Да пяці гадоў калоніі асудзілі палітзняволенага экс-студэнта Арцёма Баярскага

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома толькі, што Арцёма абвінавачвалі ў адміністраванні тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь" і тэлеграм-чата "Я выхожу/МКБ", а таксама ва ўдзеле ў Маршы "Народнага ультыматуму" 25 кастрычніка мінулага года, паведамляюць праваабаронцы.

35f4cc0fc909af3813c712e4cf2f33e7_1400x850.jpg

У Мінскім гарадскім судзе сёння, 9 снежня, агучылі прысуд 20-гадоваму палітзняволенаму Арцёму Баярскаму. Суддзя Алена Шылько прызнала экс-студэнта другога курсу хімфака БДУ вінаватым у стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем і ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і асудзіла да пяці гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Сам суд праходзіў у закрытым рэжыме па хадайніцтву пракуроркі Вольгі Дындзілевіч. Вядома толькі, што Арцёма абвінавачвалі ў адміністраванні тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь" і тэлеграм-чата "Я выхожу/МКБ", а таксама ва ўдзеле ў Маршы "Народнага ультыматуму" 25 кастрычніка мінулага году. За кратамі хлопец утрымліваецца восем з паловай месяцаў.

Пераслед, які зацягнуўся больш чым на год. Што вядома пра Арцёма Баярскага?

20-гадовы Арцём Баярскі, ураджэнец Гродна, да затрымання вучыўся на хімічным факультэце БДУ. Ён чатыры разы станавіўся стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі і адораных студэнтаў і навучэнцаў. Год таму пасля Маршу пенсіянераў яго жорстка затрымалі, збілі і арыштавалі на 15 сутак паводле “народнага" артыкулу 24.23 КаАП. У сваім дзённіку Арцём падрабязна апісаў збіццё ў Ленінскім РУУСе:

"Калі завялі ў бус, мяне адразу ж пачалі біць. Білі ў асноўным кулакамі па твары, таксама закранула левую руку і левы бок. Паставілі сіняк пад левае вока, таксама быў моцны боль у раёне левай скроні. Невядомыя ў чорным патрабавалі назваць, дзе я жыву і вучуся, адначасна абсыпаючы мяне тумакамі і круцячы пальцы. Потым на двух пальцах быў моцны ацёк і яны балелі. Пакуль везлі ў РУУС, у мой бок сыпаліся рознага роду пагрозы, абразы. Пагражалі, што адлічаць з універсітэта і я пайду ў войска. Пыталіся, ці пенсіянер я і навошта хаджу на іх маршы. Сцвярджалі, што я праплочаны. Я вырашыў згаджацца з усім іх славесным патокам. Здаецца, гэта некалькі супакойвала іх злосць, і яны пераставалі мяне біць. У мяне знайшлі сцяг Хабараўска, зрабілі ў ім дзірку і напялілі яго мне на галаву. У такім "уборы" мяне даставілі ў РУУС Ленінскага раёна. Калі я выйшаў з буса, адчувалася, што ў мяне вока было прыпухлым і вельмі моцна балела галава. Пасля дастаўкі ў РУУС і да канца маіх сутак больш фізічнага гвалту да мяне не ўжывалася".

Збівалі ў ГУБАЗіКу, каб атрымаць паказанні

Другі раз Арцёма затрымалі сёлета напярэдадні Дня Волі — 24 сакавіка. Раніцай у інтэрнат да яго прыйшлі сілавікі — падставай стаў бел-чырвона-белы сцяг, які, паводле іх інфармацыі, хтосьці вывесіў у пакоі. Усіх студэнтаў паклалі на падлогу і ў кайданкі, але забралі толькі Арцёма. Яго арыштавалі спачатку адміністрацыйна. Яго асудзілі 25 сутак па арт. 24.23 КаАП, але потым выставілі абвінавачванне па крымінальным артыкуле за «стварэнне або кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем». З Арцёма запісалі «пакаяльнае відэа», дзе ён прызнаецца ў адміністраванні тэлеграм-канал і чата «Мая краіна Беларусь» (Я выхожу/МКБ). Але вядома, што, каб атрымаць відэа для тэлеграм-канала прапагандыста Азаронка, дзе студэнт прызнаецца ў адміністраванні пабліка, Арцёма збілі: білі дубінкамі па спіне і ягадзіцах. Гэта падчас допыту 19 красавіка хлопец паведаміў адвакату.

Сам Баярскі патлумачыў на апытанні, што яго білі ў будынку ГУБАЗіК на вуліцы Рэвалюцыйнай, калі апытвалі, ці ён датычны да тэлеграм-каналу «Страйкам хімфаку». Паводле Баярскага, супрацоўнік ГУБАЗіК двойчы ўдарыў яго дручком па спіне паміж лапатак, адзін раз дручком па ягадзіцах. Потым ён загадаў хлопцу легчы на падлогу і тады яшчэ каля трох разоў ударыў яго па ягадзіцах.

«Калі Баярскі А. Ю. ляжаў на падлозе, супрацоўнік наступіў сваімі нагамі на ногі Баярскага А. Ю. у ніжняй частцы. Ад ягоных дзеянняў у Баярскага А. Ю. з'явіліся сінякі ў абшары ягадзіц», — гаворыцца ў пастанове адмовіць у завядзенні справы на супрацоўніка ГУБАЗіК.

Нягледзячы на тое, што экспертыза выявіла ў Баярскага сінякі на ягадзіцах, галёнках і плячы, Цэнтральны раённы аддзел СК адмовіў студэнту ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць аднаго з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа «Высоцкага В. В.»

27 кастрычніка, праз паўгода пасля затрымання Арцёма Баярскага і выстаўлення яму абвінавачвання па арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса, МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем тэлеграм-канал «Мая краіна Беларусь» і чат «Я выхожу/МКБ».

Падтрымка студэнта навуковай супольнасцю

4 чэрвеня стала вядома, што палітвязня адлічылі з хімфака БДУ. Але ў верасні Арцёма Баярскага залічылі на бакалаўрскую праграму "біятэхналогія" ў Каўнаскі ўніверсітэт Вітаўта Вялікага. Як толькі хлопец выйдзе на волю, ён працягне навучанне.

47 чальцоў Расійскай акадэміі навук напачатку лістапада падпісаліся пад адкрытым лістом з нагоды пераследу беларускага студэнта Арцёма Баярскага. Ліст адрасаваны генпракурору Беларусі Андрэю Шведу і старшыні Мінскага гарадскога суда Таццяне Тупік:

«З сакавіка 2021 года Арцём Баярскі знаходзіцца ў СІЗА. Яму не перадаюць падручнікі, не дастаўляюць лісты, не аказваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Асаблівую трывогу выклікаюць паведамленні аб тым, што ў зняволенні Арцём падвяргаўся збіццю.

Маладыя навукоўцы — будучыня навукі і будучыня дзяржавы. Мы просім суд вызваліць Арцёма Баярскага з-пад варты».

У чым яго абвінавацілі?

Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, але раней Следчы камітэт распавядаў пра абвінавачванні, якія ставіліся ў віну Арцёму. Згодна з матэрыяламі справы, са жніўня 2020 па сакавік 2021 года 20-гадовы Арцём Баярскі «адміністраваў адзін з найбуйнейшых Telegram-каналаў, прызнаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь экстрэмісцкім фарміраваннем і чат, які аб'ядноўвае студэнтаў спецыялізаванага факультэта вышэйшай навучальнай установы краіны. Абвінавачаны, кіруючы экстрэмісцкай супольнасцю, фармаваў яго склад, размяркоўваў ролі, вёў кантроль па інфармацыйным напаўненні рэсурсу і арганізоўваў удзел яго членаў у акцыях пратэсту.

З мэтай публічнага выказвання супрацьзаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, публікуючы заклікі да вядзення радыкальнай дзейнасці ў чатах мэсэнджара Telegram, малады чалавек падабраў удзельнікаў для выканання сваіх злачынных мэтаў.

У супольнасцях абвінавачваны навучаў метадам узаемадзеяння, спосабам непадпарадкавання законным патрабаванням праваахоўнікаў, пераконваў да здзяйснення канкрэтных супрацьпраўных дзеянняў і распаўсюджваў інфармацыю аб месцы збору ўдзельнікаў чата. Акрамя гэтага, ён асабіста ажыццяўляў кантроль за іх прыбыццём да прызначанага часу на запланаваныя ў сталіцы несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы, а таксама за вяртаннем з такіх.

Рэалізуючы свой злачынны намер, ён прымаў меры па згуртаванні і павелічэнні колькасці супольнасцяў — падтрымліваў іх маральна ў гутарках прыватнага характару, арганізоўваў правядзенне сумеснага вольнага часу, у тым ліку сумеснага распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў і пратэснай сімволікі, фарміруючы ў асобаў гатоўнасць і жаданне ўдзельнічаць у супрацьзаконных дзеяннях, калі гэта спатрэбіцца, а таксама стварэнню ў грамадзян пратэснага настрою». 

Гэтыя дзеянні Арцёма Баярскага кваліфікавалі па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем).

Акрамя гэтага, Баярскага абвінавачваюць у актыўным ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 25 кастрычніка мінулага года:

«Рухаючыся па праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама па вуліцах Арлоўскай, Сурганава і Багдановіча ў сталіцы, ён ігнараваў законныя патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, груба парушаў грамадскі парадак і выкрыкваў розныя лозунгі пратэснага характару. Акрамя гэтага малады чалавек наўмысна блакаваў шляхі транспартных камунікацый шляхам сумеснага выхаду з іншымі асобамі на праезную частку, маючы пры сабе сцяг, які выкарыстоўваўся як пратэсны сімвал». Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

 Паводле spring96.org