Што, калі БЧБ стане экстрэмісцкім?

Журналіст, а таксама рэдактар пабліка «Беларускі Данбас» Ігар Ільяш падзяліўся меркаваннем наконт імавернага развіцця падзей у дачыненні да БЧБ сцяга. 





«Такім чынам, Генпракуратура анансавала прызнанне нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім.

Такое рашэнне — цалкам лагічны крок на шляху ператварэння аўтарытарнай дыктатуры ў таталітарную. Менавіта гэтым ператварэннем Лукашэнка ўпарта займаецца апошнія паўгода і нават дзіўна, што рукі да нацыянальнай сімволікі ў яго дайшлі толькі цяпер. Зразумела, што ў рамках таталітарнай мадэлі дзяржавы нельга захоўваць двухсэнсоўны статус БЧБ-сцяга: гэта значыць з аднаго боку называць яго паўсюль фашысцкім, а з другога боку выкарыстоўваць незразумелы тэрмін «незарэгістраваная сімволіка». Зразумела, сцяг варта забараніць цалкам — тут Лукашэнка цалкам паслядоўны.
Толькі вось у рэальнасці ККД ад гэтак эфектнага ход будзе роўны нулю, на супрацьстаянне ўнутры краіны гэта ніяк не паўплывае.
Па-першае, дэ-факта бел-чырвона-белы сцяг у апошнія паўгода і так быў забаронены аж да шызафрэнічнага абсалюту. Вынішчэнне стужачак і высяканне бел-чырвона-белага лёду, пераслед за крамольны колер штаноў, парасоніка або бчб-зефірку... Ну куды ўжо больш? Прызнанне нацыянальнага сцяга экстрэмісцкім толькі спросціць бюракратычныя працэдуры для рэпрэсіўнай машыны. Цяпер міліцыі і суддзям не прыйдзецца нацягваць саву на глобус (кваліфікаваць зефірку як масавую акцыю пратэсту), а можна будзе адразу пераследваць іншадумцаў за распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі. Толькі і ўсяго.
Па-другое (як бы гэта не парадаксальна гучала), чым шырэй ПРАСТОРА забароненага, тым прасцей выказваць пратэст і тым складаней кантраляваць забароны. І наадварот. Калі ў краіне трэнд на «адлігу» і «мяккую беларусізацыю» , то можна дазволіць некалькім дзясяткам тысяч чалавек з нацыянальнай сімволікай збірацца на «БНР-100» ля Опернага тэатра, бо ў рамках падобнага дыскурсу гэта не пратэст. Пратэст — гэта некалькі сотняў чалавек на паралельнай несанкцыянаванай акцыі на плошчы Якуба Коласа. З сотнямі прасцей змагацца, чым з дзясяткамі тысяч. Цяпер жа любое спалучэнне чырвонага і белага будзе лічыцца пратэстам не толькі дэ-факта, але і дэ-юрэ. І калі кожны падобны акт пратэсту не будзе пераследвацца, то гэта стане дэманстрацыяй слабасці самой жа сістэмы. А адсачыць кожны такі акт фізічна немагчыма.
Аднаго жадання пабудаваць таталітарную дзяржаву мала — патрэбны яшчэ і рэсурс. Сацыяльны і эканамічны. А такога рэсурсу ў рэжыму Лукашэнкі няма. Гэта значыць сістэма ставіць перад сабой загадзя невыканальную задачу.
У рэальнасці прызнанне БЧБ-флага экстрэмісцкім пацягне за сабой толькі адно істотнае наступства: гэта будзе канчатковы прысуд чырвона-зялёным сцягу. Тэрор 2020-2021 гадоў і так фактычна пазбавіў яго будучыні. Але цяперашняя атака на бел-чырвона-белы сцяг стане апошнім цвіком у вечку труны. З ілюзіяй магчымасці мірнага суіснавання двух сімволік будзе скончана. Пасля падзення рэжыму Лукашэнкі чырвона-зялёны сцяг не проста перастане быць дзяржаўным — ён, цалкам верагодна, апынецца пад забаронай. Пад уздзеяннем грамадскіх настрояў падобнае рашэнне прыме любы, хто прыйдзе да ўлады пасля Лукашэнкі. І такая забарона не выкліча ніякіх пратэстаў»
Паводле Беларускага Данбасу