Праваабаронцу Леаніда Судаленку этапавалі ў калонію

Палітзняволены праваабаронца Леанід Судаленка 26 студзеня быў пераведзены ў выпраўленчую калонію №3 «Віцьба».

screenshot_63_1.jpg


14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў апеляцыйную скаргу праваабаронцы і пакінуў прысуд у сіле, нагадвае REFORM.by.

Леаніда Судаленку затрымалі ў пачатку 2021 года і асудзілі паводле ч. 1 і 2 арт. 342 КК на тры гады калоніі, абвінаваціўшы ў «фінансаванні і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Як распавёў у сваіх лістах Судаленка, у віну яму ставіліся:

  • эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям са шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
  • відэа на Ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
  • заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомеля Марыю Тульжанкову пасля 15 сутак;
  • семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
  • аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.

Уплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» мяркуе, што Судаленку і яго каляжанку Таццяну Ласіца, асуджаную разам з ім, пераследуюць па абсалютна надуманых абвінавачаннях, звязаных з мірнымі пратэстамі ў адказ на парушэнні падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

«Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца не здзейснілі аніякага міжнародна прызнанага крымінальнага дзеяння, прысуд ім — пакаранне за іх законную праваабарончую дзейнасць, якое разам з крымінальным пераследам іх калег па праваабарончым цэнтры “Вясна” з'яўляецца часткай развязанай уладамі Беларусі кампаніі па знішчэнні грамадзянскай супольнасці і задушэнні асноватворных правоў чалавека ў краіне. Судаленка і Ласіца павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя», — заявіла дырэктарка «Amnesty International» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.