20-гадовы палітвязень Арцём Баярскі моцна хварэе ў турме

Палітвязень Арцём Баярскі моцна хварэе ў турме, але яму адмаўляюцца рабіць тэст на каронавірус. Лекар прызначыў яму пасцельны рэжым.

Арцём Баярскі. Фота: spring96.org

Арцём Баярскі. Фота: spring96.org


У Арцёма ломіць цела, баліць галава, другія суткі трымаецца тэмпература, ён не адчувае пахаў. Але дыягназ «каронавірус» яму не ставяць, як і адмовіліся браць у хлопца аналіз на каронавірус. Турэмны доктар прызначыў Арцёму пасцельны рэжым, але, нягледзячы на гэта, хлопца ў такім стане хочуць этапаваць з «Валадаркі». Магчыма, у калонію альбо ў Жодзіна.
Гродзенца Арцёма Баярскага 9 снежня асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суддзя Алена Шылько назвала хлопца вінаватым у стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» (нібыта ён адміністраваў Telegram-канал і чат «Мая краіна Беларусь») і ва ўдзеле «у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Суд быў закрытым.
На гэты прысуд была пададзеная скарга. Арцём яшчэ чакае вынікаў і пакуль застаецца ў СІЗА №1 на Валадарскага.