Асуджаную сёння Алену Гнаўк другі раз за дзень павезлі ў міліцыю

Пра гэта паведаміла брэсцкай «Вясне» дачка Гнаўк, гаворыць «Радыё Свабода».

Алена Гнаўк

Алена Гнаўк


3 жніўня ў судзе Ленінскага раёна Брэста вынеслі прысуд 64-гадовай Алене Гнаўк. Саму Гнаўк яшчэ і затрымалі за фільмаванне прамовы суддзі падчас абвяшчэння выраку.
Суддзя Дзмітры Куроўскі прызнаў жанчыну вінаватай у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і прысудзіў ёй 2 гады «хатняй хіміі». Аднак праз тое, што Гнаўк з 24 ліпеня адбывае іншае пакаранне (у траўні ёй прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі» па так званай «карагоднай справе»), усяго ёй належыць адбыць тры гады «хатняй хіміі».
Напярэдадні такі ж самы тэрмін для абвінавачанай запрасіў пракурор Міхаіл Булыгін.
Алена Гнаўк стала здымаць на відэа, як суддзя зачытвае ёй прысуд. За гэта яе затрымалі і адвезлі ў Ленінскі РАУС. Потым яе прывезлі ў суд, дзе суддзя Шурын пачаў яе судзіць за «непавагу да суду».
Як паведаміла брэсцкая «Вясна», каля 18-й гадзіны ў пасяджэнні абвясцілі перапынак да панядзелка. Аднак, калі Гнаўк выходзіла з суда, да яе падышлі міліцыянты і прапанавалі паехаць ў Следчы камітэт «проста пагутарыць». Калі яна адмовілася, яе сілай пасадзілі ў аўтамабіль і зноў павезлі ў РАУС. Невядома, на якой падставе яе затрымалі цяпер.

У чым абвінавацілі актывістку на ранейшым судовым працэсе?


Згодна з матэрыяламі справы, Алена Гнаўк 20 красавіка 2021 года, знаходзячыся ў зале брэсцкага Дома правасуддзя, падчас допыту ў якасці абвінавачанай у межах іншай крымінальнай справы выказалася фразай, у якой змяшчалася абраза ў адрас кіраўніка дзяржавы.
Сама Алена Гнаўк раней расказала, што на разглядзе «карагоднай справы» падчас свайго выступу яна сказала: «9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы, прабачце, псіхічна чалавек...» Пасля гэтага, паводле слоў Гнаўк, памочнік дзяржабвінаваўцы Аляксей Бараноўскі напісаў дакладную запіску на імя пракурора Брэста пра «нанясенне цяперашняму прэзідэнту Лукашэнку А. Р. цяжкай абразы, што нясе напружанне і дэстабілізацыю ў краіне».
У выніку суд над жанчынай па гэтай справе пачаўся 2 верасня. Паводле звестак праваабаронцаў, на першым пасяджэнні пэнсіянерка віны не прызнала. Яна падала хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы і прызначэнні незалежнай лінгвістычнай экспэртызы. Але суддзя Куроўскі яго адхіліў.

Пераслед Гнаўк працягваецца


Раней Алена Гнаўк паведаміла, што пракурор Бараноўскі, які прысутнічаў на судзе па «карагоднай справе» ў якасці абвінаваўцы, спрычыніўся не толькі да завядзення крымінальнай справы, але таксама і да адміністрацыйнай. Прычынай стала нібыта «дэманстрацыя экстрэмісцкай літаратуры ў залі суда Маскоўскага раёна Брэста». За гэта 19 жніўня Гнаўк чарговы раз затрымалі і змясцілі ў брэсцкі ізалятар часовага ўтрымання. На наступны дзень раніцай Алена Гнаўк напісала ў Фэйсбуку, што яе вызвалілі, а пратакол па справе накіравалі на дапрацоўку.
Потым у сацсетках Гнаўк падкрэсліла, што Бараноўскі, магчыма, не ведаў, што чалавек караецца толькі за распаўсюд экстрэмісцкай кнігі, а не за яе дэманстрацыю. Таму актывістка спадзяецца, што справу, распачатую супраць яе, урэшце ўсё ж закрыюць.