Алесь Пушкін: суд адбудзецца да 4 лютага і хутчэй за ўсё будзе закрыты
«Суд адбудзецца да 4 лютага і хутчэй за ўсё будзе закрыты», — напісаў у адным з лістоў на волю мастак і палітвязень Алесь Пушкін. Паводле яго слоў, «усё засакрэчана».

Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года. Пра тое, што яго крымінальную справу накіравалі ў суд, стала вядома ў сярэдзіне студзеня, нагадвае Еўрарадыё.
Мастака абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (выстаўленне на выставе ў Гродне партрэта ўдзельніка пасляваеннага беларускага антысавецкага руху Яўгена Жыхара) і «здзеку над дзяржаўнымі сімваламі» (перфоманс у Кіеве ў сакавіку 2021-га), яму пагражае да 12 гадоў зняволення.
Па версіі Генпракуратуры, Пушкін «здзейсніў дзеянні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый». Крамолу ўбачылі і ў іншых яго творах, акцыях. Следчы камітэт прыгадаў нават перформанс 1999 года, калі мастак прывёз да Адміністрацыі прэзідэнта тачку гною ў якасці падарунку.