Андрэй Шарэнда, якога абвясцілі ў вышук, пакінуў Беларусь

«Сёння ў Беларусі стала на аднаго палітвязня менш», — напісаў 2 ліпеня раніцай у сацсетках актывіст Андрэй Шарэнда, паведамляе «Свабода».

ee82b41a_b036_4cf1_828c_29ad62f7fe84_w1023_r1_s_2.webp

Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда

Андрэя абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку, яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Палітвязень Андрэй Шарэнда пакінуў Беларусь, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

«Сябры! Сёння ў Беларусі стала на аднаго палітвязня менш. Дзякуй усім, хто хваляваўся. Барацьба працягваецца. Мы абавязкова пераможам! Галоўнае не спыняцца!» — напісаў 2 ліпеня раніцай у сацсетках актывіст Андрэй Шарэнда.

Андрэя абвінавацілі ў паклёпе на Лукашэнку (артыкул 367 КК). Яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Працэс над актывістам распачаўся ў судзе Маскоўскага раёна Брэста 28 чэрвеня. Аднак сам Андрэй на працэс не прыйшоў, нягледзячы на тое, што знаходзіўся пад хатнім арыштам. Пракурор прапанаваў змяніць Шарэнду меру стрымання на арышт і абвясціць яго ў вышук. Суддзя Вера Філонік пагадзілася з пракурорам.

4 чэрвеня жонку Андрэя актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады зняволення. У Паліны і Андрэя Шарэндаў на выхаванні двое непаўналетніх сыноў, 12 і 5 гадоў.


Як пераследуюць сям’ю брэсцкіх актывістаў

Ад пачатку выбарчай кампаніі Андрэй Шарэнда правёў за кратамі звыш 70 дзён.

17 красавіка да Андрэя Шарэнды прыйшлі з ператрусам, забралі ўсю тэхніку. У той жа дзень распачалі на яго крымінальную справу паводле арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).

У сярэдзіне траўня ў інтэрв’ю «Свабодзе» Андрэй расказаў, што пасля праверкі (паводле Генпракуратуры, прадметам праверкі стала інтэрв’ю ад 29 сакавіка 2021 года, «у якім ад імя мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды змяшчаюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць прэзідэнта Рэспублікі Беларусь») артыкул замянілі на 368 КК («Абраза прэзідэнта»).

31 траўня Андрэя Шарэнду зноў затрымалі і дапыталі. У той жа дзень увечары яго змясцілі пад хатні арышт. Андрэю забаронена карыстацца тэлефонам, у тым ліку месенджарамі.10 чэрвеня пракуратура Брэста паведаміла, што крымінальную справу на Андрэя Шарэнду аб абразе Лукашэнкі накіравалі ў суд.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў актывіста палітзняволеным.

Пераследуюць і жонку Андрэя, актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнда-Панасюк. 9 чэрвеня суддзя Яўген Брэган прызнаў яе вінаватай у гвалце ў дачыненні да міліцыянта і абразе Лукашэнкі ды іншых службовых асоб. Брэган пакараў актывістку 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Яе таксама абавязалі выплаціць 4500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды тром сілавікам.

Паліну затрымалі 3 студзеня. Праз 3 дні яе змясцілі ў Брэсцкае СІЗА.

23 лютага Паліну Шарэнда-Панасюк адправілі на псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі каля Мінска. 4 траўня ёй выставілі абвінавачанне адразу паводле трох крымінальных артыкулаў.

Паліну Шарэнда тры разы за паўтара месяца змяшчалі ў карцар.