Пракурор запрасіў для брэсцкай актывісткі Алены Гнаўк сумарна тры гады «хатняй хіміі»
У судзе Ленінскага раёна Брэста 2 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзідэнта») супраць 64-гадовай брэсцкай актывісткі Алены Гнаўк. У пачатку мая яе асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» па «справе карагодаў», яна ўжо адбывае пакаранне. Цяпер пенсіянерцы пагражае яшчэ адзін тэрмін, адзначае «Вясна».
Справу разглядае суддзя Дзмітрый Куроўскі,
дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае Міхаіл Булыгін.
Згодна з матэрыяламі справы, Алена Гнаўк 20 красавіка 2021
года, знаходзячыся ў зале Дома правасуддзя ў г. Брэсце, у ходзе яе допыту ў
якасці абвінавачанай у межах іншай крымінальнай справы выказалася фразай, у
якой утрымлівалася абраза ў адрас кіраўніка дзяржавы.
Паводле слощ пенсіянеркі, на разглядзе «справы
карагодаў» яна сказала: «9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не
зусім здаровы псіхічна чалавек...»
Як паведаміла сама Алена, памочнік пракурора — Аляксей
Бараноўскі — які падтрымліваў абвінавачванне на «справе карагодаў», напісаў
дакладную запіску на імя пракурора Брэста, у якой засведчыў аб «нанясенні
цяперашняму прэзідэнту Лукашэнку цяжкай абразы, што ўнясе напружанне і
дэстабілізацыю ў краіне».
Алена на судзе віну не прызнала. Яна падала хадайніцтва аб
спыненні крымінальнай справы і аб прызначэнні незалежнай лінгвістычнай
экспертызы. Але суддзя Куроўскі адхіліў хадайніцтвы абвінавачанай.
Брэсцкая «Вясна» паведамляе, што пракурор Булыгін
просіць пакараць Гнаўк двума гадамі «хатняй хіміі». А ўлічваючы яшчэ
і пакаранне ў два гады абмежавання волі без накіравання па «карагоднай справе»,
сумарна пакараць трыма гадамі «хатняй хіміі».
Прысуд абвесцяць заўтра, 3 верасня, у 15:00.
Актывістка цяпер адбывае пакаранне ў выглядзе «хатняй
хіміі» і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе па крымінальнай справе па
ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.
Алену Гнаўк 7 мая асудзілі па «справе
карагодаў» па ч. 1 арт. 342 КК да двух гадоў «хатняй хіміі». 24
ліпеня прысуд уступіў у сілу.