Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы — тры і два з паловай гады калоніі
Суд Цэнтральнага раёна Гомля 3 лістапада вынес прысуд праваабаронцу Леаніду Судаленку і валанцёрцы «Вясны» Тацяне Ласіцы.
Суддзя Сяргей Салоўскі, які разглядаў справу, асудзіў Судаленку на тры гады пазбаўлення волі, Ласіцу — на два з паловай гады зняволення, піша Радыё Свабода.
Валанцёрцы Марыі Тарасенка прысуд не выносілі, бо яна напярэдадні абвяшчэння выраку з’ехала за мяжу.
Суд над праваабаронцам Леанідам Судаленкам і валанцёркамі «Вясны» Тацянай Ласіцай і Марыяй Тарасенкай распачаўся 3 верасня. Усіх іх вінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), і «навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні» (ч. 2 арт. 342 КК).
Разгляд справы суддзя Сяргей Салоўскі па прапанове пракурораў Яўгена Фартушняка і Кірыла Вышнякова праводзіць у закрытым рэжыме.
Як распавёў у сваіх лістах Судаленка, у віну яму ставіліся:
- эпізод з дровамі, якія Леанід прывёз дзецям з шматдзетнай сям’і, бацьку якой потым асудзілі за «беспарадкі»;
- відэа на ютубе з «Рудабельскай паказухі», дзе праваабаронца тлумачыць блогеру Андрэю Павуку, што такое пратэст людзей;
- заклік у сацсетках сустрэць з ІЧУ жыхарку Гомлю Марыю Тульжанкову пасьля 15 сутак;
- семінар па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў;
- аплата штрафаў, пошлін за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.