Да Рамана Пратасевіча дапусцілі адвакатку — упершыню за 11 дзён
Бацька Рамана Пратасевіча паведаміў, што на следчых дзеяннях 8 чэрвеня сына 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Ужо паўмесяца ад Рамана не даходзяць лісты.
Бацька зняволенага журналіста Рамана Пратасевіча расказаў, што да сына ў СІЗА КДБ нарэшце дапусцілі адвакатку. Дзмітрый Пратасевіч паведаміў са слоў адвакаткі, што Раман перанёс цяжкую форму танзіліту. Гэта запаленчы працэс у паднябенных міндалінах, які суправаджаецца пачырваненнем і болем, перадае «Радыё Свабода».
«У яго былі праблемы з горлам. Якое лячэнне надалі, як яны яго лячылі — нам да канца невядома. Будзем праз адваката ўдакладняць усе гэтыя пытанні», — заявіў Пратасевіч-старэйшы.
Адвакатка Інэса Аленская не магла трапіць да Рамана цягам 11 дзён. Напярэдадні следчыя дзеянні з ім доўжыліся 7 гадзін. Аднак падпіска аб неразгалошванні, якую давала адвакатка, не дазваляе ёй перадаваць бацькам зняволенага і журналістам падрабязную інфармацыю. Вядома толькі, што Пратасевіча ўвесь гэты час не адпускалі нават у прыбіральню.
Каментуючы прапагандысцкае відэа з удзелам сына, Дзмітрый Пратасевіч назваў яго «здзекам».
«Яны хочуць пачуць ад яго тое, што хоча пачуць Лукашэнка. І на гэта ўсё накіравана. Што “апазіцыя жыве на грошы Захаду”. Мы гэта чуем 26 гадоў. Што “ў апазіцыі раскол”. Гэта таксама мы чуем… Што “апазіцыя ні да чаго не прыдатная, ім патрэбныя толькі грошы, яны жывуць на заходніх грантах, нічога не вартыя і як асобы нічога не ўвасабляюць”. Вось асноўны пасыл, чаго ад яго хацелі дамагчыся», — лічыць бацька палітвязня.
Здароўе Рамана выклікае ў родных асцярогу. Дзмітрый Пратасевіч абураны тым, што сыну нельга перадаваць кнігі, а грошай, якія даслалі на яго рахунак у турме, там дагэтуль чамусьці няма. Акрамя таго, з 25 траўня ад Рамана няма лістоў.