Брэсцкую актывістку Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на 2 гады зняволення

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 9 чэрвеня агучылі вырак актывістцы, маці двух непаўналетніх сыноў Паліне Шарэнда-Панасюк.

20210111_ber_sharenda_08_khar_1.jpg


За гвалт і абразу міліцыянтаў, абразу Лукашэнкі і іншых службоўцаў суддзя Яўген Брэган пакараў Паліну Шарэнда-Панасюк 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Яна таксама мусіць сплаціць 4500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды траім міліцыянтам, піша «Радыё Свабода».

Усяго пацярпелымі прызналі 7 міліцыянтаў.

Паліна Шарэнда-Панасюк назвала суд палітычна матываваным. На пасяджэнні 7 чэрвеня яна адмаўлялася ўставаць на загад суддзі, называла суд злачынствам і палітычна матываваным пераследам.

У апошнім слове 8 чэрвеня яна сказала, што ўсе прысуды ўжо «загадзя прапісаныя».

Паводле абвінавачання, 29 снежня Паліна Шарэнда-Панасюк апублікавала ў тэлеграм-канале «Брест: Слухи и факты» відэаролік, дзе абразіла міліцыянтаў. Відэа яна зняла падчас затрымання мужа Андрэя.

3 студзеня, калі муж быў у ізалятары, да Паліны прыйшлі, каб правесці ператрус. Яна была дома з малодшым сынам і адмовілася адчыніць дзверы. Тады іх выбілі. Паліну затрымалі.

Пазней у справе напішуць, што актывістка перашкаджала міліцыянтам і спрабавала сарваць маску. Гэта расцэняць як крымінальнае злачынства.

23 лютага яе адправілі на псіхіятрычную экспертызу ў мінскія «Навінкі», 4 траўня ёй выставілі абвінавачанне адразу паводле трох крымінальных артыкулаў: «Абраза прэзідэнта», «Абраза прадстаўніка ўлады», «Гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі».

Пераследуюць і мужа Паліны. 17 красавіка ў Андрэя Шарэнды правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку. Нагодай стала інтэрв'ю Андрэя ад 29 сакавіка, у якім міліцыя ўгледзела абразу Лукашэнкі і заклікі да «дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы». 31 траўня Андрэя зноў затрымалі, дапыталі і змясцілі пад хатні арышт.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» прызнаў актывіста палітзняволеным. Паліна гэтага статусу пакуль не мае, паколькі да выраку суда палітвязнямі не прызнаюцца тыя, хто абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяннях.