Тая ж флюараграфія. Чаму абавязковая вакцынацыя не парушае правы чалавека

У Аўстралію не пусцілі зорнага тэнісіста Новака Джокавіча праз адсутнасць прышчэпкі ад каронавіруса. У Кітаі і Расіі дзейнічае сістэма так званых QR-кодаў, без якіх чалавек пазбаўлены многіх жыццёвых радасцей. У Аўстрыі на гэтым тыдні абвясцілі пра абавязковую вакцынацыю для ўсіх, каму споўнілася 18 гадоў. ЗША, Францыя, Канада, Украіна і шмат якія іншыя краіны таксама заканадаўча зацвярджаюць прышчэпкі як неабходны метад барацьбы з пандэміяй.



regnum_translation_1638363062_original__1_.jpg

Штам «Амікрон» крочыць па планеце, грукаючы кантагіознымі сваімі абцасамі. Статыстыка інфікавання зноў імкліва і трывожна расце. На барацьбу з сусветнай навалаччу зноў мабілізуюцца надзвычайныя рэсурсы, частка якіх можа падацца ледзьве не дыскрымінацыйнымі.

Краіны, дзе заканадаўча зацверджаныя прышчэпкі як неабходны метад барацьбы з пандэміяй

Краіны, дзе заканадаўча зацверджаныя прышчэпкі як неабходны метад барацьбы з пандэміяй

Галоўны з такіх — вядома, тая самая абавязковая вакцынацыя. У лайтовым выпадку — для некаторых сацыяльных катэгорый (лекары, педагогі і г. д.), у крайнім — увогуле для ўсіх.

Хочаш пачувацца паўнавартасным членам грамадства? Прад'яві сертыфікат аб вакцынацыі. Хочаш спаць спакойна — мала своечасова заплаціць падаткі. Трэба яшчэ ўкалоцца і забыцца. Забыцца на пакаранне ў адваротным выпадку, якое будзе куды больш жорсткім, чым у тэнісіста Джокавіча. Калі гэтак пойдзе і далей, то хутка з'явяцца спецыяльныя атрады паліцыі ў чорных кашулях, што будуць хадзіць па кватэрах і правяраць гэтае антыкавіднае «манту».

Зразумела, што праціўнікаў вакцынацыйнай «абавязалаўкі» хапае ва ўсім свеце. І далёка не ўсе з іх — цемрашалы-антываксеры ў каптурах з фальгі, якія лічаць прышчэпкі падкопамі сусветнага закулісся. Многія з іх цалкам адэкватныя людзі, якія стаяць на зямлі абедзвюма нагамі, а абавязковую прышчэпку ўспрымаюць як форму прымусу. І, значыць, як парушэнне базавых правоў чалавека.

«Моё тело — моё дело», — гавораць яны, галасуючы за выключна добраахвотны характар вакцынацыі. Яны выходзяць на пратэсты ў краінах заходняй дэмакратыі, і пратэсты гэтыя не заўсёды маюць мірны характар. Яны за свабоду, а якая можа быць свабода, калі ў твае дзверы грукаецца нехта са шпрыцам у руцэ? Яны за правы чалавека, а дзе тыя правы, калі без прышчэпкі цябе не бяруць на працу і не пускаюць заўзець на стадыён, куды хадзіў яшчэ твой дзед?

0afb408e_4db1_42d2_912c_a872843a9db0_cx0_cy4_cw0_w1023_r1_s.jpg

Канешне, такая антыкавідная палітыка ў краінах, дзе дазволена многае — ад аднаполых шлюбаў да лёгкіх наркотыкаў — выглядае дзіўна і выклікае кагнітыўныя рэфлексіі. Аднак ці сапраўды абавязковая вакцынацыя руйнуе павагу да асобы і правы чалавека? Хтосьці, магчыма, здзівіцца, але адказ адмоўны. Не, не руйнуе і не парушае. Усё добра з правамі чалавека там, дзе праз лакдаўн забаронена выходзіць на вуліцу, а без вакцыны лёгка адчуць сябе асобай другога гатунку.

Чаму? Давайце разбірацца, як кажуць калегі з аднаго «экстрэмісцкага» медыя.

Першае — хрэстаматыйнае. Любая дзяржава, нават самая дэмакратычная, абмяжоўвае чалавечую вольнасць — законамі, якія трэба выконваць. Любое грамадства таксама абмяжоўвае — этыкай, мараллю, традыцыямі. Калі ты ўзяў чужое, даў выспятка суседу або, не дацярпеўшы, справіў некаторую фізіялагічную патрэбу ў ліфце, па цябе прыйдуць нават у звышталерантнай Даніі. Бо такія правілы, якія сфарміравала большасць. Калі ў выніку наступных выбараў большасць зменіцца, яна, магчыма, спецыяльным дэкрэтам і дазволіць расшпільваць гульфік у ліфтах і пад'ездах. Але пакуль гэтага рабіць нельга.

Зрэшты, гэта абсалютна базавая рэч, таму занадта круціць кружэлку не будзем. Пойдзем далей.

Другое — аналогіі. У нашым жыцці дастаткова прыкладаў таго, як дзяржава ўкараняе сваё гледзішча фактычна ў аднабаковым парадку. Узяць тое ж даследаванне лёгкіх метадам рэнтгену — наўпрост флюараграфію. Усе ведаюць, што гэта такое («Удыхнуць і не дыхаць!»). І ўсе разумеюць, што без каштоўнага цэтліка з пячаткай нельга прайсці ні адну медкамісію і, адпаведна, уладкавацца на ўлюбёную працу. Ды што там: нельга нават атрымаць правы кіроўцы. І калі ты паслядоўны праціўнік рэнтгену, то вунь прыпынак, трамвай прыйдзе хутка.

Вакцынавацца не хочуць у тым ліку праз тое, што гэта можа быць шкодна для здароўя. Дык флюараграфія шкодная апрыёры (рэнтгенаўскія прамяні наносяць шкоду), але без яе чалавек не мае поўнай вартасці.

Вядома, дастаткова пары клікаў, каб даведацца, што «прагрэсіўнае чалавецтва» ад флюараграфіі адмаўляецца, але ж гэта адбываецца толькі таму, што вынайдзены іншыя — больш бяспечныя — метады скрынінгу. То-бок гэта не сталася вынікам імкнення да свабоды і масавых пратэстаў за правы чалавека. Нічога не чуваць дагэтуль пра сусветны рух супраць абавязковага сканавання з дапамогай рэнтгену.

І такіх аналогій можна знайсці шмат. У працяг пра кіроўцаў — дзе ліга планетарных барацьбітоў за права сядаць за стырно з кепскім зрокам? Ну і што, што за дваццаць метраў я не бачу ні халеры? Гэта не нагода мяне дыскрымінаваць.

Дзе сусветная кааліцыя за дазвол курыльшчыкам паліць у кінатэатрах і аэрапортах? Дзе міжнародная асацыяцыя барацьбы супраць чыпавання шляхам усеагульнай выдачы пашпартоў? Дзе шматтысячныя маніфестацыі за святое права чалавека заяўляцца ў храм з майткамі на галаве? Лётаць не прышпільваючыся. Хадзіць на чырвонае святло. Жыць у грамадстве — і быць вольным ад гэтага грамадства, як казаў вядомы правадыр пралетарыяту.

Трэцяе — высновы. Свабода чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Любы з жыццёвых напрамкаў утыкаецца ў буйкі, а ідэальнае грамадства бывае толькі ў «Горадзе Сонца» і іншых утопіях. Грамадства ж рэальнае можа існаваць толькі на прынцыпах агульнага (і часта негалоснага) кансэнсусу — як важкага дапаўнення да грунтоўных нормаў дэмакратыі.

Наконт усяго, што пералічана вышэй, кансэнсус ужо даўно і беспаваротна знойдзены. Ёсць непарушная згода адносна і медыцынскіх камісій, і вострага зроку ў кіроўцаў, і абмежаваных лакацый для курыльшчыкаў і выпівак. І датычна шмат чаго яшчэ, уключаючы дрэс-коды ў храмах і правілы паводзінаў у іншых адмысловых месцах.

Кансэнсус шукаецца лягчэй, калі справа ідзе пра здароўе і бяспеку, таму і вакцынацыя як такая не лічыцца сусветным злом. Наадварот, слова «прышчэпка» вядомае чалавеку ад малых гадоў: прышчэпка ад слупняку, прышчэпка ад дыфтэрыі, ад поліяміэліту, ад адзёру. Многія дзеці пераносяць гэтыя ўколы з безуважнасцю героя савецкай камедыі, якога прышчыплялі ад міфічнага яшчура. І не думаюць пра сусветную змову і картэльныя дамоўленасці фармацэўтычных карпарацый.

6d6368d04500.jpg

Адметнасць вакцынацыі ад COVID-19 менавіта ў тым, што тут кансэнсусу пакуль няма. Чаму няма — пытанне асобнае і няпростае. Аднак агульнае паразуменне відавочна адсутнічае, і таму ў свеце такая турбулентнасць па гэтай тэме. Пакуль праціўнікі прышчэпак трываюць, і іх рашучасці не менее нават пасля гучнай кавіднай смерці чарговага селеба-антываксера.

Аднак працэс ідзе. І калі пандэмія не скончыцца раней, то і згода адносна вакцынацыі як найлепшага спосабу барацьбы з каронавірусам абавязкова будзе дасягнутая. І ніхто тады ўжо не скажа пра крызіс дэмакратыі і знявагу правоў чалавека.

Фота currenttime.tv, regnum.ru, РІА «Новости».