Палітзняволенай Вользе Класкоўскай адмовілі ў змякчэнні пакарання

Пра гэта жанчына паведаміла з калоніі, распавядае «Свабода».

49ed8785_ff6e_489f_85ff_a6b87f63a2c0_w250_r0_s.webp

На пасяджэнні ўнутранай камісіі ў папраўчай калоніі № 4 разглядалася пытанне пра замену пакарання Вользе Класкоўскай на мякчэйшае ў сувязі з тым, што яна адбыла дзьве траціны тэрміну.

У снежні мінулага года Вользе прысудзілі два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

«Але камісія адмовіла, таму што я лічуся «злоснай» парушальніцай», — напісала ў лісце Вольга.

За адмову шыць форму для сілавікоў Вольгу Класкоўскую пакаралі карцарам, у якім яна правяла месяц. Пры гэтым ёй забаранілі тэлефанаванні родным, ліставанне, больш за месяц да яе не мог трапіць адвакат.

«Таму камісія ёй і адмовіла, тэрмін застаецца ранейшы — два гады калоніі агульнага рэжыму, — кажа маці Людміла Класкоўская. — Таксама Вольга пісала, што ў калонію прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і Генпракуратуры, якія праводзілі гутаркі, каб высветліць настроі асуджаных наконт таго, ці будуць яны пісаць прашэнне аб памілаванні, калі будзе такая магчымасць. Вольга адказала, што ставіцца да гэтага адмоўна».

Пасля карцару маці атрымала ад Вольгі паштоўку і ліст, таксама мела размову праз тэлефон. Цяпер яна плануе перадаць дачцэ пасылку і рыхтуецца да магчымага доўгатэрміновага спаткання.

«Вольга цяпер у атрадзе, працуе, але форму яна не шые. Ёй нарэшце дазволілі перадаць першую ад сакавіка харчовую перадачу, якую я збіраюся завезці сама, — кажа маці. — Хоць бы пасылку адправіць, каб ёй крышку лягчэй там было. Бо дзяўчына сядзіць бяз мыла і шампуню, гаспадарчым мылам мыла галаву. Гэта адзіны кавалак, які яна ў некага вытаргавала. Таксама ёсць надзея, што ў жніўні адбудзецца першае доўгатэрміновае спатканне, паеду я і дачка».

Людміла сказала, што цяпер на першым плане для яе здароўе дачкі. Яна выслала Вользе чарговую медычную бандэроль з лекамі. Вольга напісала ў лісце, што лекаванне будзе працяглае.

Таксама маці звярнулася да начальніка калоніі з заявай, каб у Вольгі была магчымасць прайсці медычнае абследаванне для прызначэння лекавання.

Начальнік калоніі паведаміў Людміле, што ў Вольгі запланаваныя кансультацыі ў медыкаў гарадзкой паліклінікі — «яна будзе абследавана афтальмолагам, неўролагам і лекарам УЗІ-дыягностыкі для наступнай карэкцыі лекавання».

«Спадзяюся, што гэта адбудзецца, і пра гэта я маю намер даведацца ад адваката, які мяркуе спаткацца з Вольгай бліжэйшым часам, — кажа маці. — Як даведаўся адвакат, калі загадзя наведаў калонію, Вольга ўжо напісала заяву аб спатканні».

Раней адвакат змог трапіць да Вольгі толькі пасля яе выхаду з карцару.

Дагэтуль пяць разоў цягам паўтара месяца яму ў сустрэчы адмаўлялі. З гэтай прычыны Людміла звярталася да начальніка калоніі, а таксама, падчас прамой лініі, — да начальніка ўпраўлення дэпартаменту выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці. Яна прасіла, каб начальнік упраўлення паспрыяў спатканню дачкі з адвакатам у рамках закону. Пасля гэтага на шосты раз адвакату дазволілі сустрэцца з Вольгай.

«Вельмі люблю вас усіх, сумую дужа. Прывітанне і вялікі дзякуй усім тым, хто мяне падтрымлівае. Вельмі хачу ўсіх абняць, упэўненая, што гэта адбудзецца неўзабаве абавязкова», — піша Вольга ў лісце.

Таксама яна напісала, што апошні ліст ад маці быў знішчаны аператыўным аддзелам калоніі з фармулёўкай «змест цынічнага характару». За мінулы тыдзень Вользе не аддалі ніводнага ліста.

«Гэта нонсенс, ведаю, што мне піша вельмі шмат людзей», — напісала Вольга Класкоўская ў лісце.