Генпракуратура распачала справу супраць гісторыка Кацярыны Ваданосавай. Хронікі рэпрэсій, 11 сакавіка
Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу супраць гісторыка і папулярызатаркі гісторыі Кацярыны Ваданосавай. Яе абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» за відэа на YouTube. Таксама ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі міжнароднай праваабарончай арганізацыі, у «спіс тэрарыстаў» дадалі 19-гадовага беларуса, а жонку слонімскага таксіста затрымалі за «лайк» у сацсетках.

Генпракуратура распачала крымінальную справу супраць Кацярыны Ваданосавай
Паводле Генпракуратуры, 39-гадовая мінчанка, знаходзячыся за межамі Беларусі, «на сістэмнай аснове вырабляла і размяшчала відэа ў форме асветніцкіх лекцый». У гэтых роліках, сцвярджае ведамства, яна «маніпулявала асобнымі фактамі з гісторыі краіны». Пры гэтым, будучы вядучай падкастаў, яна «пазіцыянавала сябе як кампетэнтная асоба, якая мае веды па ўказаным гістарычным перыядзе».
Пракуроры сцвярджаюць, што ў яе відэа ёсць «выдумкі, у якіх падазраваная гераізавала нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, уключаючы прадстаўнікоў нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фармаванняў, наўмысна ўслаўляла іх, а таксама здзейсненыя імі злачынствы супраць мірнага насельніцтва БССР». Таксама, паводле абвінавачання, яна нібыта ўсхваляла Вільгельма Кубэ.
Сама Кацярына Ваданосава пракаментавала гэта ў Facebook:
«У Беларусі супраць мяне ўзбудзілі крымінальную справу за ролікі “Трызуба і Пагоні” ад кампаніі “Будзьма беларусамі”. Ад пяці да 12 гадоў, між іншым. А ведаеце, за што? За рэабілітацыю нацызму! Спойлер: ніякай рэабілітацыяй нацызму я не займаюся, нават дома пад коўдрай.
Але гэта паказчык таго, што гісторыя Другой сусветнай вайны, ды і ўвогуле гісторыя як такая, калі яна выкладаецца не згодна з “лініяй партыі”, — гэта для іх злачынства. За гэта Алесь Пушкін развітаўся з жыццём. За гэта яны гатовыя судзіць нават мёртвых.
Значыць, гэта мае ўплыў на рэжым. Значыць, яны баяцца.
А мне баяцца няма чаго. У лукашэнкаўскай Белоруссіі ў мяне нічога і нікога няма. Толькі памяць, натхненне і мінулае, якое я вывучала і буду вывучаць як гісторык».
Жонку слонімскага таксіста затрымалі на 48 гадзін — за «экстрэмізм»
На сям’ю таксістаў у Слоніме працягваюць ціснуць з-за «лайка» пад відэа ў «Одноклассниках», пакінутага яшчэ ў 2016 годзе.
Цяпер мужчына распавёў, што на яго жонку завялі адміністрацыйную справу паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Пры гэтым, паводле яго слоў, ёй таксама пагражаюць крымінальнай справай. Мужчына мяркуе, што гэта звязана з тым, што яны падалі сустрэчны пазоў пра злоўжыванне з боку следчых.
Перадачу для жонкі ў яго не прынялі — сказалі, што яна «палітычная». Узяць дазволілі толькі пракладкі.
Мужчына спрабуе звярнуцца ў Слонімскую пракуратуру, але лічыць гэта малаэфектыўным і спадзяецца атрымаць дапамогу ў Гродне.
Паводле яго слоў, дома ў яго таксама чакаецца ператрус.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі міжнароднай праваабарончай арганізацыі
Гаворка ідзе пра Міжнароднае таварыства правоў чалавека (Internationale Gesellschaft für Menschenrechte / International Society for Human Rights).
Гэта міжнародная няўрадавая некамерцыйная праваабарончая арганізацыя. Яна мае кансультатыўны статус пры Радзе Еўропы і ўваходзіць у Камітэт па сувязях з няўрадавымі арганізацыямі пры гэтай структуры.
Арганізацыя была заснаваная ў Заходняй Германіі ў 1972 годзе.
10 сакавіка суд Горацкага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі» старонкі арганізацыі ў Instagram, X і Facebook.
Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі TikTok-старонкі «byaroza_info», «gomelnovosti33» і Telegram-канал «Marginez | Маргiнэз».
У «спіс тэрарыстаў» дадалі 19-гадовага беларуса
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў «спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У ім з’явілася яшчэ адно прозвішча.
Гэта 19-гадовы Уладзіслаў Варонін, асуджаны паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Раней МУС і КДБ сцвярджалі, што ён мае дачыненне да «экстрэмісцкіх фармаванняў» «Перт» і «ДУХ РУСИ».
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1425 чалавек.
680 з іх — беларусы.
За каментары ў інтэрнэце мужчыну завочна асудзілі да 6 гадоў калоніі
10 сакавіка Брэсцкі абласны суд вынес чарговы завочны прысуд па палітычна матываванай справе. 40-гадовага Дзмітрыя Баніту асудзілі за каментары ў інтэрнэце.
Іх кваліфікавалі адразу паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
— «распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК);
— «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК);
— «паклёп» (арт. 188 КК);
— «пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка» (арт. 364 КК);
— «распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя» (арт. 203-1 КК).
У выніку Дзмітрыю Баніту завочна прызначылі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама суд прызначыў штраф у памеры 1000 базавых велічынь — 45 000 рублёў.
Акрамя таго, яго пазбавілі вайсковага звання «малодшы сяржант запасу».
Палітычныя справы, новыя «экстрэмісцкія матэрыялы» і затрыманні працягваюць фіксавацца ў Беларусі амаль штодня.