«Калі спатрэбіцца, палітзняволеных пачнуць расстрэльваць наўпрост у турмах»

Раман Халілаў — анархіст з Беларусі. На радзіме яго абвінавачваюць па 16 крымінальных артыкулах. Сам Раман праз пераслед ужо два гады жыве за мяжой. Але сілавікі, не маючы магчымасці арыштаваць актывіста, затрымалі яго маці Гаянэ Ахціян і завялі на яе крымінальную справу. Праваабаронцы прызналі жанчыну палітзняволенай.

photo_2021_12_08_22_02_00_1_logo.jpg

«Трымаецца бадзёра, віну не прызнае, адмаўляецца ад паказанняў»

26 лістапада ў Полацку ў кватэры маці Рамана Халілава Гаянэ Ахціян сілавікі выламалі дзверы і правялі ператрус. Саму жанчыну затрымалі спачатку па адміністрацыйным артыкуле за нібыта «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». А потым Гаянэ Ахціян увогуле стала падазраванай па крымінальнай справе (ч. 1 арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Вядома, што з Полацка яе перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. На першым допыце ў Мінску яе паспеў наведаць адвакат. На Акрэсціна ж адваката не пускаюць, таму актуальных навін пра стан маці сын не мае. Днямі праваабаронцы прызналі Гаянэ Ахціян палітзняволенай.
— Са словаў адваката, яна трымаецца бадзёра, віну не прызнае і адмаўляецца ад паказанняў. Такая анархічная школа, — знаходзіць сілы жартаваць актывіст.
Ён распавядае, што Гаянэ Ахціян нарадзілася ў Тбілісі. У 1990-х праз нестабільную палітычную і эканамічную сітуацыю ў Грузіі прыехала ў Беларусь. З тых часоў далейшае сваё жыццё Гаянэ звязвала ўжо з нашай краінай. Па словах Рамана, маці спакойна ставілася да поглядаў сына, але заўсёды перажывала за яго бяспеку, таму не адразу прыняла тое, што Раман звязаў сваё жыццё з анархічным рухам. Але паступова, асабліва да 2020 года, Гаянэ паразумелася з сынам. Да таго ж яна сама адседзела летась 11 сутак за ўдзел у адным з маршаў.
— Мама выхоўвала мяне на тым, што нельга крыўдзіць слабых, іх трэба абараняць. Неабходна да людзей ставіцца так, як ты хацеў бы, каб яны ставіліся да цябе. Нельга падманваць і здраджваць. І калі ты расцеш і бачыш, што навокал шмат несправядлівасці, міжволі пачынаеш задавацца пытаннем, што з гэтым рабіць. Мама расціла мяне чалавекам, нераўнадушным да несправядлівасці, і гэта паўплывала на маё станаўленне.

Гаянэ Ахціян пасля леташніх «сутак»

Гаянэ Ахціян пасля леташніх «сутак»


Пераследуюць таму, што анархіст

У працэсе свайго актывізму малады чалавек зразумеў: рана ці позна, калі на яго захочуць націснуць, яго родных могуць арыштаваць, збіць і нават забіць. Таму яны з маці разглядалі варыянт пераезду для яе.
— Дапускалі верагоднасць — не затрымання, а ператрусу. Бо ў маці Яўгена Жураўскага, аднаго з фігурантаў крымінальнай справы, дзе я з’яўляюся падазраваным, быў ператрус. Але паколькі яго маці нічога не інкрымінавалі і яе не затрымалі, я меркаваў, што так будзе і гэтым разам.

Скрыншот з відэа СК

Скрыншот з відэа СК

Ён прызнаецца: калі даведаўся, што маці затрымалі, адчуў злосць. Але нават падобныя эмоцыі Раман імкнецца накіраваць у прадуктыўнае рэчышча і не ўпадаць у роспач, а арганізаваць дапамогу для Гаянэ Ахціян і іншых палітзняволеных.
— Бо асноўная задача праціўніка — дэмаралізаваць, — тлумачыць ён.
Як зазначае Раман, яго выпадак — не ўнікальны. Сярод яго знаёмых актывістаў, якія з’ехалі з Беларусі, ёсць нямала тых, на каго спрабуюць уздзейнічаць праз сваякоў, што засталіся: у іх ладзяць ператрусы, затрымліваюць, аказваюць псіхалагічны ціск.
— Розніца хіба ў тым, што ў маім выпадку гэта было зроблена настолькі адкрыта і цынічна, яны (сілавікі. — НЧ) настолькі былі злыя, што ўжо нават не хавалі асалоды ад таго, што робяць.
Менавіта так Раман тлумачыць подпіс «Бацькі ў адказе за сваіх дзяцей» пад відэа з затрыманнем Гаянэ Ахціян у тэлеграм-канале, блізкім да сілавых структур.
— Але гэта не рыса менавіта беларускага рэжыму. Аўтарытарныя рэжымы вельмі часта звяртаюцца да такой тактыкі. Гэта бачна па Чачні, дзе сваякоў людзей, якія ўцяклі з краіны, прымушаюць выбачацца перад камерай і адмаўляцца ад сваіх родных. Тое ж самае было ў Савецкім Саюзе, калі праз данос на аднаго чалавека рэпрэсавалі цэлыя сем’і, і ў нацысцкай Германіі. Канешне, гэта недапушчальна.


Пераслед сваёй сям’і Раман Халілаў звязвае з даўняй нянавісцю беларускіх уладаў да анархічнага руху як досыць радыкальна арганізаванай палітычнай сілы. Так, да фігурантаў па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» (Раман таксама праходзіць па ёй падазраваным) Аляксандра Францкевіча і Акіхіра Гаеўскага-Ханады пры затрыманні ўжываліся катаванні, цяпер ім пагражаюць вялікія тэрміны.
— Гэта не спецыфічнае стаўленне да мяне. Але мяне лічаць дастаткова актыўным, да таго ж злосць сілавікоў звязаная з тым, што мне ўдалося сыйсці з-пад удара і працягваць нешта рабіць. Я дапамагаю з арганізацыяй варшаўскіх акцый, стараюся дапамагаць рабятам у зняволенні і агулам прымаць удзел у працягу хоць нейкага пратэста, няхай і за мяжой.

«Усе беларусы ў закладніках»

Самога Рамана Халілава абвінавачваюць па 16 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Гэта стварэнне альбо кіраванне злачыннай арганізацыяй, стварэнне ці кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем, распальванне расавай і рэлігійнай варожасці, заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы, арганізацыя масавых беспарадкаў. Апроч таго — шэраг канкрэтных акцый: марш недармаедаў у Брэсце ў 2017 годзе, некалькі падпалаў, апаганьванне збудаванняў, псаванне маёмасці, хуліганства... У сукупнасці актывісту пагражае да 20 гадоў зняволення. Нягледзячы на такое становішча спраў і тое, што яго маці цяпер, фактычна, у закладніках, Раман не збіраецца спыняць сваю дзейнасць.
— Мне дае моцы разуменне таго, што калі мы спынімся, сітуацыя лепшай не стане. Схема «мы супакоімся — і ўсіх нашых родных пакінуць у спакоі», ужо не працуе. Калі мы супакоімся, нашыя родныя, якія цяпер у турмах, атрымаюць вялізныя тэрміны і будуць сядзець іх да канца.
Вельмі часта за час пратэстаў гучала «рэжым перасёк рысу», «чарговае дно прабітае». Я прыходжу да высновы, што няма ніякага дна. Рэжым пойдзе абсалютна на ўсё. Калі ім гэта спатрэбіцца для ўтрымання ўлады, палітзняволеных пачнуць расстрэльваць наўпрост у турмах. Усе беларусы ў закладніках — гэта факт. І не таму, што мы нешта робім, а таму, што рэжым не кантралюе сітуацыю. І для яго частковая гарантыя таго, што сітуацыя будзе пад кантролем, — гэта няспынныя рэпрэсіі.

photo_2021_12_08_22_01_52_logo.jpg


Раман Халілаў перакананы: не варта моцна спадзявацца на тое, што праблемы беларусаў вырашыць нехта звонку. Па яго словах, рэпрэсіі ў дачыненні да кожнага — гэта толькі пытанне часу.
— Неўзабаве павінен наступіць момант, калі рызыка рэпрэсій ужо не будзе значыць нічога, бо яны адбудуцца ў любым выпадку — будзеш ты нешта рабіць ці не.

photo_2021_12_08_22_01_43_logo.jpg


Суразмоўца дапускае, што беларускі рэжым можа пачаць займацца і фізічным знішчэннем апанентаў за мяжой, проста пакуль у яго няма такой магчымасці. Таму Раман Халілаў жыве па прынцыпе: спадзявайся на што заўгодна, але рыхтуйся да горшага.
— Я хачу заклікаць падтрымліваць палітвязняў, бо гэтыя людзі пакутуюць за нашу агульную справу, не вешаць нос, рабіць усё магчымае, спадзявацца, верыць і імкнуцца да перамогі, — заключае Раман.