Палітвязень Раманаў, які ў калоніі зноў захварэў на рак, чакае аперацыі

50-гадовы жыхар Гомеля Аляксей Раманаў трапіў у калонію за «абразу прэзідэнта». Ён мае інваліднасць другой групы па анкалагічным захворванні. У глыбоцкай калоніі ў яго з’явілася новая пухліна, паведамляе «Свабода».

d619ee93_f922_4e8d_a732_12e5276750c6_w1023_r1_s.webp

Зараз Аляксей — у рэспубліканскім турэмным шпіталі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Ён даслаў ліст сваёй прыяцельцы.

«Ужо месяц, як я знаходжуся ў турэмным шпіталі. У прынцыпе — усё някепска. Ведаю і разумею, каму ў першую чаргу абавязаны тым, што мяне накіравалі сюды. Начмед у Глыбокім, калі выклікала мяне на прыём, пыталася — хто так настойліва за мяне хадайнічае, што патэлефанавалі ёй з Дэпартаменту выканання пакаранняў і рэкамендавалі бліжэйшым этапам накіраваць у Мінск. Дзякуй вам, мае дарагія, і нізкі вам паклон. Беражы вас Бог», — напісаў палітвязень.

Раманаў двойчы ўжо быў у РНПЦ анкалогіі ў Бараўлянах. Там яго аглядалі, кансультавалі, рабілі даследаванні.

«Тут вельмі добрае стаўленне, цудоўныя лекары. Калі б не пэўныя абставіны, то і не скажаш, што знаходзішся ў няволі», — напісаў Аляксей.

Цяпер ён чакае аперацыі і піша, паводле слоў лекараў, што яна будзе нескладанай.

Летам 2020 года Раманаў быў валанцёрам каманды Святланы Ціханоўскай. Ён ездзіў на агітацыйныя пікеты па райцэнтрах Гомельскай вобласці. Пасля на яго завялі крымінальную справу нібыта за абразу беларускага кіраўніка ў Хойніках. На судзе Аляксей сказаў, што не абражаў таго, бо не лічыць Лукашэнку прэзідэнтам. Суд 18 снежня 2020 года пакараў яго зняволеннем на адзін год у калоніі.