Сазваніліся, каб сустрэцца. У Мінску судзяць двух сяброў за арганізацыю і ўдзел у групавых дзеяннях 10 жніўня
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 1 ліпеня пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да палітвязняў Андрэя Драбатовіча і Вадзіма Якубоўскага. Іх вінавацяць у «арганізацыі альбо актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ).
![У судзе над Драбатовічам і Якубоўскім. У судзе над Драбатовічам і Якубоўскім.](/img/v1/images/drabatovich_jakubouski_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У судзе над Драбатовічам і Якубоўскім.
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Карсюк. Дзяржабвінавачванне прадстаўляе пракурор Цімафей Нічыпарук.
Жыхар Мінска Андрэй Драбатовіч быў затрыманы 14 красавіка 2021 года, да суда змяшчаўся ў СІЗА №1. Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітычным зняволеным. Вадзіма Якубоўскага затрымалі 23 красавіка, да суда змяшчаўся ў СІЗА №1. Ён таксама палітзняволены.
Драбатовіч прызнае сваю віну часткова, Якубоўскі — цалкам.
10 жніўня сябры сазваніліся, каб сустрэцца ў горадзе
З паказанняў Якубоўскага вядома, што ён знаёмы з Драбатовічам 3 гады, разам ходзяць у «качалку» займацца спортам. 10 жніўня 2020 года сябры стэлефаноўваліся ў першай палове дня некалькі разоў і абмяркоўвалі масавыя пратэсты — маўляў, незразумелае нешта адбываецца.
Затым дамовіліся сустрэцца на станцыі метро Першамайская ў 18.30. Бачылі, як людзі хадзілі невялікімі групамі.
Вадзім Якубоўскі:
«Затым я пайшоў на Нямігу, хацеў прагуляцца па горадзе. Бачыў, як АМАП пайшоў на людзей, і людзі спалохаліся, і выйшлі на праезную частку. Мы з Андрэем таксама апынуліся на праезнай частцы. Я выкрыкнуў “Міліцыя з народам” і “Жыве Беларусь!”».
Пракурор пытаецца, ці ведае Якубоўскі, што азначаюць гэтыя лозунгі?
Суддзя Карсюк працягвае пытацца:
«У якім месцы канкрэтна стаялі ў счэпцы, ці ведае Якубоўскі, што ён парушаў закон сваім знаходжаннем у горадзе, ці пляскаў у далоні?»
— Праз гучнагаварыцель я чуў, як нас прасілі разысціся.
Суддя Карсюк: «На якой адлегласці знаходзіліся ад вас супрацоўнікі міліцыі?»
— Метраў каля 30-ці, яны кідалі ў нас светлашумавыя гранаты, стрэлаў не было. Я разумеў, за што мяне затрымалі, таму адразу ў РУУСе напісаў яўку з павіннай.
Андрэй Драбатовіч: «Я пайшоў даведацца пра сапраўдныя вынікі выбараў»
«Мы абмяркоўвалі па тэлефоне выбары, па тэліку, ясны пень, праўды не паказваюць. Вырашылі пайсці ў горад, бачыў чалавек сто, яны ішлі паасобку і групкамі. Так званыя супрацоўнікі УУС перашкаджалі нам прайсці далей кінатэатра “Масква”. Канкрэтнай упэўненасці не было, што гэта супрацоўнікі, бо іх твары былі схаваныя. Іх было чалавек сто. Тады нас з Якубоўскім пачалі адціскаць на дарогу, людзей было шмат і немагчыма было застацца на тратуары. Мы ў счэпцы стаялі хвілін пяць, стаялі ў першым шэрагу. Ззаду пад'ехаў вадамёт і пачаў рассякаць натоўп. Тады мы прыкладна ў 22.00 з'ехалі, падвёз нас адзін сябар».
— Ці прызнаеце сваю віну? — пытаецца пракурор.
— Прызнаю, што ўдзельнічаў, але не ў масавых мерапрыемствах, не прызнаю перакрыццё транспарту, яго ўсё роўна не было. Я пайшоў даведацца пра сапраўдныя вынікі выбараў і не планаваў удзелу ў масавых мерапрыемствах.
Пачаўся допыт сведкаў.
Кіроўца з Нацыянальнага аэрапорта Валер’ян Міхневіч кажа, што ўлетку ў жніўні хадзіў на мітынг з Драбатовічам, бачыў яго адзін раз у раёне Палаца спорту. З імі быў яшчэ і Савосцін.
«Я таксама крычаў "Жыве Беларусь" і пляскаў у ладкі, але, калі нас адціснулі, я ўцёк у іншы бок Нямігі», — тлумачыць сведка.
Якубоўскі перапытвае сведку:
— Ці быў аказаны на вас псіхалагічны ціск падчас допыту раней?
— Так.