Леанід Судаленка з-за кратаў: «Ідзе 12-й месяц майго палону»
«Пасля апеляцыі ў мяне якраз такі роўна палова тэрміну застаецца — 1,5 года. Не падвяло б здароўе», — напісаў у лісце палітвязень-праваабаронца.

Палітзняволены кіраўнік Гомельскай філіі "Вясны" Леанід Судаленка павіншаваў са святамі каманду АГП і распавёў пра свае справы, паведамляюць праваабаронцы.
«Віншую з надыходзячымі Калядамі і Новым годам! Вясёлага настрою ўсім, спадзяюся наступны год прынясе ўсім нам лепшыя навіны і падзеі!
Пра сябе. Я ў парадку. Ідзе 12-й месяц майго палону. 14/01 беларуская Феміда разгледзіць мае прэтэнзіі на прысуд. Далей не зазіраю, ды і няма чаго, час зараз такі. Пасля апеляцыі ў мяне якраз такі роўна палова тэрміну застаецца — 1,5 года. Не падвяло б здароўе, маральна я гатовы да такога развіцця падзей. Усім прывітанне!»

Нагадаем, 3 лістапада праваабаронцу Леаніда Судаленку асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: нібыта за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК) і «навучанне і падрыхтоўку асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванне ці іншае матэрыяльнае забеспячэнне» (ч. 2 арт. 342 КК). Суд праходзіў у закрытым ад грамадскасці рэжыме.
Леанід Судаленка быў прызнаны палітвязнем.

Падтрымайце Леаніда лістамі і паштоўкамі:
Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А
Леаніду Леанідавічу Судаленку