Літаратура з турмы. Павал Севярынец: «Тата ўсё яшчэ ў турме за Беларусь»
15 лістапада, у міжнародны Дзень пісьменнікаў у зняволенні, Радыё Свабода і Беларускі Пэн-цэнтр абвесцяць лаўрэатаў прэміі імя Францішка Аляхновіча. Сёння Свабода друкуе новы партрэт літаратара, які працягвае творчасць за кратамі.
Палітык, пісьменнік, сузаснавальнік партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя»
Павал Севярынец нарадзіўся 30 снежня 1976 года. Скончыў з адзнакай Белдзяржуніверсітэт. Са студэнцкіх гадоў уключыўся ў актыўнае змаганне за вольную незалежную Беларусь. Быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў «Маладога Фронту», ладзіў школу «Дыджэі Адраджэння» ды іншыя трэнінгі для моладзі. У 2008-м быў уганараваны прэміяй імя В.Быкава «За свабоду думкі».
Папулярнага лідара адраджэнцкага руху неаднаразова затрымлівалі і падоўгу трымалі за кратамі.
У зняволенні Павал Севярынец напісаў кнігі эсэістыкі «Лісты зь лесу» (2007, прэмія імя А.Адамовіча) і «Беларуская глыбіня» (2013, прэмія імя Ф.Аляхновіча), многія раздзелы раману «Беларусалім».
7 чэрвеня 2020 году, у часе апошняй прэзідэнцкай кампаніі, яго зноў затрымалі. Выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Пазней дадалі «арганізацыю масавых беспарадкаў». Вырак суду: 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Жонка Вольга паведаміла нам, што турэмныя муры не сталі непераадольнай перашкодаю для Паўлавай творчай натуры. Ён прысылае шмат малюнкаў, якія Вольга з сябрамі афармляе ў выглядзе паштовак і распаўсюджвае.
Літаратурных заняткаў таксама не спыніў. «Павал у зняволенні напісаў для Францішка казку, пісаў калыханкі, вершы, публіцыстыку, падрыхтаваў хрысціянскую віктарыну пра свет і Беларусь на 400 пытанняў — людзі дапамагалі яму збіраць пытанні. Таксама ён працягвае працу над трэцяй, заключнай часткай свайго раману „Беларусалім“, які ў многім аказаўся прарочай кнігай. А таксама працуе над кнігай пра сям’ю і каханне, пакуль папярэдняя назва яе — „Воля“», — напісала нам спадарыня Вольга.
У публіцыстычных нататках Павал Севярынец робіць аналіз сучаснага стану беларускага грамадства. Высновы ягоныя аптымістычныя:
«Многія прыкметы паказваюць: асэнсаванне ідзе ў маштабах краіны. Знешні ціск толькі паскарае працэс. Беларусы рыхтуюцца да таго, што гісторык Гумялёў назваў „пасіянарным выбухам“ — культурным, ментальным, духоўным».
Гэтаму асэнсаванню прысвечана і заключная, трэцяя частка раману «Беларусалім», якую ён піша за кратамі.
Дасланыя спадарыняй Вольгай фотафрагменты турэмных твораў Паўла Севярынца паказваюць, апрача іншага, яшчэ і роўны, спакойны почырк аўтара, які сведчыць пра сілу перакананняў, упэўненасць у слушнасці абранага шляху і нязломнасць духу. Пра што б ні пісаў увязнены літаратар, ягоныя тэксты напоўненыя верай у будучыню і вернасцю сваім ідэалам.
Вось фрагменты казкі для сына Францішка.
«Даўным-даўно, тысячу гадоў таму, белы Божы анёл ляцеў па-над балотамі, лясамі і рэчкамі, якія ляжалі паміж двума морамі — Балтыйскім і Чорным. Творца адправіў анёла агледзець край, у які хацеў прыйсці Сын Божы, Ісус Хрыстос.
Дарог у той час не было, людзі перасоўваліся на ладдзях па рэках, перацягвалі чаўны ды караблі паміж ручаямі і так траплялі ў невялікія агароджаныя сценамі з дрэва гарады. Але анёл шукаў не дарогу. Сын Божы Ісус Хрыстос перамяшчаецца ў сэрцах людзей, таму белы анёл выглядваў сэрцы...
...Чарцяняты, якіх мы, людзі, не бачым, кожную хвіліну падбіваюць нас на зло, а светлыя анёлы ахоўваюць нас, дапамагаюць нам выбраць дабро і ісці за Богам...
...Анёл падляцеў бліжэй, так, што былі відаць і вушы, і пальцы людзей. І яму здалося, што адно сэрца — чалавека, які сядзеў на носе ладдзі, — свеціць ярчэй, чым у астатніх...»
Не толькі пра шчаслівыя казачныя падзеі піша Павал Севярынец сыну з турмы, але і наказвае гаварыць праўду пра суровую рэчаіснасць.
«Калі будуць у цябе пытацца, дзе тата, так і адказвай: „Тата ў турме за Беларусь“. Бог гэта дапускае на некаторы час».
Жонка Вольга на свой дзень народзінаў атрымала ад каханага верш, поўны надзвычайнай пяшчоты і веры ў хуткую сустрэчу з ёю.
Анёлы ў небе сьпяюць «Алелюя!»Насустрач новаму дню,І хай нішто цябе не хвалюе —У дзьверы я пазваню.
Выпрабаваньня няма звыш сілаў,Як у цудоўным сьне.Таму не сумуй, Каханая, Мілая,Проста чакай мяне.
Пра прэмію імя Аляхновіча
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысвяцілі драматургу і рэжысёру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
2013: Ігар Аліневіч2014: Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандр Фядута, Ірына Халіп2017: Мікола Дзядок, Зміцер Дрозд, Андрэй Саннікаў і Леанід Пятрэнка2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін
15 лістапада — Дзень пісьменнікаў у зняволенні
15 лістапада Міжнародны ПЭН-клуб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменнікаў у зняволенні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменнікаў і журналістаў, якія зазнаюць пераслед у выніку ажыццяўлення свайго права на свабоду выказвання. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім свеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасць насельніцтва аб несправядлівым зняволенні і іншых формах агрэсіі ў дачыненні да пісьменнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасць са зняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.
Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменнікі ў зняволенні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў свеце было забіта больш за 35 пісьменнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменнікі ў зняволенні», адзначае:
«Пісьменнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім свеце ў турмах сядзяць сотні пісьменнікаў, і многія церпяць пераслед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нервуюць урад. Пісьменнікі — гэта сумленне грамадства, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і камп'ютарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».