Праз два месяцы блакады прыйшоў ліст Паліны Шарэнда-Панасюк да сына
Праз два месяцы блакады сваякі атрымалі ліст ад палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Пра гэта ў сацсетках напісаў яе муж Андрэй.
Ліст адрасаваны іх старэйшаму сыну Славаміру, перадае «Еўрарадыё».
«Прывітанне, мой любы і дарагі сыночак, гэта мама. Пакуль не магу абняць цябе так моцна і горача як хачу, але спадзяюся неўзабаве гэта зрабіць. Ты нарэшце перарос мяне, буду цяпер глядзець на цябе знізу ўгару, а не наадварот. Нязвыкла, але я ганаруся, што ў мяне ты такі вырас, Славамір», — цытуе Андрэй Шарэнда пачатак ліста.
Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) да 18 сакавіка. Ёй забароненыя ўсе віды перадач і пасылак, закупы ў турэмнай краме. Пасля гэтага яе чакае этап на Магілёў у турму.
Па словах мужа, днямі да палітзняволенай змог трапіць адвакат. «Нягледзячы ні на што, яна трымаецца, спрабуе жартаваць і перадае ўсім, хто ёй піша і хвалюецца за яе, вялікае “Прывітанне” і “Жыве Беларусь!”» — піша Андрэй Шарэнда.
Паліна Шарэнда-Панасюк асуджаная на два гады пазбаўлення волі. Яе прызналі вінаватай ва ўжыванні гвалтаў супраць міліцыянтаў і абразе іх, а таксама абразе прэзідэнта. На судзе жанчына выступіла з бліскучай абвінаваўчай прамовай супраць рэжыму.
Яе муж разам з дзецьмі быў вымушаны пакінуць Беларусь пад пагрозай крымінальнай справы.