Слоўнік рэвалюцыі. Паглядзіце, якія сцягі стварылі беларусы падчас пратэстаў у сваіх гарадах, раёнах і мястэчках

Мясцовыя грамады адраджаюцца пад сваімі новымі сцягамі. Іх мова пераважна беларуская. І несавецкая. Пра Volnaje Kalcova, «Квадрат (Кузьмы) Чорнага», вуліцу MUSKоўскую ды іншы моўны крэатыў на сцягах сучасных беларусаў распавядае «Свабода».

7f428fde_91df_4b6c_818f_ed18792812cd_w1023_r1_s.webp

Сцісла:

Беларуская мова на новых сцягах пануе. У Мінску 2/3 сцягоў з надпісамі — па-беларуску, а калі лічыць і двухмоўныя, і чытаныя ў абедзьвюх мовах — то 77%. У Гродне з 16 сцягоў адзінаццаць маюць надпісы, усе па-беларуску.

Самы часты покліч на сцягах — Жыве Беларусь! Улюбёны эпітэт — «вольны», «свабодны»: Вольная Лошыца.

Нават «каляровыя» мясцовасці — Зялёны Луг, вуліца К. Чорнага — маюць бел-чырвона-белыя сцягі.

З'явіліся новыя аб’екты са сваімі імёнамі: Уруцкі Цмок, або «Змагарыч»; Квартал Праўды; Плошча Пераменаў.

Назвы стандартнага расійска-савецкага набору пераасэнсоўваюць як шарады: МАСКоўская ад Ілана Маска. Або праз пераноснае значэнне: ружачка як аскепак бутэлькі для раёну Розы Люксэмбург.

Аднайменныя мэмарыяльныя назвы вуліц, не ўласцівыя нашай тапаніміі гістарычна, перарабляюць у назвы «паселішчаў»: Volnaje Kalcova.

Наступны тэкст — пра вяртанне гістарычнай памяці ў мове сцягоў.

У выглядзе дваровых і раённых супольнасцяў адраджаюцца мясцовыя грамады — правобраз будучых самаўрадаў. Яны ствараюць свае сцягі — на аснове нацыянальнага бел-чырвона-белага палотнішча, але з дадатковымі выявамі, часта з назваю раёну.

Валатава, Гомель

Валатава, Гомель

Сцягі прайшлі баявы хрост, выконваючы спрадвечную задачу: збіраць сваіх, даць знаць, што Кальварыя і Дуброўка, Бíлёва і Валатавá, Фарты і Казіміраўка трымаюцца. Унікальны феномен у наш час, але папраўдзе адноўленая старажытная традыцыя: яшчэ ў Грунвальдзкай бітве былі мясцовыя харугвы (вайсковыя адзінкі ды іх знакі), былі яны і ў пазнейшых паўстанцаў.

Харугва паспалітага рушання Слонімскага павета (1588-1633, 1747)

Харугва паспалітага рушання Слонімскага павета (1588-1633, 1747)

(І тады за аснову бралі агульнадзяржаўную сімволіку — харугву з Пагоняй.) Паводле сярэднявечнай традыцыі Сяржук Сокалаў-Воюш пачаў пісаць на новыя сцягі хваласпевы-«епіґрамы».

Так разам з дэмакратычнай свядомасцю адраджаецца нацыянальна-гістарычная, мясцовы патрыятызм — частка агульнабеларускага. Спадзяюся, знакі на сцягах ужо аналізуюць мастацтвазнаўцы, геральдысты і антраполагі (у заходнім значэнні тэрміну).

Якое месца ў новай сімволіцы свабоды заняла беларуская мова?

Мова як знак: мы свае і мы тут

Значная частка мясцовых сцягоў сабраная тут, у тым ліку варыянты. (Скажам, у мінскім Зялёным Лузе было галасаванне, нават у два туры, але нешта пайшло не так, вынікаў не падвялі, хто які сцяг зрабіў — той і носіць.)

Сцяг Новай Баравой

Сцяг Новай Баравой

Вось жа ў Мінску 312 сцягоў (лічым разам з Новай Баравой і Копішчам — гэта важная частка вольнага мінскага духу). З іх 224 з надпісамі. Тэксты па-беларуску маюць 150 сцягоў, па-расійску — 51, два двухмоўныя (па-беларуску і па-расійску), 21 чытаюцца на абедзьвюх мовах (напр. Каменная Горка — але з рознымі націскамі ў першым слове). То бо ў сталіцы 2/3 сцягоў з надпісамі — па-беларуску. А калі лічыць двухмоўныя і «амбівалентныя» — то 77%.

Сцяг вуліцы Янкі Купалы ў Брэсце

Сцяг вуліцы Янкі Купалы ў Брэсце

У Брэсце 25 сцягоў, восем па-беларуску, дзесяць па-расійску, чатыры з «амбівалентнымі» надпісамі. Гэта адзіны вялікі горад, на чыіх сцягах беларуская мова пакуль не пераважае. Затое ў Баранавічах адпаведна сем па-беларуску на адзін па-расійску.

У Магілёве з 20 сцягоў 9 маюць беларускія надпісы, 8 — расійскія; у Віцебску падобная «раўнавага»: з 18 сцягоў 8 беларускамоўных, 7 па-расійску, 2 двухмоўныя. А ў Гомелі (хоць таксама ўсход) з 18 сцягоў па-беларуску аформілі 9, па-расійску 2, яшчэ два чытаюцца на абедзьвюх мовах.

Сцяг Бабруйска

Сцяг Бабруйска

У Бабруйску 27 сцягоў, падпісаныя: 20 па-беларуску, 5 па-расійску. Урэшце, у Гродне з 16 сцягоў адзінаццаць маюць надпісы, усе — па-беларуску. І на сцягах меншых гарадоў, мястэчак і вёсак, незалежна ад рэгіёну, яўна пануе і сімвалізуе імкненне да свабоды беларуская мова.

Галоўнае слова — воля

Дэвізы былі на харугвах паўстанцаў, на сцягу 1-га Слуцкага палку БНР («Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына»).

 

Сцяг Першага Слуцкага палку, 1921

Сцяг Першага Слуцкага палку, 1921

Сцяг ваколіцы Плошчы Перамогі, Мінск

Сцяг ваколіцы Плошчы Перамогі, Мінск

І на новых сьцягах бачым споклічы. Прадказальна самы папулярны — Жыве Беларусь! Ён на сцягах брэсцкай вуліцы Янкі Купалы, мінскіх Малінаўкі і плошчы Перамогі — выкладзены літарамі на вядомым месцы, на дахах за абеліскам.

Шпалерная — «Тэрыторыя годнасці»; мінская Масюкоўшчына выбрала «І правасуддзе для ўсіх»; мікрараён Чкалаўскі — «Цягнік у светлую будучыню». Чыгуначны раён Віцебску: «Верым. Можам. Пераможам». У Брэсце «Цэнтр з Народам!» А «Мудрасць на варце Айчыны» — спокліч «маршу Мудрасці», калі выходзяць пенсіянеры.

Сцяг Стаўбцоў, зямлі Якуба Коласа

Сцяг Стаўбцоў, зямлі Якуба Коласа

Людзі ганарацца каранямі:

Лепель — «Для партызанаў», Лепель — «Край легендаў і герояў» (ілюструе спокліч Лепельскі Цмок).

Стаўбцы: «Я/мы з Новай Зямлі».

Выбітныя землякі не толькі ў гісторыі: «Прыгажуня з Забароўя — Міс Беларусь назаўжды», — напісалі пра Вольгу Хіжынкову жыхары вёскі Лепельскага раёну.

Калі да назвы паселішча дадаюць эпітэты — то звязаныя са свабодай. У Мінску гэта:

Вольная Тучынка,

Вольная Лошыца,

Вольны Захад,

Rīga — вольны раён,

Сокал — Вольны мікрараён,

КамВольная Грамада (на сцягу, які апяяў Сяржук Сокалаў-Воюш, — выява знішчанай мазаікі ў ПК)

Сцяг ваколіц Камвольнага

Сцяг ваколіц Камвольнага

Урэшце «Квартал Вольных Коцікаў — Я гуляю» (вуліца Кузьмы Чорнага) і нават «Вольная Біржа» (ваколіца рэштак клуба сілікатнага камбінату; клуб некалі звалі «біржай», бо там у савецкі час ішоў нелегальны гандаль).

А таксама «Вольная Гародня»; «Смілавічы — прастора свабоды»... Але калі гэта і не напісана на сцягу, вольнымі пачуваюцца ўсе.



Сцяг Смілавічаў, радзімы Хаіма Суціна

Сцяг Смілавічаў, радзімы Хаіма Суціна

Бел-чырвона-белы Зялёны Луг

Сцяг Зялёнага Лугу, Мінск

Сцяг Зялёнага Лугу, Мінск

Здаецца, толькі ў Зялёным Лузе нехта з народных вексілолагаў прачытаў тапонім літаральна: маўляў, зялёны колер мусіць быць на сцягу. Ці то на бел-зялёна-белым, ці то з палоскай або іншаю дэталлю. Але народныя масы ідэю адхілілі: надта ж спецыфічная роля зялёнага ў гісторыі Беларусі апошніх месяцаў.

Сцяг жыхароў вуліцы Кузьмы Чорнага, Мінск

Сцяг жыхароў вуліцы Кузьмы Чорнага, Мінск

І варыянты сцяга ваколіц вуліцы Кузьмы Чорнага ў Мінску — з словамі «Белы. Чорны. Белы» і «Квадрат Чорнага» — таксама чырвонага колеру.

Беларускіх колеравых прыметнікаў людзі хочуць, нават калі назва мясціны не ад колеру. На сцягу мінскага Краснага Бору (як і вуліца ў цэнтры, ён названы не ад колеру, а бо прыгожы) надпіс «Чырвоны Бор». На палотнішчы «БЧБельского» беларуская абрэвіятура колераў спалучаецца з расійскай назвай вуліцы.

Цмок наш

З'яўляюцца новыя імёны гарадзкіх аб’ектаў. Раней мала каму вядомы трохгаловы цмок — жанравая скульптура недалёка ад Парку камянёў у мінскім Уруччы — зваўся «Змей Горыныч», а кампанію яму прадказальна складала «Царевна-Лягушка».

c_1.jpg

Але ён быццам наноў нарадзіўся, калі мясцовыя людзі па-мастацку памалявалі яго ў белае і чырвонае. Вакол Цмока віруе свабоднае жыццё, заслужана трапіў ён і на ўруцкі сцяг. Нехта назваў яго Змагáрыч. Але выявілася, што ў век пісьмовай камунікацыі можна памыліцца з націскам.

І вось прыяжджаюць на Цмокаву гару, скажам, майстры агнявога шоу і вітаюць Цмока: Змагары́ч! (мо праз сугучча з расійскім «магарыч»?) То лепей ужо проста — Уруцкі Цмок.

Мой двор — мой пляц

Сцяг Кварталу Праўды, Мінск

Сцяг Кварталу Праўды, Мінск

Назвы савецкага рэпертуару, утвораныя ад агульных назоўнікаў, пераасэнсоўваюць. Жыхары праспекту імя Ленінскай газеты дасталі слова з двукоссяў і вярнулі яму змест, назваўшы свае двары і ваколіцы Плошча Праўды, Квартал Праўды.

Насельнікі праспекту Пераможцаў, калісьці нейтральнай Паркавай магістралі, стварылі новы тапанімічны аб’ект — Плошчу Пераможцаў (мікрараён Ржавец/Лебядзіны). А як альтэрнатыва «плошчы Дзяржаўнага сцяга» каля вядомай рэзідэнцыі з'явілася Плошча Сцяга ў квартале «Каскад» на Кальварыйскай, і сцяг там зусім іншы.

Сярод новых пляцаў самую трагічную гісторыю мае Плошча Пераменаў на Сморгаўскім тракце. Несумненна, новы тапонім навечна застанецца на карце сталіцы, як і імя Рамана Бандарэнкі.

Ах, не любіш Савецкі раён? (То палюбіш Савецкае РУУС!)

Сцяг Перша-Майскага раёна, Мінск

Сцяг Перша-Майскага раёна, Мінск

У Беларусі 24 гарадзкія раёны, але новых сцягоў гэтых фармальных утварэнняў мала. Выключэнні — Кастрычніцкі і Чыгуначны раёны ў Віцебску, Завадзкі ў Мінску (два апошнія прынамсі з прымальнымі назвамі), а на сцягу мінскага Першамайскага — першы нумар на майцы.

Ілан Маск, ратуй беларускую тапанімію

У цэнтры кожнага савецкага горада быў (і ў большасці беларускіх гарадоў застаўся) кананічны спіс вуліц: Камуністычная, Леніна і г.д. Таксама і Маскоўская — у гонар «столицы нашей Родины», прычым незалежна ад тапаграфіі. Абодва мінскія ўрбанонімы, звязаныя з Масквой, — вуліца і станцыя метро — не выконваюць арыентацыйнай функцыі. Вуліца, праўда, названая яшчэ за царамі — ад колішняга вакзала Маскоўска-Берасцейскай чыгункі (прыблізна на месцы ст. Інстытут Культуры). Сам вакзал зваўся Берасцейскім, але вуліца ўсё адно Маскоўская (да савецкага быў расійскі імперскі тапанімічны канон). Кірунак на Маскву яна дакладна не паказвае.

Сцяг жыхароў Маскоўскай вуліцы, Мінск

Сцяг жыхароў Маскоўскай вуліцы, Мінск

Вось жа сярод пераасэнсаваных на сцягах гарадзкіх тапонімаў МАСКоўская кранае найбольш. Замест першых чатырох літар на сцягу нас натхняе позіркам Ілан Маск. Чыя вуліца? Ды яго, Ілана. Адпавядае беларускай прыметнікавай мадэлі прозвішчаў і назваў: Паўлюк — Паўлюкоўская, замак — Замкоўская. Крэатыўнасць жыхароў ды ўменне вырвацца з-пад стэрэатыпаў — на вышыні. Але ўсё ж хацелася б, каб вярнулася прыгажэнная спрадвечная назва ваколіц гэтай вуліцы ды яе самой — Добрыя Мыслі.

Дадам, што мінскія сцягоўнікі запрасілі таксама Гая Фокса на ролю патрона вуліцы Гая і Пірса Броснана (Джэймса Бонда) для пірсу ў Ратамцы.

Гульня ў шарады — дэсаветызацыя па-нашаму

Сцяг жыхароў вуліцы Кісялёва, Мінск

Сцяг жыхароў вуліцы Кісялёва, Мінск

Самая жыццярадасная дэідэалагізацыя тапаніміі — калі чытаюць імя ў назве літаральна, дзеляць на часткі. На сцягу вуліцы імя бальшавіка-беларусафоба Мяснікова (паводле гісторыка мінскай тапаніміі Івана Сацукевіча, гістарычны Каралеўскі Шлях) — кумпяк на костцы. У мінскай вуліцы імя камуністычнага дзеяча​ Кісялёва, гістарычнай Старажоўскай, на сцягу коцік, якога лепш не злаваць, а то «Кіся» будзе «Лёва».

Сцяг жыхароў ваколіц вуліцы Розы Люксембург, Мінск

Сцяг жыхароў ваколіц вуліцы Розы Люксембург, Мінск

Каларытны сцяг мінскага раёну Розачка — вуліцы Розы Люксембург. На ім зброя пралетарыяту (невядома, ці змагарка за 8 Сакавіка брала такую ў рукі), зробленая з бутэлькі з адбітым рыльцам. Ружачка. Слова ў беларускай форме прыйшло і ў сучасную беларускую літаратуру (знойдзем у Юр’я Станкевіча, Паўла Севярынца). Але некалі вернецца гістарычная назва ваколіцы — Пляшчанка.

А на сцягу вуліцы Панамарэнкі, таго самага, што прасіў Сталіна разабрацца з прафашысцкімі пісьменнікамі Купалам і Коласам, — мірная панама.

Сцяг вёскі Старына

Сцяг вёскі Старына

Зрэшты, гулліва пераасэнсоўваюць ці раскладаюць на часткі і традыцыйныя беларускія назвы. Смалявіцкія Ліпкі выбралі знакам ліпкі скотч. На сцягу вёскі Старына чыйсьці профіль і дуля яму ў нос: «Стары — На!». Пераасэнсаванне на мяжы фолу — Задворцы ў Брэсце.

Volnaje Kalcova

Аднайменных мэмарыяльных назваў вуліц (Куйбышава, Мініна) у нас не было, пакуль у гарадзкую тапанімію не ўмяшаліся чужыя ўлады пасля паўстання Каліноўскага. Дый назвы такія ў родным склоне (як скланяць-дапасоўваць? «Жыву на Някрасава» — гэта ж не месны склон, гэта абы-што), іх надта шмат, прычым у гонар асобаў, якія дачынення да Беларусі не маюць.

І вось гэты велізарны масіў савецка-расійскай тапаніміі пачалі стыхійна абеларушваць. У тым ліку граматычна.

Знак жыхароў вуліцы Кальцова, Мінск

Знак жыхароў вуліцы Кальцова, Мінск

У мінскім Зялёным Лузе —​ Volnaje Kalcova. Яно, паселішча, ніякага роду! Жыву ў Вольным Кальцове. Хоць ясна, што за саветамі назвалі вуліцу імем расійскага паэта Аляксея Кальцова, у пакеце з недалёкімі вуліцамі Някрасава, Чарнышэўскага, Бялінскага і заадно Ламаносава.

Сцяг вуліцы Шугаева, Мінск

Сцяг вуліцы Шугаева, Мінск

Яшчэ адно такое «сяло» — Шугаева (вуліца ў мінскім Уруччы, на ёй збудавалі дамы для амону насуперак нормам шчыльнасці і пратэстам жыхароў). Назву адпаведна пераасэнсавалі: шугаць — узлятаць, размахваць крыламі, лётаць з шумам, трапятаць; а Шуга! — вокліч адганяць птушак.

У мясцовых чатах па-расійску пішуць «Руссияново» і «Некрасово», «Лопатино» і «Алибегово». Дый «Окрестино» бытуе даўно, у будучыні трэба будзе адлучыць імя годнага чалавека ад гэтага змрочнага месца.