Петыцыю супраць вызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім падпісалі ўжо 20 тысяч чалавек
На сайце petitions.by працягваецца галасаванне супраць вызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. Наплыў жадаючых вялікі, таму старонка часам падвісае. Аднак гэта не перашкаджае імкліваму росту подпісаў. Ужо зараз іх колькасць дасягнула 20 тысяч.
Нагадаем, напярэдадні каля сотні беларусаў звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з заклікам забараніць бел-чырвона-белую сімволіку. На гэтай падставе Генпракуратура рыхтуе дакументы для абвяшчэння сцяга і іншай сімволікі ў бел-чырвоных колерах экстрэмісцкімі.
У адказ Каардынацыйная рада стварыла петыцыю супрацьлеглага зместу. І яна менш, чым за суткі, сабрала ў 100 разоў больш подпісаў, чым жадаючыя забараніць БЧБ-сцяг.
«Мы лічым, што забарона на выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі не абгрунтаваная нічым, акрамя палітычнага ціску на грамадзян, нязгодных з дзеяннямі ўладаў. Мы верым, што грамадзяне павінны мець магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя органы, патрабаваць прызнання пэўных кампаній, асобаў, колераў экстрэмісцкімі. Але мы дакладна ведаем, што забарона бел-чырвона-белай сімволікі — гэта не жаданне народа, а капрыз 100 чалавек», — гаворыцца ў звароце Каардынацыйнай рады.