Сына святара судзяць за шкоду бяспецы Беларусі. Ён пакінуў два «няправільныя» каментары ў сацсетках

Гродзенца Андрэя Аўсіевіча судзяць за тое, што прынёс шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі, а таксама — што абразіў міліцыянта. Прычына ў тым, што ён напісаў у сеціве два «незаконныя» каментары. Яму пагражае да 7 гадоў калоніі па адным артыкуле і да 3 гадоў — па другім.

Андрэй Аўсіевіч у судзе / Фота Hrodna.Life

Андрэй Аўсіевіч у судзе / Фота Hrodna.Life


Праз Тэлеграм абразіў міліцыянта і пагражаў нацыянальнай бяспецы Беларусі


Як раней паведамляў партал Hrodna.life, Аўсіевічу 27 гадоў, па адукацыі ён слесар-трактарыст, змяніў некалькі прац у Гродне, выязджаў на заробкі за мяжу. Апошнім часам даглядаў бацьку-святара, які раней служыў у Свята-Пакроўскім саборы, а цяпер мае інваліднасць.
Аўсіевіча затрымалі 4 траўня 2020 года. Ён ужо амаль 4 месяцы пад вартай. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 Крымінальнага кодэкса) і «Заклікі да дзеянняў, якія накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспубліцы Беларусь» (арт. 361 КК).
Справу разглядае суддзя Гродзенскага абласнога суда Мікалай Рачынскі, пракурор — Людміла Герасіменка.
Паводле абвінавачання, першы каментар фігурант пакінуў 14 лістапада 2020 года, абразіўшы ім міліцыянта Максіма Чарткова. У каментары было рускае слова «ущербный». Міліцыянт, якога прызналі пацярпелым па справе, запатрабаваў з крыўдзіцеля 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды, бо, сярод іншага, нібыта праз гэта ён пасварыўся са сваёй дзяўчынай і ледзь не разышоўся з ёй.
Другі каментар Аўсіевіч пакінуў у адным з тэлеграм-каналаў 20 снежня 2020 года — і, паводле версіі міліцыі, прычыніў ім шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Гродзенец прызнаў сваю віну толькі ў «абразе міліцыянта».

Экспертка не знайшла ў каментарах заахвочвання да гвалту


Трэцяга верасня ў судзе заслухалі судовую экспертку са стажам 14 гадоў, якая праводзіла экспертызу каментароў Аўсіевіча. Яна высвятляла, ці ёсць у яго словах заахвочванне да прычынення шкоды адной групай асоб другой групе асоб. У выказванні яна выявіла дзве групы: 1) «мусора» — супрацоўнікі міліцыі і 2) «людзі» — не супрацоўнікі міліцыі.
Экспертка не знайшла ў выказваннях Аўсіевіча заахвочванняў да гвалту або да іншых дзеянняў. Як яна патлумачыла, у каментары не было адпаведных канструкцый, абаротаў, дзеясловаў.
Выразы з каментара кшталту «будзеце боўтацца на слупах», «вас будуць вешаць», паводле спецыялісткі, — гэта апісанне магчымай будучыні, гэта дапушчэнне абвінавачанага наконт таго, як могуць развівацца падзеі. Аднак, патлумачыла яна, у допісе Аўсіевіча няма ўдакладненняў, хто менавіта і што менавіта будзе рабіць, каб такая будучыня здарылася.
— Гэта сьцьвярджэнне? — удакладніў суддзя пра згаданыя абароты.
— Гэта дапушчэнне, — паўтарыла экспертка.
Працяг судовага працэсу над Андрэем Аўсіевічам пройдзе ў Гродзенскім абласным судзе 8 верасня.
Паводле «Радыё Свабода».