Мікалая Дзядка паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду»
Адміністрацыя магілёўскай Следчай турмы №4 працягвае ціснуць на палітзняволенага актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Цяпер яго паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва».
Яшчэ 15 снежня бацька Мікалая Аляксандр Дзядок распавёў, што на сына складаюць рапарты за парушэнні, якія ён не здзяйсняў, а таксама адмаўляюць у аказанні медыцынскай дапамогі.
16 снежня — на наступны дзень пасля спаткання з бацькам — палітвязня адміністрацыя Следчай турме № 4 у Магілёве паставіла на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду і членашкодніцтва».
Пра гэта напісаў сам грамадскі актывіст і журналіст «Новага Часу» Мікалай Дзядок:
«На наступны дзень пасля спаткання з бацькам мяне паставілі на прафілактычны ўлік як "схільнага да суіцыду і членашкодніцтва" — за тое, што 6 гадоў таму я парэзаў рукі і жывот у ШІЗА ў Горках. Падумалася, што раней наша пакаленне збірала фішкі, маркі і налепкі, а цяпер - прафулікі. Засталося яшчэ сем (усяго 10 катэгорый) — і будзе поўны камплект. Толькі для гэтага трэба будзе пачаць збіраць абшчак і гуляць у азартныя гульні».
У Следчую турме № 4 у Магілёве палітвязня перавялі 22 лістапада. Мікалаю Дзядку прысуд ужо агучылі, але ён яшчэ не ўступіў у законную сілу. Таму пакуль на палітвязня распаўсюджваюцца правілы, якія тычацца абвінавачаных, а не асуджаных. Разгляд апеляцыйных скаргаў Мікалая Дзядка адбудзецца 25 студзеня а 9.30 у Вярхоўным судзе (Мінск, вул. Арлоўская, 76).
Нагадаем, Мікалая Дзядка затрымалі больш за год таму — 11 лістапада, яго збівалі і здзекаваліся, а пасля абвінавацілі па трох артыкулах крымінальнага кодэксу. У выніку прадстаўніку анархісцкага руху прысудзілі пяць гадоў зняволення.