Святлана Калінкіна: Новая Канстытуцыя — вяртанне ў часы СССР
Беларусам абяцалі, што абноўленая канстытуцыя будзе рыўком да дэмакратыі і народаўладдзя, але ў апошні момант у тэкст была закладзеная бомба, піша Святлана Калінкіна ў «Народнай Волі».
На народнае абмеркаванне выносіўся праект Асноўнага закона, у якім было зафіксавана, што «дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і меркаванняў». Аднак у праекце, які прапанаваны на рэферэндум, фармулёўка змененая. Зараз частка першая артыкула 4 абвяшчае: «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы, разнастайнасці палітычных інстытутаў і меркаванняў».
Удакладненне істотнае. Таму што яно азначае вяртанне ў часы СССР, калі камуністычная ідэалогія была дзяржаўнай, Кампартыя мела статус «кіруючай і накіроўваючай сілы грамадства», а дзяржаўную палітыку апрыёры трэба было лічыць правільнай і справядлівай.
Зладзілі канвеер рэпрэсій, расстрэльвалі людзей. Правільна!
Раскулачвалі і высялялі з нажытых месцаў сялян, знішчылі самых лепшых у сельскай гаспадарцы. Слава савецкай краіне!
Галадамор. Так і трэба!
Абвясцілі антынавукай генетыку. Партыя не можа памыляцца…
Праца за працадні-палачкі, ГУЛАГ, увод войскаў у Афганістан, адсутнасць у крамах элементарных рэчаў ва ўгоду гонцы ўзбраенняў і падтрымцы краін Афрыкі... Усё адпавядала дзяржаўнай ідэалогіі. І цяпер мы да гэтага вяртаемся. З той толькі адзнакай, што ў Канстытуцыі, па якой беларусам прапанавана жыць у ХХІ стагоддзі, не прапануецца аднапартыйная сістэма. Партый можа быць некалькі. Але з новай фармулёўкі артыкула Канстытуцыі вынікае, што ўсе партыі павінны быць праўладнымі. Гайдукевіч са сваімі сябрамі застаецца, а Барысаў з сацыял-дэмакратамі — на выхад!
І логіка тут простая. Хто праводзіць дзяржаўную ідэалогію? Улада. Калі вы супраць улады або яе нейкіх дзеянняў, значыць, гэта ўжо не тая дэмакратыя, якая прадугледжаная нашай Канстытуцыяй.
Пры гэтым, што такое ідэалогія беларускай дзяржавы, пытанне так да канца і не высветленае. Нягледзячы на тое, што на гэтую тэму напісаны кнігі і падручнікі, курс ідэалогіі выкладаюць у вну, ідэолагі працуюць на прадпрыемствах. Але калі папрасіць сфармуляваць выразна і ясна, то выразнага адказу не будзе.
Па змесце, гэта, хутчэй за ўсё, тое, што скажа Лукашэнка. Скажа «прытрымліваемся палітыкі шматвектарнасці», — значыць, шматвектарнасць. Скажа «на Захадзе ворагі, а Беларусь — абложаная крэпасць», — значыць, адгароджваемся ад свету.
Калі казаць пра сутнасць, то ідэалогія беларускай дзяржавы ў цяперашняй стадыі — гэта ілюстрацыя старой савецкай песні: «Мы мірныя людзі, але наш бронецягнік стаіць на запасным шляху».
Па форме... А формы няма. Таму што ідэалогія дзяржавы — гэта нацыянальная ідэя, якая аб'ядноўвае, мабілізуе, якая дазваляе людзям розных перакананняў прыйсці да ўсведамлення агульных каштоўнасцей, спрыяе ўсталяванню ў грамадстве атмасферы згоды і стварэння. На гэтую тэму сказана шмат слоў, напісана шмат кніг. Але нацыянальную ідэю беларуская дзяржава так і не сфармулявала. Не скажаш жа, што наша ідэя — захаванне ва ўладзе Лукашэнкі і тых, хто побач з ім.
Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя беларуская інтэлігенцыя паставіла пытанні: «Адкуль мы? Хто мы? Куды мы ідзем?» І сфармулявала нацыянальную ідэю аб беларускай дзяржаўнасці. Цяпер у нас ёсць дзяржава. Але дзе ў гэтай дзяржаве беларусы? Хто ў гэтай дзяржаве шараговыя грамадзяне? Куды мы рухаемся, кіраваныя дзяржаўнай ідэалогіяй, сфармуляванай на ўзроўні «за ўсё добрае, супраць усяго дрэннага»? Адказаў на гэтыя пытанні няма.
І цяпер нам прапанавана пагадзіцца з тым, што ў Беларусі будзе ўвасоблены ў жыццё армейскі «жарт гумару»: «Пункт 1. Камандзір заўсёды мае рацыю. Пункт 2. Калі камандзір не мае рацыю, чытай пункт 1».
І гэта зусім не смешна.