За чэрвень па «пратэставых» крымінальных справах у Беларусі асудзілі 125 чалавек
У 96% палітычных прысудаў у чэрвені ужываліся пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў маніторынг палітычна матываваных крымінальных спраў, пачатых летась у сувязі з пратэстамі супраць фальсыфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, перадае «Радыё Свабода».
Паводле стану на 1 ліпеня 2021 году колькасьць палітвязняў, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях, установах адкрытага тыпу, СІЗА і пад хатнім арыштам, складае 526 чалавек. З іх 347 ужо асуджаныя да розных тэрмінаў пакарання, у дачыненні да 61 ідзе судовае разбіральніцтва, яшчэ 118 чакаюць суду.
За чэрвень колькасць палітычных зняволеных вырасла на 88 чалавек.
«Вясне» вядома не менш чым пра 125 асуджаных паводле «пратэставых» крымінальных справах у папярэдні месяц.
Геаграфія прысудаў у чэрвені:
- Мінск — 21 чалавек
- Мінская вобласць — 12 (Салігорск, Жодзіна, Маладзечна, Старыя Дарогі)
- Брэсцкая вобласць — 40 (Брэст, Баранавічы, Бяроза, Пінск, Кобрын, Ганцавічы)
- Віцебская вобласць — 6 (Віцебск, Лепель, Чашнікі)
- Гомельская вобласць — 14 (Гомель, Жлобін, Светлагорск, Мазыр)
- Гродзенская вобласць — 21 (Гродна, Ліда, Масты, Дзятлава, Карэлічы, Свіслач)
- Магілёўская вобласць — 11 (Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Круглае)
Віды і памеры пакарання ў «пратэставых» крымінальных справах:
- 131 год 9 месяцаў пазбаўлення волі для 44 чалавек
- 71,5 год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу («хімія») для 34 чалавек
- 63 гады абмежаванні волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы («хатняя хімія») для 38 чалавек
- 1 год і 3 месяцы арышту для 5 чалавек
- 500 базавых велічынь штрафу для 4 чалавек.
Вядома не менш чым пра пяць грамадзян, судовае разбіральніцтва ў дачыненні да якіх скончылася рашэннем аб прымусовым лячэнні (у трох выпадках крымінальныя справы звязаныя з паклёпам і абразай прэзідэнта, у двух — са здзекам з дзяржаўнай сімволікі).
За чэрвень у «пратэставых» крымінальных справах суды ў 35,2% выпадкаў прызначылі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі; 27,2% выпадкаў — абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу; 30,4% выпадкаў — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Штраф як асноўны від пакарання выкарыстоўваўся ў 3,2% выпадкаў.
Такім чынам, пакаранне ў палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» ці арышту ўжывалася ў 96,8% выпадкаў.