Мікола Дзядок сустрэў Новы год у карцары
Палітзняволены журналіст і актывіст анархісцкага руху і блогер Мікалай Дзядок у лісце з магілёўскай турмы распавёў, што на Новы год яго змясцілі ў карцар.

Прычына, па якой журналіста і палітвязня змясцілі ў карцар, як і тэрмін пакарання, невядомыя. Таксама Мікола ў лісце напісаў пра свае надзеі:
«Згодзен, што абавязкова ўсе будзем дома, але вось хутка ці не, гэта ўжо прадказаць цяжка. Будзем верыць у лепшае, але будзем гатовыя да ўсяго».
Мікола распавёў, што цяпер чытае мемуары Генры Форда — «досыць цікава». На чарзе — «Майстар і Маргарыта».
Як піша палітвязень, гэта будзе яго другая спроба, бо першая — у 16 гадоў — была няўдалай.