Шрайбман: забараняючы БЧБ, улада гарантуе, што ён будзе дзяржаўным
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман выказаўся наконт ініцыятывы дзяржавы адносна вызнаннья бел-чырвонага сцяга экстрэмісцкім.
«Забарона БЧБ і прызнанне яго экстрэмісцкім — важны крок да далейшай сакралізацыі сцяга, — піша Арцём Шрайбман. — Ён пачынаў 2020 год як сімвал нацыянальна-дэмакратычнай праслойкі грамадства — 15-20% ад сілы. Завяршаў ён гэты год як сімвал шырокага грамадзянскага пратэсту без прывязкі да сваёй гісторыі.
Цяпер ён становіцца сакральным сімвалам, забароненым плодам,
чымсьці, што будуць маляваць па начах на сценах, захоўваць у зацішных кутках і
ўсё больш эмацыйна прывязвацца да гэтага знака.
Недаацэньваючы яго папулярнасць, улада адразае яшчэ адзін
шлях да кампрамісу, выносячы мільёны сваіх апанентаў у поле крыміналу ўжо не
толькі за іх дзеянні, але і за іх маркеры.
Чырвона-зялёны сцяг заўсёды меў больш вялікую падтрымку, чым
беларуская ўлада і дакладна мог яе перажыць. Цяпер грамадству прапануюць
падзяліцца. Сядзець побач з чырвона-зялёным сцягам — цяпер праява палітычнай
пазіцыі.
Такая палітызацыя сімвала і яго прывязка да канкрэтнай
пазіцыі — шлях да таго, што сыход улады будзе азначаць і сыход і яе атрыбутаў
разам з ёй. Чырвона-зялёны сцяг меў шанцы не стаць такім атрыбутам, але зараз
сапраўды стане.
Забараняючы БЧБ, улада гарантуе, што ён будзе дзяржаўным,
паколькі гэта зараз не субкультура. Важны дзень.
P. S. Калі сярод маіх падпісантаў ёсць тыя, для каго гэта сімвал калабарацыянізму, будзьце паслядоўныя: назавіце нацысцкімі усе сімвалы, якія выкарыстоўвалі калабаранты — расійскі трыкалор, сцягі Бельгіі і Францыі і многія іншыя. Затым можна абвясціць нацысцкімі штаны і кашулі, таму што ўсе нацысты іх насілі».