Следчыя пачалі вяртаць рэчы зняволенага журналіста Дзяніса Івашына
Цяпер Дзяніс Івашын проста сядзіць — яго ніхто не дапытвае, нічога яму не паведамляюць, і лісты ён не атрымлівае, распавяла журналістам яго жонка Вольга Івашына.
Журналіста Дзяніса Івашына трымаюць у гродзенскай турме з сакавіка 2021 года. Аднак, паводле слоў сваякоў, ніякіх следчых дзеянняў у дачыненні да яго не праводзяць. Праваабаронцы прызналі Івашына палітычным вязнем.
Цягам апошніх дзён з жонкай журналіста Вольгай Івашынай пачалі адбывацца дзіўныя рэчы: яе запрасілі «на гутарку» ў КДБ і пачалі вяртаць рэчы Дзяніса, адабраныя падчас ператрусу.
З Вольгай Івашынай размаўляе карэспандэнт службы маніторынгу БАЖ.
— Мы да сёння не ведаем, што адбываецца са справай Дзяніса. Следчы ад нас усё хавае, усё засакрэчана, і адвакат нічога не можа сказаць. Адзінае, што адбываецца апошнімі днямі, — той самы следчы праз амаль 11 месяцаў палону Дзяніса праявіў жаданне ўбачыць мяне і ўрэшце дапытаць,— кажа Вольга Івашына. — Праўда, гэта ўсё дзіўна выглядала: спачатку ён мне сказаў, што хоча аддаць рэчы, потым высветлілася, што і дапытаць. Следчы нават выслаў мне поштай позву, але я атрымала яе пазней за той час, у які мусіла ісці на допыт. На наступны дзень пасля атрымання гэтай дзіўнай позвы я патэлефанавала дзяжурнаму і паведаміла, што не магла явіцца і ў прынцыпе не збіраюся да іх ісці. У мяне няма ні магчымасці, ні часу, ні жадання хадзіць. Напісала ім заяву, што, згодна з Канстытуцыяй, не збіраюся сведчыць супраць сябе і мужа. Пакуль размовы скончыліся.
— Ці ёсць нейкая інфармацыя пра здароўе Дзяніса? Напрыканцы мінулага года была інфармацыя, што Дзяніс меў праблемы з сэрцам.
— Са здароўем у яго ўсё нармалёва. Але ён проста сядзіць — яго ніхто не дапытвае, нічога яму не паведамляюць, і лісты ён не атрымлівае. Адзіная навіна, звязаная з Дзянісам, — што 2 лютага нам вярнулі частку рэчаў, якія забралі летась у сакавіку.
— А чым тлумачылі гэтае вяртанне рэчаў? Ці быў нейкі дакумент кшталту вопісу вяртання рэчаў?
— Вопісу вяртання рэчаў не было, а маці правярала паводле таго пратакола вынятку рэчаў, які быў складзены падчас ператрусу ў сакавіку 2021 года. Дзяніс аддаў непатрэбнае зараз яму і пакінуў сабе тое, што спатрэбіцца ў так званым «судзе». Сярод рэчаў, якія вярнулі, — мой ноўтбук і некалькі тэлефонаў, у тым ліку тэлефон, падораны Дзянісам мне незадоўга да яго затрымання.
— Што новага кажа адвакат пра справу Дзяніса?
— Адвакат нічога новага і цікавага сказаць не можа, бо ўсе адвакаты цяпер пад падпіскай аб неразгалошванні.
— Можа, вы ведаеце, каму з іншых людзей піша лісты Дзяніс?
— Мы не можам дабіцца нічога наконт ліставання з Дзянісам. Ужо амаль пяць месяцаў няма лістоў да нас, і ніхто не атрымлівае. Ён спрабаваў дасылаць паштоўкі на Новы год і на Каляды — нічога не дайшло.
Нагадаем, Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года ў Гродне па падазрэнні ў парушэнні арт. 365 Крымінальнага кодэкса («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў»). У яго дома і ў жыллі сваякоў тады сілавікі правялі ператрусы, адабралі камп’ютары, тэлефоны, лічбавыя носьбіты. Напярэдадні журналіст апублікаваў у газеце «Новы Час» расследаванне пра байцоў расфармаванага ва Украіне спецпадраздзялення «Беркут», якія перайшлі на службу ў беларускую міліцыю. Інфармацыю для публікацыі Дзяніс браў з агульнадаступных крыніц.
19 сакавіка Івашына зрабілі абвінавачаным па гэтай справе. З моманту затрымання яго ўтрымліваюць пад вартай.
2 верасня 2021 года стала вядома, што Дзянісу Івашыну выставілі новае абвінавачанне — за «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК РБ). Пра гэта паведаміла Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці Вользе Івашынай у пісьмовым адказе на яе зварот.
Журналісту пагражае да 15 гадоў зняволення. Напісаць ліст Дзянісу Івашыну можна на адрас:
Турма № 1. 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Івашыну Дзянісу Яўгенавічу.