«Вясёлы і ўпэўнены». Статкевіч атрымаў яшчэ адно спатканне з жонкай

Марына Адамовіч сустрэлася з мужам у СІЗА-3 Гомеля і расказала, чым найбольш цікавіцца Мікола Статкевіч за кратамі.

fb0ff657_57fe_4c19_8d18_1f70db2c202c_cx8_cy6_cw90_w1200_r1.jpg


Як расказала Марына Адамовіч, сустрэчы з мужам адбываюцца ў агароджанай шклом кабінцы, размаўляць можна толькі праз тэлефон. З сабой на спатканне не дазваляюць браць паперу і іншыя рэчы, толькі бутэльку вады і лекі. Каб трапіць у памяшканне СІЗА на сустрэчу з родным чалавекам, чаргу ля будынка турмы займаюць а 5-й раніцы.

«Мікола выглядае як заўсёды, — кажа Марына Адамовіч. — Мне здаецца, што ён абсалютна не мяняецца. Як быццам вось толькі ўчора мы з ім развіталіся, а сёння ён зноў такі самы — вясёлы і ўпэўнены. Адзінае, што мне кінулася ў вочы, — у Міколы свежы і загарэлы твар і бела-жоўтыя рукі. Як быццам з воску. Гэта выклікана тым, што прагулачныя дворыкі СІЗА размешчаныя на даху будынка, а зверху яшчэ накрытыя паветкай. І сонца амаль не трапляе туды, выключна рэдка. Мікола кажа, што калі сонца трапляе, то ён стараецца там прагульвацца. Але яго хапае толькі на твар, рукі ўжо не дастаюць».

Як кажа Марына Адамовіч, муж надзіва добра арыентуецца ў падзеях у краіне і свеце. Мікола Статкевіч па-ранейшаму адзін у камеры і мае доступ толькі да дзяржаўных газет і тэлебачання, але нават гэтага яму хапае, каб разумець, што на самой справе адбывалася ў Казахстане.

«Мікола нават жартаваў і мне тлумачыў, як правільна іх трэба разумець, — дзеліцца Марына Адамовіч. — Склаў свой слоўнічак. Маўляў, калі там гавораць пра "вонкавае ўмяшанне" і "лялькаводаў", то гэта трэба разумець як "незадаволенасць народа". Калі пра дэмакратыю — то гэта таксама адпаведна трэба разумець. Я нават папрасіла мне ў лісце гэты слоўнік пераслаць, каб самой можна было глядзець дзяржаўныя СМІ».

Марына Адамовіч кажа, што Міколу Статкевіча найбольш цікавяць падзеі ў краіне. Праз жонку палітвязень «правярае» свае высновы, зробленыя на падставе той інфармацыі, якая трапляе да яго ў камеру.

«Распытваў пра падзеі ў Казахстане, — гаворыць Марына Адамовіч. — Прыгадаў, што калі там у 2019 годзе пачынаўся транзіт улады, то яшчэ тады ён сказаў, што гэта самая няўстойлівая канструкцыя. Бо любы, самы лаяльны і бязвольны новы лідар непазбежна будзе нарошчваць мускулы, абрастаць хаўруснікамі. Такая канструкцыя не можа быць устойлівай. Пра новую Канстытуцыю таксама шмат пытаў. Лічыць яе вельмі вар’яцкай канструкцыяй».

Як кажа Адамовіч, Мікола Статкевіч па-ранейшаму не сумняваецца ў змене ўлады ў Беларусі і называе цяперашнія падзеі «нашай адтэрмінаванай перамогай і іх адкладзенай паразай».

«Мне здаецца, што Мікалай нават у тых умовах здольны дзяліцца аптымізмам з намі ўсімі, — кажа Марына Адамовіч. — Якой бы я стомленай ні была, ледзьве жывой нават, я з сустрэч з Міколам выпырхваю. Так і пасля прысуду было, і зараз».

Паводле слоў Марыны Адамовіч, пра магчымы тэрмін пераводу ў калонію пакуль нічога не вядома. Гэта можа адбыцца толькі пасля разгляду апеляцыі, што можа заняць працяглы час.

За кратамі Мікола Статкевіч знаходзіцца з 31 траўня 2020 года. 14 снежня 2021 суддзя Мікалай Доля прызнаў яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў і прысудзіў 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі асобага рэжыму.