У Беларусі ўжо 1007 палітвязняў. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 12 чалавек
Праваабарончыя арганізацыі сёння, 27 студзеня, выступілі з супольнай заявай аб прызнанні 12 новых палітычных зняволеных.

У супольнай заяве праваабарончых арганізацый адзначаецца: “У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў”.

Новымі палітвязнямі прызнаныя наступныя асобы, пазбаўленыя волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Руслан Сінчукоў асуджаны па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да 1 года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
- Мікалай Берднікаў асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Анатоль Выдрын асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Дзмітрый Цыб асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Мікалай Белазёраў асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Мікалай Кавалеўскі асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Мікіта Палеонак узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады;
- Андрэй Корабаў узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі;
- Мікалай Віцікаў узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК – распальванне варожасці за ліст ў раёную газету з прапановамі па канстітуцыйнай рэформе;
- Алег Канавалаў узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК за каментары па “справе Зельцара” і размяшчэнні ў інтэрнэце “інфармацыі анцідзяржаўнага кшталту”;
- Андрэй Мышкавец узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 369 і 130 КК за каментары па “справе Зельцара”;
- Арцем Жэрнак узяты пад варту па абвінавачванні па ч. 3 арт. 293 і арт. 361 КК за падрыхтоўку ўдзельнікаў масавых беспарадкаў і заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый).

Праваабаронцы лічаць пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі. Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх. А таксама прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў ды спыніць усе раней распачатыя па гэтых артыкулах крымінальныя справы.