Вольга Лойка распавяла ў лісце пра вялікую страту

За час зняволення ў рэдактара папулярнага беларускага партала Вольгі Лойкі памёр бацька, паведамляюць праваабаронцы. Лойка знаходзіцца ў СІЗА ўжо больш за восем месяцаў.

volha_lojka.jpg

Пра вялікую страту, а таксама пра хваробу сястры Вольга расказала ў адным з апошніх лістоў, адзначае Еўрарадыё.  

"Вельмі разумею ваш боль. У мяне, пакуль я тут, памёр бацька, а старэйшая сястра прайшла вельмі складанае лячэнне, якое расцягнулася на 8.5 мемяцев. І кожны дзень, кожны ліст — на нервах, на вечным пачуцці віна, што ўжо не нагнаць", — піша рэдактар знішчанага беларускімі ўладамі партала.

Паводле яе слоў, яна адчувае бездапаможнасць, "немагчымасць не тое, што дапамагчы, але нават нармальна падтрымліваць". Але пры гэтым згадвае, што роспач — страшны грэх. Таму піша пра неабходнасць быць аптымісткай нават у страшныя часы, цытуе Аляксандра Дзюма, яго ўрывак з "перачытанага тут залпам "Графа Монтэ-Крыста": "уся чалавечая мудрасць заключаная ў двух словах: чакаць і спадзявацца".

Вольгу Лойкам разам з калегамі з навінавага партала затрымалі 18 мая 2021 года. Першапачаткова паведамлялася, што супрацоўнікаў медыя затрымалі ў рамках крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК РБ). Аднак у кастрычніку 2021 года ў СК заявілі, што "ў дачыненні да службовых асоб і працаўнікоў "ТУТ БАЙ МЕДЫЯ" і іншых асоб распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзейсненае групай асоб) Крымінальнага кодэкса Беларусі".

Праваабаронцы прызналі Вольгу Лойка і яе калег палітвязнямі.