Леанід Судаленка: «Да восені ўсе «палітычныя» будуць дома»

У гадавіну свайго арышту і змяшчэння ў СІЗА №3 Гомеля Леанід Судаленка, старшыня Гомельскага аддзялення праваабарончага цэнтра «Вясна», у лісце з-за кратаў узгадвае пагадзінна падзеі дня свайго затрымання і разважае наконт судовай сістэмы ў Беларусі на прыкладзе сваёй справы.

Леанід Судаленка ў судзе. Фота: «Гомельскія ведамасці»

Леанід Судаленка ў судзе. Фота: «Гомельскія ведамасці»

Больш за год таму — раніцай 18 студзеня 2021 года па дарозе ў офіс — праваабаронца трапіў у ізалятар часовага ўтрымання Гомеля. Пра гэта піша «Гомельская Вясна».

«Сёння роўна год, як я заехаў у гомельскі цэнтрал. Год таму ў гэты дзень аператыўнікі мяне забралі на службовай "Шкодзе" у 11.00 з ІЧУ і прывезлі ў абласны СК.

Я тады быў абсалютна перакананы, што крымінальная справа будзе па ч. 2 арт. 342 КК РБ, якая не дае права на ўтрыманне да суду пад вартай, і думаў, што адпусцяць дадому. Менавіта пра гэта я пісаў у сваім адкрытым лісце, які быў надрукаваны пасля майго затрымання.

Гэтую ўпэўненасць мне даў намеснік міністра МУС Казакевіч, які напярэдадні па ТБ у вечаровым эфіры, каментуючы вобшук, які прайшоў у маім офісе, казаў менавіта пра другую частку, якая прадугледжвае максімальна 2 гады пазбаўлення волі.

Але я памыліўся, ці, дакладней, не чакаў такога безмежаку, калі яны мне дадалі яшчэ і частку першую арт. 342 — да 3-х гадоў, што дало легальнае права закрыць да суду і мяне, і Таццяну (Ласіца — памочніца Судаленкі. — Заўв. рэд.).

Адкуль мне было ведаць, што 19 студзеня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ІЧУ і не была яшчэ распачатая справа, у СК супраць мяне даў паказанні Какойта (Яўген Катляроў. — Заўв. рэд.), які галаслоўна абвінаваціў мяне ў арганізацыі ўсіх пратэстаў у Гомелі. Гэтыя яго паказанні чалавек у мантыі суддзі паклаў у аснову абвінавачання ў прысудзе, а яго трое калег з апеляцыйнага суда іх зацвердзілі. У абодвух выпадках служыцелі Феміды адхілілі маё хадайніцтва аб допыце Катлярова, але, відаць, у іх была іншая задача — засудзіць мяне любой цаной.

Каля 13.00 мне было прад’яўлена абвінавачанне па абедзвюм часткам арт. 342 КК. Ад такога безмежаку ў мяне тады падняўся ціск, з носу пайшла кроў, выклікалі "хуткую".

Сяргея Краснова маім адвакатам не дапусцілі ў СК, прызналі яго сведкам. Так з’явілася Ганна Паўлюк, якая потым паціху «злілася», і жонка наняла дзяжурнага адваката Вікторыю Фаменка, якая дайшла са мной да прысуду.

Па сутнасці, гэты клоўн Какойта даў паказанні яшчэ да ўзбуджэння справы, што незаконна, але гэтая акалічнасць нікога не здзівіла. Я патрабаваў распачаць супраць яго крымінальную справу за ілжэсведчанне абласны СК, пракуратуру і КУС. Занялі колавую абарону — пакуль яго выгароджваюць.

Менавіта па гэтай прычыне я думаю і суд зрабілі закрытым, а не публічным. Таму што іншым разам — не да законаў, калі трэба любой цаной.

Пасля абеду мяне год таму спусцілі ў падвал, дзе я прасядзеў у клетцы да 18.00. У 19.00 прыкладна мяне завезлі сюды ў СІЗА. Забралі грошы, шнуркі ды іншае. Далі 10 хвілін памыцца ў душы — і вось ужо год як я тут.

Узнікае пытанне — нашто ўладзе ўсе гэтыя ліпавыя прысуды, якія дакладна будуць адмененыя? Бо нават у СССР пры моцнай КПСС палітычных рэпрэсаваных рэабілітавалі. Цяпер іншы час — і, думаю, гэта адбудзецца хутчэй.

Значыць, трэба дзень прастаяць ды ноч пратрымацца. Іншага тлумачэння таму, што адбываецца ў Беларусі, калі ў краіне ўжо за тысячу "палітычных", я не бачу.

Думаю, пройдзе яшчэ гэтая мітусня вакол Канстытуцыі — і да восені пытанне "палітычных" усё роўна давядзецца вырашаць. Таму, думаю, да восені ўсе "палітычныя" будуць дома. Гэта мае прагнозы з турэмнай камеры, дзе радыёкропка і газета "СБ" фармуюць маю навінавую павестку».

Нагадаем, 18 студзеня 2021 года кіраўніка гомельскай філіі «Вясны» Леаніда Судаленку затрымалі па дарозе ў офіс і абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «навучанні і падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні» (ч. 2 арт. 342 КК).

За сваю праваабарончую дзейнасць Леанід Судаленка быў ганараваны прэстыжнай французскай прэміяй «Свабода — Роўнасць — Братэрства» ў 2019 годзе. У тым жа годзе беларускай праваабарончай супольнасцю ён быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека ў намінацыі «Праваабаронца года».

3 верасня 2021 года ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля распачаўся працэс над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі «Вясны» Таццянай Ласіца і Марыяй Тарасенка. Суддзя Сяргей Салоўскі вынес пастанову, якой вырашыў праводзіць суд у закрытым пасяджэнні на працягу ўсяго разбіральніцтва.

3 лістапада 2021 года суд пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўлення волі, а 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў яго апеляцыйную скаргу. 26 студзеня палітзняволенага Леаніда Судаленку этапавалі ў папраўчую калонію №3 «Віцьба».