Вольга Івашына: Самае страшнае для злачыннай сістэмы — агалоска ейных злачынстваў
Вольга Івашына паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што пасля розгаласу інфармацыі пра тое, што Дзяніс зноў знаходзіцца ў карцары, і яго не можа наведаць лекар, да палітвязня ўсё ж дапусцілі лекара.
«Усё ж пазіцыя не маўчаць нашмат больш эфектыўная. Самае страшнае для злачыннай сістэмы — агалоска ейных злачынстваў, — піша Вольга. — Таму шчыра заклікаю беларусаў не маўчаць, а крычаць пра ўсе незаконныя дзеянні, парушэнні і злачынствы супроць вас!
Пасля ўзнятага намі вэрхалу да Дзяніса Івашына ў карцар урэшце патрапіў доктар, таму цяпер наш ваяр інфармацыйнага фронту фізічна адчувае сябе нармалёва. І нават холад не надта моцна даймае. А апроч іншага, не дакучаюць сукамернікі цыгарэтным дымам ды пустымі размовамі».
Вольга распавяла, што Дзяніс Івашын у зняволенні піша вершы ды не забывае пра фізічныя практыкаванні.
Журналіст Дзяніс Івашын за кратамі ўжо 292-і дзень. Яго затрымалі 12 сакавіка 2021 года ў Гродна, змясцілі ў абласную турму № 1. Палітвязень неаднойчы трапляў у карцар. Цяпер ён зноў там ужо тыдзень. Жонка Івашына паведамляла, што Дзяніс Івашын схуднеў, у яго абвастрыліся праблемы са здароўем. Сам ён яшчэ ў лістападзе напісаў заяву на сустрэчу з доктарам у турме. Але доктар яго наведаў толькі цяпер.