Тайланд 1 лютага адновіць уезд прышчэпленых турыстаў без каранціну

Улады Тайланда прынялі рашэнне пра аднаўленне з 1 лютага рэгістрацыі ў турыстычнай праграме Test & Go, якая дазваляе цалкам прышчэпленым ад каронавіруса падарожнікам, калі яны прыбудуць у каралеўства, не праходзіць каранцін, піша ТАСС.

Фота з сайта v-thailand.com

Фота з сайта v-thailand.com

Пра гэта ў чацвер на брыфінгу паведаміла кіраўнік аддзела навін міністэрства замежных спраў Каралеўства Мараці Наліта Андама. Цяпер турыстычная праграма Test & Go распаўсюджваецца на ўсіх падарожнікаў, якія прыбываюць з любых краін.

"Рэгістрацыя ў праграме Test & Go адновіцца 1 лютага 2022 года, — падкрэсліла яна. — Вандроўцы з усіх краін [і тэрыторый], а не толькі з 63 раней пазначаных, могуць падаваць заявы па гэтай схеме". "Спатрэбіцца здаць два ПЦР-тэсты — па прыбыцці і на пяты дзень знаходжання ў краіне", — сказала Мараці і нагадала пра неабходнасць мець адмоўны тэст пры пасадцы на самалёт.

Паводле яе слоў, вандроўцы павінны забраніраваць гасцініцу на першы і пяты дзень знаходжання ў краіне, а таксама загадзя аплаціць два ПЦР-тэсты. "Гэта могуць быць розныя гатэлі", — удакладніла яна. Разам з тым Мараці Наліта Андама сказала, што з 1 лютага схема "Пясочніца", адной з асноўных умоў якой з'яўляецца абавязковае сямідзённае знаходжанне ў межах пэўных тэрыторый, распаўсюдзіцца на новыя раёны. "Дададуцца востраў Чанг у правінцыі Трат, а таксама раёны Бангламунг, Сірача, востраў Січанг і Патайя ў правінцыі Чанбуры", — адзначыла прадстаўнік МЗС.