Як разумець «выкрыццё злачыннай анархічнай арганізацыі»?

Чацвёра анархістаў — трое хлопцаў і дзяўчына — сталі фігурантамі крымінальнай справы аб стварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзеле ў ёй, паведаміла раніцай 29 студзеня прэс-служба МУС Беларусі. Што стаіць за радкамі прэс-рэліза, тлумачыць Глеб Рубанаў, які сачыў за развіццём беларускіх анархічных рухаў і ініцыятыў з канца 90-х гадоў.

144726427_3592918807470926_4908508301361444811_o.jpg


У краіне ёсць шмат людзей, якія лічаць сябе анархістамі. Анархізм — форма палітычных поглядаў. Людзі, якія іх прытрымліваюцца, могуць удзельнічаць у нейкіх актыўнасцях (хто ў легальных, хто не зусім легальных). Могуць разам хтосьці з кімсьці, могуць паасобку. Нейкай "партыі анархістаў" не існуе. Фіксаванага сяброўства ў ёй — тым больш.
У суседняй краіне існуе (ці існавала раней) больш структураваная арганізацыя "Автономное действие" (потым "Революционное действие". Некаторыя (!) з беларускіх анархістаў раней дэкларавалі сваю афіляванасць з ёю і нават у пэўны момант быў створаны сайт "беларускага РД". Не ведаю дэталяў, але мяркую то было нешта кшталту "франшызы брэнду", без жорсткага падпарадкавання, модная штука ў актывісцкім руху ў свой час. Зразумела, гэта не робіць усіх беларускіх анархістаў чальцамі РД, але менавіта так спрабуе падаць сітуацыю МУС.
Каб было больш пераканаўча, прыпляцем фінансаванне ад Anarchist Black Cross (міжнародная валанцёрская сетка ўзаемадапамогі, у асноўным збірае данаты анархістам-палітвязням па ўсім свеце).
Прыпісаўшы ўсіх да адной арганізацыі, трэба кваліфікаваць яе як злачынную. Як?
Эўрыка! Давайце возьмем нізку разрозненых інцыдэнтаў, якія прыпісаны "чальцам арганізацыі" і прыпішам іх усёй арганізацыі.
За атаку на расійскую амбасаду ў 2010 годзе быў асуджаны анархіст Ігар Аліневіч і абвешчаны ў вышук М.Дубоўскі (зараз арыштаваныя па іншай справе).
За атаку на бабруйскі КДБ 2010 года быў асуджаны Яўген Васьковіч, які ўвогуле не абвяшчаў сябе анархістам , з ім яшчэ два чалавекі, адзін з якіх дэклараваў анархічныя погляды.
Падпал падатковай у Гомлі 2016 — не памятаю ці былі знойдзеныя падпальшчыкі ўвогуле.
Атака на суд у Кіеве 2016 года — увогуле не ясна, пра што гаворка. Магчыма, яе паспрабуюць прыпісаць Аляксандру Ф., які прыкладна ў той час жыў у Кіеве. Але без прысуду ўкраінскага суда выглядае блёкла.
Вынік?
Актывіст А. дзесяць год таму сеў у турму за Молатава ў амбасаду. А потым, вызваліўшыся, напрыклад, шчэ мяняўся ўлёткамі-літаратурай з актывістам B. Актывіст B., напрыклад, хадзіў на дэманстрацыі з актывісткай C. А тая адміністравала тэлеграм-каналы з актывісткай D.
Цяпер A, B, C, D можна садзіць па артыкуле "прыналежнасць да злачыннай арганізацыі", нават калі складу злачынства ў іхных дзеяннях няма.
Ну што, вось і "троцкистско-зиновьевский центр" маем.
З новым 1937 годам!