага і турэмнага стану, пагражалі забойствам у месцах зняволення, пагражалі 411 артыкулам. Пагражалі, што «здохнеш, будзеш гаварыць дрэннае пра ГУБАЗіК — тут цябе гэтай дубінкай кончым».

14.40. Мікола Дзядок працягвае адказваць. Пытанне задае адвакат.

Разбіраюцца з бутэлькамі, знойдзенымі ў кватэры Міколы. Бутэлькі былі тыпу каньячных, запоўненыя цалкам, у адной фіціль. Абмяркоўваюць рэцэпт кактэйля Молатава і чаму яго запаўняюць на 2/3 (каб правільна выбухнуў).

Сябе на фотаздымках з акцыі 23.08 пазнае. Паводле пратакола, ён удзельнічаў у акцыі з 14.00 да 16.15, а на фота перыяд часу меншы.

— Ці блакіраваўся асабістымі дзеяннямі па выхадзе на дарогу праезд транспарту?

— Не, транспарту не было ў полі зроку ўжо ўвогуле.

Калі глядзеў ад цэнтральнай кнігарні, у абодва бакі да Кастрычніцкай і Незалежнасці былі на дарозе шчыльна людзі.

Суддзя вяртаецца да пытання пра час даезду ад Сасновага да Мінска. Дзядок кажа што маршрутка ідзе 1.15, у ГУБАЗіКа таксама бус — з улікам ночы і парушэнняў ПДР дапускае 50 хвілін, але не хутчэй.

23.08 прайшоўся недзе з 13.00 ад Якуба Коласа да Незалежнасці. Лозунгі выкрыківаў, міліцыянтаў не бачыў, толькі зялёныя грузавікі — можа, з міліцыяй, можа, не.

Пракурор патрабуе агучыць папярэднія паказанні, усе пагадзіліся.

Пратакол ад 13.11.2020. У сувязі з дрэнным самаадчуваннем (мігрэнь) ён тады адмовіўся ад паказанняў, запатрабаваў медыцынскай дапамогі і магчымасці сваякам перадаць таблеткі і дадаў пісьмовае хадайніцтва аб медыцынскім аглядзе. Гэта было ў ІЧУ ў першы дзень, тады адмовіўся даваць паказанні, пазней даваў.

Пратакол ад 19.11 — віну тады не прызнаў, сутнасць абвінавачанняў не зразумеў, заявіў, што ў беспарадках не ўдзельнічаў, толькі ў адной мірнай акцыі 23.08, болей у Мінск не ездзіў.

Прызнаў тады прыналежнасць да анархічнага руху, які прапагандуе неабходнасць скасавання дзяржавы і прыгнёту. Прызнаваў тады адміністраванне каналаў «MIKOLA» і «RADIX», наяўнасць памочнікаў адмаўляў: «Лічу, што гвалт з боку дзяржавы недапушчальны і няправільны, улада нелегітымная». «Да гвалту ў адрас супрацоўнікаў карных органаў не заклікаў, гаварыў, што варта бараніць сябе, але канкрэтных метадаў не называў, людзі гэта мусяць вырашаць самі».

Пракурор працягвае зачытваць увесь той допыт, там збольшага ўжо вядомыя факты пра удзел 23.08 і затрыманне. У тым ліку заяўлена, што доступ да яго канала атрыманы гвалтам.

14.30. Пракурор зачытваў допіс з тэлеграм-канала Дзядка ад 19 кастрычніка, дзе ўзгадваюцца «партызанскія вылазкі». Мікола адмовіўся каментаваць далей свае допісы, бо ўжо ўсё сказаў раней, а паўтараць не бачыць сэнсу.

— Ці разумелі, што, публікуючы допісы, дзейнічаеце публічна?

— Так.

— Ці ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах аднойчы ці больш разоў?

— Аднойчы.

Пракурор пытаецца адкуль даведаўся пра мітынг 23 жніўня, калі адбывалася мерапрыемства, як ён яго ўспрымаў. Мікола кажа, што падтрымлівае паказанні, дадзеныя пра гэта на этапе следства і не бачыць сэнсу паўтараць, тым больш што цяпер можа памятаць дэталі горш, таму ад адказаў пра 23 жніўня на пасяджэнні адмаўляецца. Адказваць на пытанні, тым не менш, будзе

— Чаму вырашылі жыць у Сасновым?

— Тады ішлі масавыя арышты.

— З якога моманту пачалі там жыць? Адзін ці з кімсьці?

— Адзін, з ліпеня, гасцёй не было.

Ці маглі ў кагосьці быць ключы ад жытла, Дзядок не ведае, ад валодання бутэлькамі, што знайшлі ў яго ў шафе, адмаўляецца. Кажа, што не мог нават толкам агледзець гэтую шафку падчас пражывання, там усё забіта інструментамі і чымсьці падобным.

Панятыя пры ператрусе заўваг не выказвалі, пакорліва хадзілі і маўчалі.

Пракурор запытаўся пра значак «яэкстрэміст», што знайшлі ў Дзядка. Ён адказаў, што гэта ў падтрымку яго флэшмоба супраць «Закона аб экстрэмізме».

— Супраць закона? Вы падтрымліваеце экстрэмізм? — запытаўся пракурор.

Пайшлі ў абмеркаванне экстрэмізму (Мікола паўтарыў сваю пазіцыю). Адвакат спыніў пратэстам, суддзя падтрымала і зняла пытанні.

Пракурор пытаецца, ці чакаў затрымання, чаму чакаў затрымання, ці ёсць сувязь допісаў з палітычнымі поглядамі. Адказы відавочныя.

— Ці адпавядае відэазапіс у кватэры вашым поглядам?

— Там не выказваліся погляды.

— Ці вы выказвалі сваё меркаванне падчас відэазапісу (у кватэры)?

— Часткова сваё, часткова навязанае. Удзел у анархісцкім руху праўда, адміністраванне канала «Прамень» — няпраўда.

Меркаванне пра неабходнасць звяржэння дзяржаўнага ладу каментаваў ужо, пацвярджае.

Пачаліся пытанні ад адваката. Пацвярджае, што панятых падзялялі, як гаварыў сведка. Дарога да ГУБАЗіКа заняла 50 хвілін недзе. Ператрус скончылі ў 1.30, пратакол затрымання ў 02.00, ці магчыма даехаць да Мінска? Пракурое пратэстуе, суддзя адхіляе. Адказ Міколы: немагчыма.

Грошы ў канвертах былі падпісаныя — на вучобу, развіццё, пераезд. Сцвярджэнне аб фінансаванні непраўдзівае.

Уварваліся ў 22.20, гэта не адпавядае пратаколам. Пастанову на ператрус або нешта падобнае паказвалі, пакуль ляжаў тварам у падлогу.

Судовы працэс аднавіўся пасля перапынку. Мікола Дзядок працягвае адказваць на пытанні пракурора. Перад пачаткам працэсу ў залі суда спрабавалі прысутным забараніць здымаць.

У судзе абвешчаны перапынак да 14.10.

13:09. Мікола Дзядок звяртае ўвагу: ён падтрымлівае негвалтоўную тактыку пратэсту, а агучаная пракурорам падборка яго допісаў тэндэнцыйная.

13:04. Пракурор запытвае: «Ці правільна я разумею, што пад "смелымі людзьмі" вы маеце на ўвазе тых, хто прымяняе гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі?»

Мікола адказвае: «Не, гэта ваша інтэрпрэтацыя. Смелыя людзі — тыя, хто змагаецца за свае правы».

Мікола звяртае ўвагу, што пракурор увесь час спрабуе павярнуць паказанні Міколы так, як гэта выгадна яму, схіліць яго да апраўдання гвалту.

12:56. Пракурор спрабуе высветліць, каго Мікола мае на ўвазе пад «карнікамі». Мікола тлумачыць, што гэта бандыты ў форме МУС, якія запалохваюць уласнае насельніцтва і абараняюць нелегітымную ўладу.

12.44 Пракурор падрабязна запытвае пра значэнне тых ці іншых выказванняў Міколы аб пратэстах, пра стаўленне да ўлад.

12:40 Доўгі разбор аднаго з паведамленняў Міколы, дзе гаворка ідзе (у форме пытанняў) аб тым, што, можа, падчас дваровых сходаў варта не толькі есці печыва, але і адпрацоўваць счэпкі і затрыманні, каб супрацьстаяць карным органам, таксама вядзецца размова пра перамогу рэвалюцыі.

Пракурор пытае, што Мікола хацеў данесці гэтым паведамленнем, каго мае на ўвазе пад карнымі органамі. Мікола адказвае: «Супрацоўнікаў карных структур — МУС, КДБ, пракуратура».

12:27. Цяпер пракурор задае пытанні.

Запытвае, кім працаваў Мікола, якія сацсеткі ў яго былі, ці былі яны закрытыя, колькі падпісчыкаў. Пракурор пытае, ці яму належаць тэлефон і ноўтбук і ці выкарыстоўваў іх Мікола для публікацый у сацсетках. Мікола пацвярджае: яго, выкарыстоўваў.

Пракурор пытаецца, чым абгрунтавана тэматыка яго публікацый.

«Таму што я анархіст, я хацеў данесці інфармацыю да як мага большай колькасці людзей».

«Ці быў Мікола згодны з вынікамі выбараў?» — «Не».  

На пытанне пракурора аб тым, ці асуджаў Мікола прымяненне гвалту сілавікамі падчас масавых беспарадкаў, ён сказаў: «Я не лічу тое, што адбылося, масавымі беспарадкамі. Гэта было волевыяўленне грамадзян. Я не прыхільнік мэтанакіраванага прымянення гвалту супраць каго-кольвечы, але лічу, што кожны мае права на самаабарону».

Пракурор запытвае, ці размяшчаў Мікола ў сацсетках заклікі да гвалту супраць людзей, якія працуюць у дзяржорганах. «Не, не заклікаў», — адказаў Дзядок.

«Ці заклікалі вы да дэстабілізацыі?» — «Я заклікаў людзей змагацца за свае правы і супрацьстаяць гвалту».

12:22. Блізкім Міколы шмат разоў пісалі ананімы, якія гаварылі, што Міколу заб'юць у калоніі і спішуць на праблемы з сэрцам, ды іншыя брыдкасці.

12:20. Усё апісанае вышэй, а таксама крымінальную справу супраць сябе, Мікола разглядае яе спосаб задушыць іншадумства.

12:17. Мікола прыгадвае, што сілавікі гаварылі: «Ты не тых людзей зрабіў сваімі ворагамі».

«Біць перасталі — толькі пару разоў ударылі галавой аб дзверы».

Павезлі ў ІЧУ, папярэдзіўшы, каб маўчаў аб тым, адкуль у яго сляды.

12.15. Суддзя робіць Міколу заўвагу, бо ён ужывае нецэнзурныя словы, але Мікола кажа, што гэта цытаты супрацоўнікаў сілавых структур.

У ГУБАЗіКу супрацоўнікі гаварылі, што тут яму жыцця ўжо не будзе, пагражалі 11 гадамі, пагражалі рэпрэсіямі ў калоніі, згадвае Дзядок.

12:11. Павялі ў мікрааўтобус і павезлі ў Мінск у ГУБАЗІК. Каля 1.30 ночы яго давезлі, кажа актывіст. Там паставілі на калені, патрабавалі пароль ад жорсткага дыска. Ён назваў пароль ад сістэмы — сказалі, не падыходзіць. Адзін супрацоўнік сказаў: «Коля, зараз будзе балюча».

Дзядок распавядае, што, калі сказаў, што не памятае пароль, яго сталі біць дубінкамі, а пасля некалькіх адмоў Тарасік сказаў, што будзе біць яго па геніталіях і мачыцца на яго. Тады Мікола даў пароль, але яго ўвялі няправільна — і зноў білі. Мікола прыгадвае, што моцна крычаў увесь час, калі яго білі. Пасля сталі патрабаваць пароль ад двайной аўтэнтыфікацыі ў Тэлеграме.

І ўвесь час білі.

Мікола кажа, што Тарасіку прынеслі ўпараную локшыну — і ён сказаў: «Зараз даем "Ролтан" — і буду цябе біць».

Мікола згадвае, што з яго працягвалі здзеквацца, казалі: «Давайце яго аба*сым», — паставілі каля чырвона-зялёнага сцяга і сказалі, каб выбачыўся перад супрацоўнікамі.

12.09. Мікола прыгадвае, што яшчэ быў супрацоўнік Алёкса, які сказаў, што трэба запісаць відэа на камеру.

Калі спыталі, ці будзе Мікола гаварыць, ён маўчаў. Тады яго завялі ў кладоўку і распылілі газ, пасля гэтага ён сказаў, што скажа, што трэба.

Потым спатрэбілася запісаць відэа яшчэ раз.

Міколу вывелі на вуліцу, 4 разы распылілі газ у вочы, дасталі электрашокер. Абяцалі, што, калі ён скажа, што трэба, дадуць памыцца.

12.07. Мікола абвяргае словы панятых, што адмаўляў, што рэчы належаць яму. Адразу сказаў, што відэакамеры і грошы — яго. Камера, штатыў, гадзіннік і тысяча рублёў зніклі — іх забралі супрацоўнікі ГУБАЗІКа.

Амаль увесь час, калі не хадзіў з панятымі, Мікола ляжаў тварам у падлогу.

12:05. Дзядок распавёў пра сваё затрыманне: 11 лістапада супрацоўнікі ўваліліся ў кватэру праз дзверы і акно, разбіўшы шклопакет. Іх было сямёра — частка ў форме, частка ў цывільным. Адразу сталі збіваць, запытвалі, ці ёсць відэаназіранне. Гэта былі ГУБАЗІК І САХР.

Надзелі кайданкі, адзін з сілавікоў сказаў: «Ты ж разумееш, што з ШІЗА не выйдзеш?» Пагражалі падвезці ў лес, распрануць. Казалі: «Зараз паедзем у гестапа, там ты будзеш плакаць і ненавідзець сябе». Душылі падушкай, патрабавалі пароль ад тэхнікі. Рукі ўвесь час былі зашпіленыя кайданкамі ззаду, быў боль ад іх.

12:00. Мікола сцвярджае, што бутэлькі з сумессю, якія фігуруюць у справе, яму падкінулі сілавікі. Пасля некалькіх гадзін допытаў, распавёў актывіст, у ГУБАЗіКу Тарасік Іван Аляксандравіч засоўваў бутэлькі яму ў рот, патрабаваў, каб Мікола на іх пляваў.

Бутэлькі загарнулі ў яго ж кухонныя ручнікі. Але бутэлькі смярдзелі вельмі моцна. Які сэнс трымаць рэчы з такім пахам там, дзе прымаеш ежу? — задае рытарычнае пытанне Мікола.

11.55. Мікола Дзядок кажа, што не наведваў маршы пратэсту, бо разумеў, што можа быць затрыманым. Выключэнне зрабіў толькі на свой дзень народзінаў — 23 жніўня. Ніякіх беспарадкаў тады не заўважыў, руху транспарту не замінаў. За ўсё жыццё не бачыў такой колькасці добранадзейных грамадзян, адзначае Мікола.

11.52. Мікола згодны даваць паказанні.

Актывіст адзначае, што, калі ён размяшчаў артыкулы ў сваім тэлеграм-канале, гэтым рэалізоўваў сваё права на свабоду выказванняў.

Інтарэсы Беларусі і інтарэсы беларускай ўладнай вярхушкі — гэта не адно і тое ж.

«Не існуе ідэалогіі экстрэмізму, у якой мяне абвінавачваюць», — кажа Дзядок. Гэтак жа, як няма аніводнага доказу, што гэтыя допісы прынеслі каму-небудзь шкоду.

11:50. Рэчавыя доказы даследаваныя. Цяпер будуць дапытваць Міколу Дзядка.

11:35. Таксама сярод рэчавых доказаў — флэшка, арыштаваны тэлефон Міколы. Таксама ў справе — дыскі са змесцівам сацсетак Міколы Дзядка.

Аглядаюць нейкі файл пад назвай «Лісты беларускага шчасця». Там ёсць такія словы: «...наступіць паралюш сістэмы». Вось гэта доказ дык доказ!

11.30. Наступны дыск, які даследуе пракурор, утрымлівае некалькі тэчак. Пракурор прамаўляе словы вельмі ціха і марудна, сабе пад нос.

11.25. Пракурор даследуе дыск са звесткамі з тэлеграм-канала Міколы Дзядка.

11.15. Суд прыступае да агляду рэчавых доказаў. Пракурор дэманструе ноўтбук «Ленова», які быў выняты ў Міколы пры ператрусе 12 лістапада. Але ў пракурора застаецца пытанне аб прыналежнасці яго Міколу, аднак суддзя не дазволіла задаць пытанне на гэтым этапе.

Другі рэчавы доказ — аптычны дыск, на якім звесткі, вынятыя з Тэлеграма.

На ім сярод іншага — тэчкі з перапіскамі Міколы ў Тэлеграме. Гэтыя перапіскі 29 чэрвеня зачытваў пракурор.

Таксама ёсць дыск з відэа з Ютуба, на якім запісана размова Дзядка з прадстаўніком УУС.

Імя прадстаўніка пракурор не называе. Гучыць зменены мужчынскі голас, які распавядае пра затрыманне анархіста.

Мікола Дзядок з клеткі кажа, што яму нічога не бачна, просіць уключыць відэа на вялікім экране. Але суддзя гаворыць, што гэта немагчыма, таму ноўтбук ставяць бліжэй да Міколы.

Голас на відэа кажа, што анархіст рыхтаваўся здзяйсняць акцыі прамога дзеяння. У яго вынятыя бутэлькі з кактэйлем Молатава, улёткі.

Цяпер голас Міколы расказвае пра свае ранейшыя судзімасці, пра мэты і задачы яго дзейнасці, кажа, што раскайваецца. Верагодна, гэта было тое відэа, якое паказалі пасля затрымання актывіста.

Адвакат звяртае ўвагу, што на відэазапісе неўстаноўленая асоба гаварыць, што Мікола агалошваў даныя сілавікоў і іншыя рэчы, якія ў віну Дзядку не ставяцца.

10.55. Калі Дзядка даставілі ў ГУБАЗіК, гвалтоўна засоўвалі яму ў рот бутэлькі, якія нібыта ў яго знайшлі, і прыкладалі іх да рук, распавёў адвакат.

Далі Міколу Дзядку падпісаць дакументы, якіх ён не бачыў.

Адвакат агучвае вынікі экспертыз тых матэрыялаў, паводле вынікаў якіх у публікацыях праглядаюцца толькі ўскосныя заклікі і ўвогуле адсутнічае склад злачынства.

У 10.40 у залу судовых пасяджэнняў зайсці ўсё ж дазволілі.

Адвакат Маслаў просіць агучыць асобныя матэрыялы другога і трэцяга тамоў справы, матэрыялы тычацца медыцынскага агляду Міколы ў ізалятары 20 лістапада. Адвакат пералічвае ўсе пашкоджанні, што атрымаў Мікола Дзядок.

Адвакат адзначыў, што дзяржабвінаваўца агалошваў пастанову ў адмове ўзбудзіць крымінальную справу, але варта агучыць некаторыя яе моманты. Калі Міколу затрымлівалі, выбілі дзверы. Патрабавалі назваць паролі — Мікола маўчаў, потым яго сталі душыць падушкай. Потым зачынялі ў кладоўцы, распылялі пярцовы газ.

Затрымлівалі Міколу з прымяненнем сілы, сілавікі трапілі ў кватэру праз вокны і дзверы. Лейтэнант юстыцыі Казусёнак даў заключэнне, што прымяненне сілы пры затрыманні было абгрунтавана, хаця Мікола супраціву пры затрыманні не аказваў.

10.00. Падтрымаць Міколу Дзядка прыйшлі больш за 20 чалавек. Сярод іх — бацька з жонкай, дзяўчына, сябры Міколы, супрацоўнікі італьянскай амбасады.

Частка людзей, якія прыйшлі падтрымаць Міколу

Частка людзей, якія прыйшлі падтрымаць Міколу

Аднак ва ўсім будынку суда знікла электрычнасць. Сакратарка папрасіла ўсіх выйсці на вуліцу, як толькі дадуць святло, абяцаюць паклікаць.

Супрацоўнікі італьянскай амбасады прыйшлі, каб выказаць падтрымку як самой амбасады, так і Еўрапейскага саюза ў гэтай цяжкай сітуацыі. Яны выказалі спадзяванні, што ўсё вырашыцца ў лепшы бок.

Аляксандр Дзядок злева, прадстаўнік амбасады справа

Аляксандр Дзядок злева, прадстаўнік амбасады справа

Бацька Мікалая, Аляксандр Дзядок, адзначыў, што вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку. Ён разумее ўсю складанасць працы еўрапейскіх амбасад у нашай краіне. Для яго асабліва важны прыход прадстаўніка італьянскай амбасады, паколькі кіраўніка прадстаўніцтва ЕС Дзірка Шубеля папрасілі з'ехаць, і ён пакінуў Беларусь.

209349062_327273692322809_4564475720676697852_n_logo.jpg

Мікола Дзядок у судзе