Праваабаронцы: абмеркаванне Канстытуцыі мела характар агітацыі
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» выдала першую справаздачу, у якой ацаніла падрыхтоўку да канстытуцыйнага рэферэндуму.
![bd9bff19b9913a282f1221fb417584de.jpg bd9bff19b9913a282f1221fb417584de.jpg](/img/v1/images/bd9bff19b9913a282f1221fb417584de.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Праваабаронцы адзначаюць, што рэферэндум праходзіць на фоне глыбокага грамадска-палітычнага крызісу, які пачаўся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, і вельмі цяжкой атмасферы рэпрэсій. Да гэтага дадаецца напружанае міжнароднае становішча, выкліканае магчымым узброеным канфліктам паміж Расіяй і Украінай, а таксама расійска-беларускімі ваеннымі вучэннямі, піша Еўрарадыё.
Беларускія ўлады, як кажуць праваабаронцы, не зрабілі ніякіх спробаў ліквідаваць у выбарчым заканадаўстве фактары, якія выклікалі крызіс у жніўні 2020 года.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што з тэкстам праекта новай рэдакцыі Канстытуцыі людзі змаглі пазнаёміцца толькі за месяц да галасавання, хаця ўлады анансавалі змены больш за два гады таму. Само абмеркаванне праекта, праведзенае пераважна ў працоўных калектывах «хутчэй насіла характар агітацыі».
Падчас абмеркавання праекта, падкрэсліваюць праваабаронцы, ніяк не ўлічваліся крытычныя меркаванні, сам працэс быў фармальным.
У экспертную місію па ацэнцы рэферэндуму ўвайшлі праваабаронцы Беларускага Хельсінкскага камітэта і праваабарончага цэнтра «Вясна».