Міжнародны крымінальны суд адкрыў расследаванне па злачынствах рэжыму Лукашэнкі. Хронікі рэпрэсій, 12 сакавіка
Роўна пяць гадоў таму ў Гродне затрымалі журналіста-расследавальніка і аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына. Тым часам Міжнародны крымінальны суд адкрыў расследаванне па злачынствах супраць чалавечнасці, якія, як мяркуецца, былі здзейсненыя беларускімі ўладамі. Таксама стала вядома пра новыя прысуды, умовы ўтрымання палітвязняў і колькасць зняволеных у асаблівай рызыцы.

Міжнародны крымінальны суд адкрыў расследаванне па злачынствах супраць чалавечнасці
Міжнародны крымінальны суд адкрыў расследаванне па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці, якія, як мяркуецца, былі здзейсненыя ўладамі Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце суда.
На падставе папярэдняга аналізу прадстаўленых матэрыялаў пракуратура суда заявіла, што ёсць падставы меркаваць: частка злачынстваў была здзейсненая ў межах дзяржаўнай палітыкі і закранае тэрыторыю Літвы. Менавіта гэта дазваляе суду разглядаць справу, хоць Беларусь і не ратыфікавала Рымскі статут.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра дэпартацыю і пераслед людзей паводле палітычных матываў. Прадстаўленыя факты сведчаць пра сістэмны і маштабны характар такіх дзеянняў.
У заяве адзначаецца:
«Ёсць дастатковыя падставы лічыць, што прымусовыя дзеянні, якія прывялі да дэпартацыі, былі часткай курсу дзеянняў супраць рэальных або меркаваных апанентаў урада Беларусі і ажыццяўляліся ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай або дзеля яе рэалізацыі.
Упраўленне прыйшло да высновы, што меркаваныя злачынствы, здзейсненыя ўладамі, былі заахвочаныя або ўхваленыя на найвышэйшым узроўні».
Пяць гадоў таму быў затрыманы журналіст Дзяніс Івашын
Журналіста-расследавальніка і аўтара «Новага Часу» Дзяніса Івашына затрымалі ў сакавіку 2021 года пасля публікацыі чарговай часткі расследавання пра былых беркутаўцаў, якія працавалі ў мінскім АМАПе.
Жонка палітвязня Вольга Івашына згадала, як адбывалася яго затрыманне.
«У гэты час роўна пяць гадоў таму Дзяніса Івашына ўжо захапілі ў палон. Спачатку яго прывезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, а праз тры дні — у СІЗА гарадзенскай турмы № 1, якія на той момант знаходзіліся ў адным месцы.
Праз нейкі час нешаноўныя выдумшчыкі з ганебнай канторы, спрабуючы фэйкавай гісторыяй распаўсюдзіць свае прапагандысцкія выдумкі пра Дзяніса, самі ж апублікавалі фота моманту захопу нашага ваяра ў палон. Таму мы маем і фота непасрэдных выканаўцаў гэтага злачынства, хай сабе і ў масках.

У руках Дзяніса — той самы пакунак з лекамі для яшчэ жывой бабулі, да якой ён тады спяшаўся. Лекі нам пазней аддалі, а вось Дзяніса трымаюць у палоне дагэтуль.
Я ўпэўненая, што загад на арышт нашага ваяра ішоў наўпрост з Масквы. Менавіта таму яго дагэтуль не абмянялі ні на патрэбныя для рэжыму “плюшкі” падчас масавых вызваленняў палітвязняў, ні на злапаных у розных краінах шпіёнаў».
У гомельскай жаночай калоніі палітвязняў водзяць на спатканні асобна
У гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4 палітычных зняволеных водзяць на кароткатэрміновыя спатканні асобна ад іншых асуджаных.
Кароткатэрміновыя спатканні доўжацца да чатырох гадзін. Яны праходзяць у доўгім і вельмі вузкім пакоі без вокнаў, вентыляцыі і ацяплення. Узімку там вельмі холадна, а праз некалькі гадзін амаль няма чым дыхаць.
Перад пачаткам спатканняў сваякі стараюцца не піць ваду, бо ў прыбіральню адтуль не выводзяць. Адзіны варыянт — спыніць сустрэчу і вярнуцца дадому. Таму наведнікам раяць браць ваду з сабой.
Як высветліла MAYDAY TEAM, палітычных зняволеных, якіх у калоніі называюць «жоўтабірачніцамі», кантралёры водзяць на такія сустрэчы абавязкова асобна. Для іх складаецца асобны графік.
Памяшканне абсталявана вельмі сціпла: пластыкавая танная мэбля і мінімум неабходнага. Размова адбываецца праз тэлефонную трубку праз перагародку, але паміж самімі асуджанымі ніякіх бар’ераў няма — яны сядзяць проста побач.
Паводле крыніц, умовы для кароткатэрміновых і працяглых спатканняў (якія могуць доўжыцца да трох сутак) у жаночай калоніі № 4 — адны з найгоршых сярод усіх папраўчых калоній Беларусі.
Касметолага з Калодзішчаў асудзілі за «абразу Лукашэнкі» і «садзейнічанне экстрэмізму»
Вользе Корбут 46 гадоў. Яна родам з Ашмяншчыны, але апошнім часам жыла ў аграгарадку Калодзішчы Мінскай вобласці. У жанчыны ёсць сын.
Вольга займалася дэкаратыўнай касметыкай, абмяркоўвала яе ў сацсетках, праходзіла прафесійныя курсы і вебінары. У 2024 годзе яна планавала пайсці на курсы тэхнолагаў па дэпіляцыі.
Таксама жанчына была неабыякавая да праблем свайго раёна і цікавілася пытаннямі яго добраўпарадкавання, піша «Наша Ніва».
Вольгу асудзілі паводле:
— ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі);
— ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Дакладны тэрмін пакарання пакуль невядомы. Верагодна, жанчыне прысудзілі «хатнюю хімію».
Не менш за 168 палітвязняў у Беларусі знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы
Па стане на 12 сакавіка праваабаронцам вядома як мінімум пра 168 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.
Сярод іх:
• 60 чалавек з цяжкім станам здароўя;
• 37 чалавек у складаных сямейных абставінах — адзінокія або шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі;
• 26 чалавек ва ўзросце больш за 60 гадоў;
• 9 чалавек з ментальнымі расстройствамі;
• 8 чалавек з інваліднасцю.
Таксама ў гэтую лічбу ўваходзяць палітвязні, якія дыскрымінуюцца паводле розных падставаў: тыя, хто знаходзіцца ў інкамунікада, а таксама зняволеныя, якіх не вызваляюць нават пасля заканчэння тэрміну пакарання.