На актывістку Алену Гнаўк завялі яшчэ дзве крымінальныя справы
На берасцейскую актывістку, пенсіянерку Алену Гнаўк завялі яшчэ дзве крымінальныя справы, яна застаецца пад арыштам.

У сераду, 26 студзеня, Алена Гнаўк павінна была выйсці з ІЧУ пасля 15 сутак арышту, аднак сваякі яе не дачакаліся. Па тэлефоне ім паведамілі, што распачата яшчэ дзве крымінальныя справы, на падставе адной з якіх Алена застанецца ў ІЧУ яшчэ на тры дні, перадае REFORM.by.
Нагадаем, Алену Гнаўк называюць «берасцейскай Нінай Багінскай». Яна сумарна асуджаная на тры гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову па «справе карагодаў», а таксама за абразу Лукашэнкі ў зале суда.
У студзені яе асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі», нібыта за «пікетаванне мяшкамі». У ІЧУ ёй забаранілі перадаваць перадачы, чытаць і пісаць. Яна абвяшчала галадоўку.