Забойства дзеля прэміі
Калумбія перажывае сапраўдны народны бунт. Неверагодны градус гвалту, які цяпер праяўляецца, наўпрост звязваюць з нежаданнем улад расследаваць нядаўнія факты забойстваў сілавікамі цывільных асоб для атрымання грашовых прэмій і дзеля кар’ернага росту.
Як трапна заўважыў Алег Ясінскі, вядомы спецыяліст па Лацінскай Амерыцы, Калумбія — унікальная краіна. Напэўна, гэта ледзь не адзіная краіна на кантыненце, якая за ўсю сваю гісторыю не ведала вопыту дыктатуры і знешне заўсёды жыла паводле Канстытуцыі. Між тым, здараліся ў Калумбіі дні, калі сілавікі забівалі колькасна больш цывільных асоб, чым ва ўсіх краінах рэгіёна, дзе пры ўладзе на той момант знаходзіліся ваенныя або паліцэйскія рэжымы.
Такі парадокс можна растлумачыць асаблівай прававой культурай калумбійскіх улад, якая грэбліва ставіцца да законаў або бачыць у іх крыніцу для ўзбагачэння. У тым ліку гэта выявілася і ў выпадку так званага «Falsos positivos».
Лічыцца, што жудасная гісторыя «Falsos positivos» пачалася ў сярэдзіне нулявых падчас адміністрацыі прэзідэнта Альвара Урыбе. Яму ў спадчыну ад папярэднікаў дасталася праблема партызанкі. Нагадаем, што прыкладна з пачатку 1960-х калумбійскія леварадыкальныя групоўкі FARC і ELN вядуць партызанку, рэкрутуючы байцоў з індзейцаў і сялян.
Паколькі папярэднія спробы вырашыць партызанскае пытанне праваліліся, Урыбе і яго дарадцы задумаліся наконт новых рэцэптаў. У прыватнасці, з’явілася ідэя прапанаваць вайскоўцам матэрыяльны стымул — грашовыя прэміі або новыя званні за забітых герыльерас. Факт расправы над забітымі партызанамі павінен быў пратакаліравацца адмысловымі інспектарамі. На базе дакумента планавалася разлічваць памер бонусу.
Напэўна, ідэя заахвочвання павінна была стымуляваць салдат больш смела атакаваць паўстанцаў.
Аднак вельмі хутка вайскоўцы знайшлі больш лёгкі спосаб зарабіць абяцаныя прэміі. Яны пачалі завабліваць бедных мірных жыхароў у аддаленыя раёны краіны, прапаноўваючы ім добрую працу. Калі нанятыя работнікі прыязджалі ў прызначанае месца, іх забівалі, пераапраналі ў форму партызан — і выдавалі за забітых у сутычках паўстанцаў. Такім чынам можна было досыць хутка атрымаць падвышэнне па службе або грашовыя ўзнагароджанні.
Доўгі час гэтую практыку афіцэры трымалі ў сакрэце. Скандал выбухнуў толькі ў 2008 годзе, калі 22 чалавекі з мястэчка Соачы, якіх нанялі на працу, былі знойдзеныя мёртвымі ў некалькіх сотнях міль ад роднага горада. Пазней вярбоўнік прызнаўся, што ён атрымаў 500 долараў ад калумбійскага афіцэра за кожнага чалавека, якога ён завербаваў і даставіў ім у вызначанае месца.
Як і варта было чакаць, спачатку кіраўніцтва Мінабароны ўсё адпрэчвала. Інфармацыя пра забойствы маляваліся як фэйкі з мэтай запляміць вайскоўцаў і падарваць іх баявы дух. Максімум, на што пагадзіліся ўлады, — змяніць сістэму падліку загінулых і адправіць на пенсію тузін генералаў.
Аднак неўзабаве хаваць факты стала немагчыма. У выніку ў чэрвені 2012 года па справе забойства жыхароў Соачы шэсць вайскоўцаў былі асуджаныя да доўгіх тэрмінаў турэмнага зняволення. Па стане на чэрвень 2012 года ва ўсіх частках краіны было расследавана ў агульнай колькасці 350 такіх спраў, і па 170 справах былі вынесеныя прысуды.
Следства па фактах забойстваў працягваецца, і з кожным днём падрабязнасці становяцца ўсё больш страшнымі. Паводле даных расследавання, у перыяд з 2002 па 2010 год агулам сілавікі забілі 10 тысяч мірных жыхароў, якіх потым выдалі за баявікоў FARC і ELN.
Пры гэтым праваабарончыя групы сцвярджаюць, што судовыя справы ідуць занадта павольна, што, ўласна, не дзіўна. Некаторыя журналісты і юрысты лічаць, што фігурантамі працэсаў павінны стаць экс-прэзідэнт і шэраг яго бліжэйшых дарадцаў па сілавым блоку. Ёсць інфармацыя, што яны ведалі пра тыя забойствы. Нейкім чынам быў датычным да забойстваў нават адзін з амбасадараў ЗША, якія традыцыйна падтрымліваюць калумбійскую адміністрацыю.
У гэтым плане можна дапусціць, што зацягванне спраў наконт «Falsos positivos» і адсутнасць вердыктаў у дачыненні да злачынцаў садзейнічала росту радыкальных антысістэмных настрояў у калумбійскім грамадстве.
Канчатковы вынік можна назіраць сёння ў інфармацыйных стужках. Ужо месяц у краіне працягваюцца пратэсты, нагодай для якіх стаў праект падатковай рэформы. І хоць кіраўнік дзяржавы ад ідэі рэформы даўно адмовіўся, пагасіць бунт не атрымліваецца. Штодня паступаюць паведамленні пра новыя ахвяры.
28 траўня ў горадзе Калі ўзброеныя асобы, сярод якіх былі супрацоўнікі паліцыі, адкрылі агонь па дэманстрантах, журналістах, якія асвятлялі пратэсты, і проста па мінаках. Сярод загінулых ёсць супрацоўнік паліцыі, якога ў адказ забілі пратэстоўцы. Агулам загінулі 14 чалавек і 98 чалавек атрымалі раненні, 54 з іх — з агнястрэльнай зброі. ААН аператыўна заклікала сілавікоў і грамадзян спыніць гвалт і пачаць дыялог.