У тэрытарыяльных камісіях на рэферэндуме па Канстытуцыі не будзе прадстаўнікоў апазіцыі

Больш за 1,8 тысячы чалавек увайшлі ў склад 153 тэрытарыяльных камісій па канстытуцыйным рэферэндуме ў Беларусі. Сярод іх няма прадстаўнікоў апазіцыі.

084a0000_0aff_0242_0094_08d9db169475_cx0_cy33_cw0_w1023_r1_s.webp


У склад тэрытарыяльных камісій уключылі 1099 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку палітычныя партыі. Увайшлі 80 прадстаўнікоў Кампартыі Беларусі, пяцёра сяброў Ліберальна-дэмакратычнай партыі, тры сацыял-дэмакраты ад партыі Народнай згоды і адзін чалавек з Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, паведамляе ТАСС са спасылкай на Цэнтарвыбаркам.

Сярод грамадскіх абʼяднанняў найбольшае прадстаўніцтва — у Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (321 чалавек), абʼяднання «Белая Русь» (150), Беларускага саюзу жанчын (136) і БРСМ (125), якія падтрымліваюць курс дзейнай улады.

Нікога з апазіцыйных кандыдатаў у склад камісій не ўключылі. Адмову атрымалі 18 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», па адным прадстаўніку партыі «Зялёныя» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Астатнія не вылучалі сваіх кандыдатаў.

Участкі для галасавання павінны ўтварыць не пазней за 1 лютага, камісіі — да 6 лютага. На рэспубліканскім рэферэндуме можна будзе прагаласаваць датэрмінова з 22 да 26 лютага. Асноўнае галасаванне на рэферэндуме пройдзе 27 лютага.